Вадаме́ры, вадаме́рнікі ’мошкі ў выглядзе павукоў з доўгімі нагамі’ (КЭС; Інстр. II), вадаме́рка ’тс’ (КТС). Рус. водомерка ’Hydrometra, даўганожка, вадзяны павук’. Да вада і мераць.
Вадано́с 1 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 809); вадано́сы ’каромысел’ (ДАБМ, 821). Да вада і насіць.
Вадано́с 2 ’труцень’ (З нар. сл.). Назва звязана з народным уяўленнем аб трутнях: «трутні ваду носяць» (там жа, 206).
Вадапе́рыца ’Hottonia L.’ (Кіс.). Рус. водоперица ’шышняк, Myriophyllum’. Да вада і пяро.
Вадапо́й. Рус. водопой, укр. водопій, польск. wodopój, балг. водопой, серб.-харв. водо̀по̄ј ’тс’. Прасл. словаскладанне: *voda і *poi‑ti.
Вадаспа́д ’вадапад’ (Яруш.); ’месца, дзе вада ракі падае’ (Інстр. I). Складанае слова: вада + спадаць. Параўн. укр. водоспа́д ’тс’. Магчыма, паланізм у бел. мове: польск. wodospad, але серб.-харв. во̏допа́д.
Вадасхо́вішча. Калька з рус. водохранилище (Крукоўскі, Уплыў, 132).
Вадато́к ’плынь; рэчышча’ (КЭС). Рус. водоток, укр. водотока ’рэчышча патоку’. Складанае слова: вада + цячы.
Вадато́ча ’рэчышча’ (Др.-Падб.); ’пратока’ (Гарэц.). Ст.-рус. водоточа. Да вада і тачыць.
Вадато́чніца ’вадаём’ (Гарэц.). Да вадаточа (гл.) або вадаточны.
Вадгадунцы ’разгадкі’ (Гарэц.). Да гадаць (гл.). Словаўтваральная мадэль няясная.