Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сяке́ра ’прылада з лязом на тапарышчы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Сцяшк., Стан., Бяльк.), сякі́ра ’тс’ (Шымк. Собр., Стан.), саке́ра ’тс’ (Сержп. Грам., Янк. 2, Скарбы, ЛА, 2), соке́ра ’тс’ (ТС, ПСл, Шн., 3, Арх. Вяр.), сокі́ра ’тс’ (Булг.), сако́ра ’тс’ (Пятк. 2, Янк. 2, Скарбы). Укр. соки́ра, рус. секи́ра, стараж.-рус. секы́ра, сѣкыра, сокы́ра, ст.-бел. секера, секира, сокера, сокира ’прылада для сячэння і часання дрэва; зброя ў выглядзе сякеры’ (Корчыц, Даследаванні па літаратуры і мове. Гродна, 1967, 123), польск. siekera, в.-луж., н.-луж. sekera, чэш. sekyra, славац. sekera, серб.-харв. сѐкира, славен. sekíra, балг. секи́ра, макед. секира, ст.-слав. секыра. Прасл. *sekyra роднаснае лац. secūris ’сякера’, і далей, прасл. *sěkti ’сячы’, ст.-в.-ням. saga, sěga ’піла’; Мее, 410; Траўтман, 255; Вальдэ-Гофман, 2, 506; Торп, 424. Бязлай (3, 224) на аснове сербска-харвацкіх і шэрагу славенскіх формаў, а таксама (ст.)-ц.-слав. сѣкыра з доўгім вакалізмам узнаўляе яшчэ прасл. дублет *sěkyra, дзе даўжыня галосных тлумачыцца ўплывам *sěkti ’сячы’ (гл. Міклашыч, 290; Лекарцы, 895; Махэк₂, 540; Фасмер, 3, 592 і інш.), Варбат (Морфон., 91) — *sokyra (параўн. украінскую і старажытнарускую формы). Геаргіеў (LP, 4, 1953, 109) указвае на няяснасць словаўтварэння і падобнасць на асір. šukurru, ст.-яўр. šegōr ’сякера’; Слаўскі (SP, 2, 28) прасл. *sekyra, *sěkyra лічыць дэрыватамі з суфіксам ‑yra ад каранёў *sek‑: *sěk‑. Супраць запазычання з лацінскай (Брандт, РФВ, 24, 146 і інш.) або нейкай іншай індаеўрапейскай мовы Фасмер, там жа. Мартынаў (Язык, 86–87) разглядае як пранікненне з італійскіх моў у праславянскі перыяд. Гл. Шустар-Шэўц, 1281; ЕСУМ, 5, 345; ESJSt, 13, 798.

Сякі, звычайна ў спалучэннях сякі́‑такі́, такі́-сякі́ ’абы-які’ (Нас., Сл. ПЗБ), ’нядобры’ (Сержп. Прымхі, Пятк. 2). Гл. сяк1.

Сякі́ла ’сякач для крэсіва’ (паўн.-віц., Нар. лекс.). Дэрыват ад сек‑, параўн. рэдкае каранёвае се́каць ’сячы? (ПСл), гл. сячы, секці з інструментальным суф. ‑іла, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 42. Таго ж паходжання сяка́ла (сіка́ла) ’тс’, магчыма, пад уплывам краса́ла ’тс’ (гл.) або дзеяслова высяка́ць (агонь).

Ся́кля ’ез’, ’праломка’ (лід., Сл. ПЗБ), сяклі́ ’перагародка рэчкі нератам’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). З літ. sė̃klius ’мель’ (Сл. ПЗБ, 5, 68).

Сяле́дзя ’гатунак бульбы’, разам са сле́дзеўка, сле́дзя ’тс’ (Скарбы, Сцяшк. Сл.) суадносіцца са следзь ’селядзец’ (гл.), што семантычна цяжка патлумачыць. Аднак іншая форма назвы сяле́зя ’тс’, зафіксаваная на Гродзеншчыне (ЖНС), арыентуе на магчымую сувязь з рэгіёнам Сілезія (суч. польск. Śląsk) па мадэлі амерыка́нка, варшоўка і пад. назвы гатункаў бульбы. Магчыма, народнаэтымалагічным асэнсаваннем запазычання з’яўляецца се́льскіе дзе́ці ’гатунак бульбы’ (ТС).

Сяле́таць ’дзьмуць’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, таго ж паходжання, што і сялітаваць ’спяшацца’ (Касп.).

Сяле́тра. Гл. салетра.

Сялётка ’селядзец з ікрой’ у супастаўленні селядзецмалочнік (валож., мін., Сл. ПЗБ). З рус. селёдка ’селядзец’, параўн. селядзец (гл.); цікавае размежаванне па палавой прыкмеце сінонімаў у народнай мове, гл. і выпадак кантамінацыі запазычанага і ўласнабеларускага слова — селёдок: одзін селёдок з ікрою (ТС).

Сялі́ба ’населены пункт у сельскай мясцовасці (пасёлак, сяло і пад.)’ (ТСБМ), ’двор, месца з жылым памяшканнем і прыналежнымі да яго пабудовамі і агародам’, ’жытло, дамоўка’, ’пасяленне’ (Ласт.), ’селішча’, ’месца пасялення’ (Мядзв., Шн. 2, Нік., Оч., Сержп. Прымхі), ’сядзіба’ (Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Яшк., Бяльк.), сялі́бішча ’месца, дзе была сядзіба’ (Сл. ПЗБ). Да сяліць, па ўзору сядзіба (гл.) з суф. ‑іба, якому прыпісваецца балтыйскае паходжанне, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 130; Мартынаў, SlW, 66 і інш.; параўн. больш раннія формы сялі́дба (сели́дба) ’будоўля’ (Нас., Шымк. Собр.), ст.-бел. сели́дьба ’пасяленне’ (Козыраў, Очерки, 171), рус. наўг., пск. сели́тьба ’сядзіба’, макед. сели́дба ’перасяленне’ і пад., селідзе́бнэ ’вялікі прысядзібны ўчастак’ (лун., Выг.).

Сялі́ць ’уладкоўваць на незаселеных месцах, пасяляць’ (ТСБМ, Ласт.), сялі́цца ’пасяляцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сержп. Прымхі). Укр. сели́ти, рус. сели́ть, чэш. sídliti ’жыць, пражываць, знаходзіцца’, славац. sídliť ’насяляць’, серб.-харв. сѐлити ’высяляцца, выязджаць’, славен. selíti ’сяліць’, балг. посе́лвам ’тс’, макед. сели ’перасяляць’. Прасл. *sedliti, дэнамінатыў ад сяло, гл. (Бязлай, 3, 226).