Вадзяні́к 1 ’вадзяны’ (Яруш., Нік., Няч., БРС), вадзяны́ ’нячысты дух, які жыве ў рэках, азёрах’ (Сцяшк.), вадзяні́к, вадзяны́ ’дух-гаспадар у лесе’ (Інстр. II), вадзянікі ’тс’ (Касп.). Суфіксальны дэрыват ад вадзяны́ ’які знаходзіцца ў вадзе’; вынік універбізацыі словазлучэння вадзяны дух. Параўн. рус. водяной, укр. водний, серб.-харв. во̀дац ’тс’.
Вадзянік 2 ’вугал у хаце, дзе ставяць ваду і посуд’ (Шушк.). Суфіксальнае ўтварэнне ад вадзяны́ ’прызначаны для вады’. Параўн. балг. водни́к ’месца ў кухні, дзе вешаюць катлы з вадой’.
Вадзяні́к 3 ’драўляны коўш для вады’ (Серб.); ’чайнік’ (Мат. Гом.). Да вадзяны́. Параўн. укр. водяник ’посуд для вады’, водник ’хатняя дзежачка для вады’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)