Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ваво́й. Гл. навой.

Ваву́ла ’марудны чалавек’ (Нас.). Гл. вавуліць.

Ваву́ліць ’марудзіць, капацца’ (Нас.). Слова цьмянае. Можна меркаваць, што яно паходзіць ад рэдуплікацыі гукапераймальнага экспрэсіўнага выклічніка ва, якім абазначалася невыразнае маўленне. Значэнні ’марудзіць, капацца’ і іншыя маглі ўзнікнуць пазней на падставе першаснага. Да гэтага ж кораня трэба аднесці рус. ваулить ’гаварыць павольна, заікацца’, вавула, ваула ’маруда, заіка; неахайны чалавек’. Не выключана сувязь з гукапераймальным прыназоўнікам вава (гл.).

Ваг1 ’рычаг для падняцця цяжару’ (Клім.), вага ’ўмацаваная на сасе перакладзіна, якая служыць для даставання вады са студні’ (Юрч.); ’палка для ўскладання рознага цяжкага грузу на воз’ (Інстр. I); ’рычаг для падымання бярвення’ (Інстр. II). Да вага (гл.). Серб.-харв. ва̑г ’рычаг’ дазваляе меркаваць, што гэта значэнне з’яўляецца праславянскім.

Ваг2 ’від павіннасці пражай у час прыгону’ (Шатал.). Да вага. Форма м. р. можа быць вытлумачана ўплывам рус. вес.

Вага́ ’вага́; ва́гі; лоўкасць, сіла; важнасць’ (Шн. Песні, КЭС). Агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. wâga, н.-в.-ням. Wage ’вагі’. Гэта пашыраная версія выклікае, аднак, сумненне, паколькі для запазычання са ст.-в.-ням. зашырокі арэал распаўсюджання слова ў славянскіх мовах, параўн. рус. вага, укр. вага, польск. waga, в.-луж. waha, н.-луж. waga, чэш. váha, славац. váha, макед. вага, серб.-харв. ва́гаты ’ўзважваць’. Да ўсходніх славян слова прыйшло, відаць, праз польскую мову (Фасмер, 1, 263) разам з шэрагам новаўтварэнняў на польскай глебе і польскіх ка́лек нямецкіх слоў (Брукнер, 598–599). На беларускай глебе зараз суіснуюць шматлікія словы з гэтым коранем, але рознага паходжання — запазычанні, калькі, уласнабеларускія ўтварэнні і інш.: важыць, адвага, раўнавага, разважлівы, вагар, важкі, важны, падвага, стальвага і інш. Запазычаннем з польск. (і далей са ст.-в.-ням.) лічыў бел. вага Карскі (Труды, 310; Белорусы, 151). Гісторыю слова гл. Булыка, БЛ, 11, 73–74. Параўн. Міклашыч, 374; Уленбек, AfslPh, 15, 492; Кіпарскі, Gemeinsl., 267; Праабражэнскі, 1, 99–100; Гараеў, 37; Клюге, 393; Фік-Торп, 383; Махэк₂, 674; Голуб-Ліер, 500; Шанскі, 1, В, 5; Рудніцкі, 1, 288–289; Скок, 3, 558–559; Кюнэ, Poln., 112.

Вагава́ць1 ’баранаваць’. Балтызм. Параўн. літ. vagóti ’баранаваць’, vagà ’баразна’ (Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 32).

Ваґава́ць2 ’будзіць, падымаць са сну’ (зламоўн.) (Сцяц.). Гук ґ выбухны. Указанне на тое, што слова ўжываецца зламоўна, дазваляе меркаваць, што перад намі перанос значэння вагаваць ’з цяжкасцю ўзнімаць’ (< ваг ’рычаг’) > вагаваць ’падымаць са сну’ > ’будзіць’.

Вагаві́к ’той, хто ўзважвае і размяшчае грузы ў залежнасці ад іх вагі на чыгунцы’ (КТС). Да вагавы.

Вагаві́ла ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 809). Параўн. вага ’ўмацаваная на сасе перакладзіна, якая служыць для даставання вады са студні’ (Юрч.). Да вагаваць ’карыстацца рычагом’, вагаваць > вагавіла на ўзор тачыць > тачыла.

Вагаві́ты ’які мае значную вагу’ (КТС): «малы нарадзіўся здаровы і вагавіты». Да вага.

Вага́лка ’гушкалка’ (З нар. сл.). Да вагацца ’качацца, гушкацца’.