Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сяльні́к ’сяннік’ (Жд. 2, Янк. 1), сельні́к ’тс’ (Сержп. Грам., Пятк. 2), ’будынак для сена’ (ДАБМ, камент., 796), ’вышкі, гарышча’ (Ашм.). З сяннік (гл.) у выніку дысіміляцыі зычных.

Сяльча́нін разм. ’сельскі жыхар, селянін; аднавясковец’ (ТСБМ), ст.-бел. сельча́нинъ (?), параўн. Т. скл. сельча́ном (XVI ст., Карскі, 1–3, 147), рус. сельча́нин ’жыхар сяла’, стараж.-рус. сельчанинъ ’тс’. Дэрыват ад сяльцо́ ’невялікае сяло, пасяленне’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.) < сяло, гл. Адзначаецца экспансія ў сучаснай рускай мове фарманта ‑чане, ‑чанин у адтапанімічных утварэннях на *‑janinъ (Трубачоў, Этимология–1980, 4), што магло паўплываць і на пашырэнне такіх утварэнняў у беларускай мове, параўн. мінча́нін, гамяльча́нін. Менш верагодна другаснае ўтварэнне ад сяля́к ’селянін’ (Ласт.).

*Сялю́жка, селю́жка ’сцёртая манета’ (ТС). Гл. селяжок.

Сяля́ва ’рыба сямейства ласасёвых; рапушка еўрапейская’ (ТСБМ), ’рапушка, Coregonus albula L.’ (Касп., Жук., Сцяшк.), селя́ва, сяля́ўка ’тс’, ’сібель’ (брасл., ігн., Сл. ПЗБ), сіля́ўка ’тс’ (лід., шальч., лудз., Сл. ПЗБ), сіля́ва ’рыба накшталт селядцоў, што водзіцца ў вялікіх азёрах’, сіля́ўка ’ўклейка, дробная рыба’ (Нас.), сіля́ўка, селя́вка ’рыба верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (ТСБМ, Дэмб. 2, Жукаў). Укр. селя́ва ’шэмая дняпроўска-азоўская, Chalcalburnus’, рус. пск. села́ва ’верхаводка’, прыпары., кубан. селя́ва ’шэмая; від верхаводкі’, польск. sielawa ’сіг еўрапейскі, Coregonus albula L., верхаводка’. Слова без задавальняючай этымалогіі. Насовіч формы з пачатковым сі‑ выводзіў ад сіляць ’вудзіць’: силявочку силяець (Нас., 579), што з улікам фанетыкі і геаграфіі слоў успрымаецца як народная этымалогія. Дапускалі запазычанне з літ. seliavà ’сіг еўрапейскі’, salavà, sel(i)ovà, sélava, sèlava ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 19, 249), збліжэнне з фін. salakka ’верхаводка’ (Праабражэнскі, 2, 271; Карскі, Белорусы, 108). Супраць Фасмер (3, 594), які ўказвае на распаўсюджанне назвы на поўдні; да таго ж літоўскія формы па фанетычных прычынах не спрадвечныя (Буга, Rinkt., 1, 552), лічацца запазычаннямі са славянскіх моў (Фрэнкель, 774), або, прынамсі, іх балцкае паходжанне недастаткова аргументавана (Лаўчутэ, Балтизмы, 148), гл. падрабязней Анікін, Опыт, 275; ЕСУМ, 5, 210 з аглядам версій.

Сяля́к ’жыхар сяла’ (Ласт.). Параўн. ст.-польск. siodłak ’селянін’, рэдкае sedłak ’тс’, в.-луж., н.-луж. sedłak ’тс’, чэш. sedlák ’тс’, славац. sedliak ’тс’. Вытворныя ад прасл. *sedlo (гл. сяло), якія ў асобных славянскіх мовах выцеснілі першасныя формы, што ўзыходзяць да *sedlʼaninъ (гл. селянін), параўн. Трубачоў, Этимология–1980, 14. З іншай суфіксацыяй экспр. селю́к ’мужык, вясковец’ (Растарг.).

Сяля́не, мн. л. ад селянін (гл.): воны селяне, а ў Турові і Дворцэ — мешчане; селянье зборн. ’сялянства’ (ТС). Узыходзіць да прасл. *sedlʼane, вытворнага ад *sedlo (гл. сяло) з суф. — ‑ʼan, што абазначала аседлую, пераважна земляробчую групу насельніцтва (Трубачоў, Этногенез₂, 183).

Сяля́нка1 ’ідылія, пастараль’ (Некр. і Байк.). Запазычаю з польск. sielanka ’від паэтычнага твора, які ідэалізуе жыццё пастухоў і пастушак’, ’сялянскі побыт’, ідэнтычнага sielanka ’сельская жыхарка’ (гл. селянін), што паводле Брукнера (491), у сваю чаргу, запазычана з усходнеславянскіх моў. Калькуе лац. bucolica ’песні пастухоў’, pastoralis ’пастухоўскі’.

Сяля́нка2 (селя́нка) ’страва са смятаны, зваранай з маслам, у якую крышаць падсохлы сыр’ (кобр., Шн. 3). Параўн. рус. селя́нка ’гарачая поліўка’, польск. sielanka ’від яешні са смятанай’. Магчыма, у выніку семантычнай кандэнсацыі *сялянская страва; паводле Фасмера (3, 598), першапачаткова ’сялянская ежа’, гл. селянін, сяляне.

Сяля́ць ’есці’: сяляй, што паставілі (Бяльк.). Магчыма, фанетычны варыянт сіля́ць ’есці’ (гл.) або шматкратны дзеяслоў да сілі́ць ’падмацоўваць сілы ежай’ (гл.).

Сям у выразах: то там, то сям; там і сям ’у розных месцах, усюды’ (ТСБМ), сям‑там ’дзе-нідзе’ (ТС), ст.-бел. семо ’сюды’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сям, рус. там и сям, стараж.-рус. сѣмо, сямо, само, сѣмь ’сюды’, польск. дыял. siam, sam ’тут’, в.-луж., н.-луж., чэш., славац., палаб. sem, старое серб.-харв. sjemo, semo, славен. sẹ̀m, балг. само, ст.-слав. сѣмо. Прасл. *sěmo ўтворана пры дапамозе суфікса ‑mo ад займенніка *sъ ’гэты’; a на месцы e пад уплывам *tamo ’там’; Фасмер, 3, 826; Бернекер, РФВ, 48, 224–225. Бязлай (3, 226) прасл. *sěmo*sěmъ) выводзіць не непасрэдна ад займенніка, а ад прыслоўя *sě ’сюды’, параўн. славен. ’тс’, тоеснага з літ. šè ’тут’, лат. še ’тс’, якія Фрэнкель (990) звязвае з і.-е. указальным займеннікам *ḱi‑, прасл. *sь. На роднасць разглядаемых прыслоўяў з гэтым займеннікам указвае яшчэ Міклашыч (297), з чым пагадзіліся пазней і іншыя: Махэк₂, 541; Скок, 3, 188; ESSJ SG, 2, 606–607. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1281; ЕСУМ, 5, 497; ESJSt, 13, 805.

Сяма́к ’манета’ (Касп.), семак (симакъ) ’12 капеек’ (Нік. Очерки). Параўн. укр. дыял. сіма́к ’манета 7 капеек асігнацыямі або 2 капейкі срэбрам’, рус. дан. сема́к ’2 капейкі’. Вытворнае ад сем (гл.), параўн. Фасмер, 3, 598; што адлюстроўвае стары падлік на асігнацыі, які захоўваўся ў Віцебскай губерні (Нас., 577), з далейшай дээтымалагізацыяй.