Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сяйбі́т ’сявец, сейбіт’ (Некр. і Байк.). Гл. сейбіт, сяўбіт.

Ся́йва ’ззянне’: паўночнае сяйва (Спадчына, 1995, 6, 256). Назоўнік ад *сяць ’ззяць’, параўн. укр. ся́ть ’тс’; гл. ззяць2; сюды ж сʼа́јнуты, сʼайнути ’бліснуць, успыхнуць, прагарэць’ (аб дровах)’ (Клім.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.).

Сяйво́ ’россып; тое, што сыплецца’ (ТСБМ), ’пасяўная пара’, ’пыл’ (Сцяшк. Сл.). Вытворныя ад сеяць, гл.

Сяймі́га (сеймі́га) ’хутка, у адзін момант’ (Сцяшк.). Сцягненая форма выразу, што ўзыходзіць да спалучэння ўказальнага займенніка сей (гл.) з назоўнікам міг (гл.) у Р. скл. адз. л.

Сяк1 ’гэтак’ (Нас.), ’без прычыны, без патрэбы, так’ (мёрск., Нар. ск.), у выразах: сяк‑так ’з вялікай цяжкасцю, ледзь-ледзь’, ’ніштавата, памяркоўна’ (ТСБМ), ні сяк ні так (Федар. 4), сяк‑так, сяко‑тако ’абы-як’ (ТС); адсюль займеннік сякі́ ’гэтакі’ (Нас.), сякі́‑такі́ ’некаторы; які папала, нязначны, няважны’ (ТСБМ). Укр. сяк‑так ’абы-як’, сякі́й ’гэтакі’, рус. так-сяк, сяко́й ’тс’, стараж.-рус. сяко, сякъ ’гэтак’, польск. siak у спалучэннях ’не так, іначай’. Дэрыват з суфіксам ‑к ад займенніка *sь ’гэты’, утвораны па аналогіі з так (гл.). Слова не праславянскае, паколькі sj дало б тады š; гл. Міклашыч, 297; Фасмер, 3, 826; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 496 (з узнаўленнем прасл. *sjako), ESSJ SG, 2, 609–610.

Сяк2 ’плытагон’ (віц., Нар. лекс.), ’селянін Смаленскай губерні’: сякі́ гонюць ганкі ў Рыгу (Касп.). Відаць, мясцовае ўтварэнне на базе польск. flisak ’плытагон’ з адсячэннем пачатку слова і неарганічным змякчэннем зычнага.

Сякаво́ ’гэтак, такім чынам, абы-як’, ’вось гэтак (пра што-небудзь блізкае)’ (Стан.). Вытворнае ад сяк1, параўн. ст.-бел. сѧковъ ’гэтакі, бліжэйшы па часе’: к сѧкову веремени (Альтбаўэр), пра суф. ‑во гл. Карскі 2-3, 66.

Сяка́ла (сіка́ла) ’красала’ (Бяльк.). Гл. сякіла.

Сяка́р ’сякерка’ (Барад.), ’сякач’ (Жд. 2), се́кар ’тс’ (Сл. Брэс.). Ад сячы (гл.) з малапрадуктыўным суф. ‑ар, які ўтварае назоўнікі са значэннем ’прадмет, пры дапамозе якога выконваецца дзеянне’ (Сцяцко, Афікс. наз., 30; Вярхоў, Наз., 49), што, магчыма, сведчыць пра народнаэтымалагічнае пераасэнсаванне слова сякера, гл.

Сяка́ць ’смаркаць’ (Ян.), ся́каць ’тс’ (Сл. ПЗБ), ся́каты, ся́катэ ’смаркаць’ (кам., драг., Сл. ПЗБ; Нар. ск.); сняка́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ, Скарбы), часцей з прыстаўкай: высякаць ’высмаркаць’ (Янк. 2); сюды ж форма зак. тр. се́кнуць ’лінуць’ (ТС). Параўн. укр. ся́кати ’смаркаць’, рус. исся́кнуть ’высахнуць; вычарпацца’, стараж.-рус. сѧкнути ’тс’, польск. siąkać ’высыхаць; смаркаць’, в.-луж. sakać ’высыхаць, пераставаць цячы’, чэш. sákati ’паціху сцякаць, сачыцца’, славац. siahnuť ’перастаць цячы’, серб.-харв. усе́кнути ’смаркацца’, славен. usékniti se ’высмаркацца’, балг. се́кна ’перастаць цячы, высахнуць’, ’смаркацца’, дыял. со́кнам ’смаркацца’, макед. секне ’пераставаць цячы, высыхаць’, се секне ’смаркацца’. Прасл. *sęknǫti ’сачыцца; высыхаць’, роднаснае літ. sèkti ’апускацца’, лат. sĩkt‑ ’засыхаць’, с.-в.-ням. sîchte ’дробны’, ірл. sesc ’сухі, бясплодны’; да і.-е. *sek‑ ’сцякаць; пераставаць цячы’; гл. Фасмер, 3, 826; Траўтман, 256–257; Скок, 3, 216; Шустар-Шэўц, 1265; ЕСУМ, 5, 496; Глухак, 543; Борысь, 544.

Сяка́ч1 ’прылада для драбнення; разак’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Сержп., Грам., Ласт., Варл., Касп., Шат.), сека́ч ’тс’ (ТС). Да сячы (гл.), сюды ж са значэннем ’лесаруб, дрывасек’ (Варл., Стан.), даць секачоў ’пакараць’ (Ян.).

Сяка́ч2 ’дзік-самец’ (ТСБМ), сэка́ч ’дзікі кабан’ (стол., Нар. ск.). Да сячы (гл.), сячыся ’біцца’: із своім сечыса, рубайса, а з чужымі не мешайса (ТС), два вепры меж собою бьюцца, секуцца (Нас., БНТ, Загадкі).