Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сямна́ццаць, сямна́нцаць ’лічба 17’ (Карскі 2-3, 94), семна́ццаць ’тс’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), семна́нцаць ’тс’ (Некр. і Байк., Стан.). Гл. сем і -наццаць.

Сяму́ха ’бёрда ў сем нітоў’, ’сем шурак дроў’, ’карта сямёрка’ (Бяльк.), ’мера гарэлкі за сем капеек асігнацыямі або дзве капейкі серабром’ (Нас.). Вытворнае ад сем (гл.), параўн. сёмуха.

Сям’я́ ’муж, жонка, дзеці і іншыя сваякі, якія жывуць разам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Гарэц., Бяльк., Пан.), семʼя́ ’тс’ ’рой пчол у вуллі’ (ТС), сымне́ ’тс’ (Сл. Брэс.). Укр. сімʼя́, рус. семья́ ’тс’, стараж.-рус., рус.-ц.-слав. сѣмиꙗ ’чэлядзь, дамачадцы; рабы’, ст.-слав. сѣмиꙗ ’сям’я’. Прасл. *sěmьja < *ḱoim‑, паведле Трубачова (История терм., 164), з і.-е. *ḱei‑ ’ляжаць’ з суф. ‑m‑, магчыма, праз перанос значэння ’стаянка, паселішча’, параўн. ням. Lager, і ўзыходзіць да абазначэння тэрытарыяльнай супольнасці. Роднасныя літ. šeima ’сям’я’, šeimýna ’сям’я, чэлядзь’, лат. sàime ’сям’я, дамачадцы’, ст.-прус. seimīns ’чэлядзь’ і, далей, гоц. haims ’паселішча’, ст.-в.-ням. heim ’радзіма’, ст.-в.-ням. hîwo ’муж’ і інш.; гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 3, 635; Фасмер, 3, 600 з іншай літ-рай. Ляпуноў (цыт.: Фасмер, там жа) *sěmьja разглядае як дэрыват ад *sěmь ’асоба’, параўн. рус.-ц.-слав. сѣмь ’тс’, як рус. братия ад брат. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 254; Шаўр, Etymologie, 44. Сюды ж семʼяні́н ’член сям’і’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), семяні́н ’тс’ (Ласт., Сержп., Пятк. 2).

Сямяргу́ ’сямёра’: сямяргу бабаў (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад сямёра (гл.) па тыпу двайга́ (гл.) з няясным па паходжанні суф. ‑г‑, параўн. польск. dwojga ’двое’, якое лічыцца Р. скл. ад першапачатковага прыметнікавага лічэбніка dwój, пазней dwoje (Слаўскі, 1, 183) або ўзніклым па тыпу czworga ’чацвёра’ (Бацькоўскі, 1, 313). Спасылкі на літ. dveigỹs ’двухгадовая хатняя жывёліна, двухлетка’, ketvérge ’старажытная дваццацікапеечная манета, што адпавядала чатыром пяцікапеечным’ схіляюць да думкі пра азванчэнне зыходнага суф. ‑к‑, так выводзіць для літоўскіх слоў Смачынскі, 138, 279 (< *dveikys, *ketverkė). Параўн. чацвер (гл.).

Сян (sian) ’гэты’ (Тур.). Форма м. р. указальнага займенніка *sь (гл. сей) у спалучэнні з *‑nъ (гл. ён), параўн. спалучэнне з іншым указальным займеннікам *tъсіты, гл.

Ся́нні ’сёння’ (Нас., Шымк. Собр., Растарг., Бяльк., Мат. Маг.), ся́ння ’тс’ (Нас., Бяльк., Яўс.; бялын., Янк. Мат.; Сцяшк., Жд. 1), ся́ння, ся́ня ’тс’ (Сл. ПЗБ), ся́ннячы ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ся́нінші ’сягонняшні’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж ся́дні ’сёння’ (Нас., Касп., Растарг.), ся́дня ’тс’ (Стан.), се́дне ’тс’ (Сл. Брэс.). Гл. сёння, сягодня.

Сянні́к ’адрына, пуня’ (ТСБМ), ’матрац, набіты сенам ці саломай’ (ТСБМ, Нас., Касп., Жд., 2; бых., Янк. Мат.), сяльні́к, сядні́к, сяні́к, сені́к, сеня́к ’тс’ (Сл. ПЗБ, Ласт.), сельні́к ’матрац; месца для сена’ (ТС). Параўн. укр. сінни́к ’пуня, матрац’, польск. siennik ’тс’, чэш. seník ’пуня’, славен. senik ’пуня; матрац’, макед. сенник ’тс’. Самастойныя ўтварэнні ад сянны́ < сена; гл. таксама сельнік.

Ся́паць ’торкаць, калоць, тыркаць’ (Ласт.), сяпа́г ’рэзніцкі нож’, сяпа́ч ’рэзнік’ (там жа). Няясна, магчыма, фанетычны варыянт се́паць (гл.); параўн. польск. siepacz ’бандыт, забойца’.

Сяра́к ’шэры заяц, русак’ (Нас.), ’сярмяга, світка з шэрага сукна’ (Нас.), серя́к ’тс’ (Растарг., Шымк. Собр.), сірак ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Суфіксальнае ўтварэнне ад серы2 (гл.), параўн. шэры, шарак.

Сяра́нка ’запалка’ (Касп.). Гл. сернік1.