Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сярпа́нка ’марля’ (Мат. Гом.), сярпя́нка ’лёгкая баваўняная тканіна’ (ТСБМ), серпано́к ’тонкае палатно’ (Нар. Гом.), серпаночэк ’рэдка вытканае палатно на намёткі’ (пін., Кольб.), сарпа́нка, сарпано́к ’вясельны галаўны ўбор’ (ТС), сырпано́к ’белая хустка’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. се́рпа́нка, се́рпа́нок ’празрыстая тканіна, жаночае пакрывала на галаву’, рус. серпя́нка ’рэдкая тканіна з ільну’, польск. sierpanka ’тонкая тканіна, пакрывала’. З тур. serpenek, што з перс. särpänäk ’жаночае пакрывала на галаву’ (Фасмер, 3, 610; ЕСУМ, 5, 221). Няясныя адносіны да сарпі́нка ’лёгкая баваўняная тканіна ў палоску ці ў клетку’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), для якой мяркуецца іншае паходжанне, гл.

Сярпу́ха ’расліна Serratula L.’ (ТСБМ, Кіс.), серьпуха ’нейкая расліна’ (“употребляется обыкновенно для желтѣнія под зеленый цвѣт”; Меер Крыч.), сюды ж таксама сярпо́к ’Serratula L.’ (Байк. і Некр.), што адносяць да іншай расліны ’Falcaria Beruh.’ (Кіс.). Параўн. укр. серпу́ха, серпо́к ’Serratula L.’, рус. серпу́ха ’тс’, польск. sierpik, чэш. srpek, славац. sŕpok, славен. srpek, серб.-харв. ср́пац, балг. сърпе́ц ’тс’, што выводзяцца ад *sьrpь (гл. серп) з-за падабенства лістоў раслін да сярпоў, параўн. таксама назву расліны Бакала: укр. серпорі́з, рус. реза́к. Гл. ЕСУМ, 5, 221, 222.

Сярто́ліцца ’быць у неспакоі, неспакойна пачувацца, сядзець’ (лаг., Гіл.), ’выконваць доўгую і цяжкую работу’ (ушац., Нар. лекс.). Словаўтваральны варыянт да сёртаць (гл.): *sьrtati > *sьrt‑olʼa > sьrt‑ol‑iti (sę), што да прасл. *sьrt‑ < і.-е. *ser‑ ’цячы, рухацца’ (Варбат, Этимология–1975, 32–34). Параўноўваюць з балг. дыял. ср̥тим ’цяжка, з намаганнем працаваць’ (Пятлёва, Этимология–1985, 18). Сюды ж, магчыма, і ўкр. се́ртувати ’цягаць сюды і туды’, якое выводзіцца з польск. certować ’цырымоніцца, браць удзел у барацьбе, змагацца’ < лац. certo ’змагаюся’ (ЕСУМ, 5, 222), што не выключае кантамінацыі згаданых дзеясловаў. Адносна экспрэсіўнага суф. ‑oli‑ гл. Борысь, Etymologie, 697.

Сяру́ха ’павітуха, Cuscuta L.’, ’від асакі’ (ТС). Няясна; магчыма, ад сраць (гл.) з адмоўнай экспрэсіяй, параўн. іншую назву павітухі ўкр. paršyvka (Макавецкі, Sł. botan.).

Сяры́цца (сярі́цца) ’ярка адбівацца, зіхацець’: у вычах сяріцца (Юрч. Вытв.). Няясна.

Сярэ́бранік ’дуброўка, Potentilla anserina L.’ (ТСБМ, Касп., Дэмб. 1, Кіс.). Да серабро (гл.), ад прыметніка сярэ́браны (ТСБМ, Ласт.), ст.-бел. серебрѧнъ (Альтбаўэр), серебрыны (1405 г., Карскі 2–3, 229) з-за бліскучай афарбоўкі, параўн. срэбнік, гл. Сюды ж і сэрэбря́нік ’падтыннік, Chelidonum majus L.’ (Бейл.), параўн. іншую назву чортава серабро (Кіс.).

Сярэ́бшчына ’абрад адорвання маладых’: на сярэбшчыну гукаюць, як едуць па нявесту (Мат. Гом.), ст.-бел. сере́бщина, сере́бщизна ’грашовы падатак серабром’ (Ст.-бел. лексікон, Сташайтэне, Абстр. лекс.). Параўн. укр. сере́бщина ’падаткі на вайсковыя патрэбы, падатак на зямлю’. Да серабро́ (гл.), сумніўна атаясамленне з укр. сербщи́на ’работа на пана, паншчына’, гл. ЕСУМ, 5, 216.

Сярэ́дзіна1 ’цэнтр, сярэдняя частка, асяродак; унутранасць’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Бяльк., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Янк. 2, Варл.), серэ́дзіна ’тс’ (ТС), ст.-бел. середина ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сере́ди́на, рус. середи́на, в.-луж. srjedźina, славен. sredína, серб.-харв. срѐдина, балг. среди́на, макед. средина ’сярэдзіна’; дэрываты (магчыма, незалежныя) ад прасл. *serda/*serdь ’сярэдзіна’, параўн. сярод, гл. (Чарных, 2, 156–157; ЕСУМ, 5, 218). Параўн. серада.

Сярэ́дзіна2 ’паясніца’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сцяшк., Жд. 1, Ян.), ’задняя частка тулава вышэй клубоў’ (Варл.), ’спіна, крыж’ (Касп., Сержп. Прымхі), ’спіна’ (Янк. 2, Юрч. Вытв., Бяльк.), ’крыж у жывёлы’ (Нас.), параўн. рус. смал. сере́дина ’паясніца’. Паводле Чэкмана (Baltistica, 8, 2, 151), калькуе літ. pusiáujas ’паясніца, сярэдзіна (паводле акружнасці)’, параўн. семантычную паралель балг. полови́на ’палавіна; паясніца, крыж’, макед. полови́на ’палавіна; талія’, што, аднак, не выключае самастойнага развіцця ’сярэдзіна; нутро’ (гл. сярэдзіна1, параўн. серэ́дніца ’сярэдняя частка чаго-небудзь’, ТС) > паясніца. Гл. таксама Анікін, Опыт, 30; Страхаў, Palaeoslavica, 16, 2, 296–297.

Ся́слы ’ліпавая кара, лыка’ (Мат. Гом.). Відаць, фанетычна дэфармаванае свя́сла ’нізка лыка’ (гл.), параўн. аналагічныя змены ў сёкар, сёкроў (Сл. Брэс.) і вынік адваротнага працэсу ў свермега ’сярмяга’ (там жа).

Сястра́ ’дачка ў адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў’, перан. ’асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе і ласкавы зварот да яе’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ); сестра́ ’тс’ (ТС), сюды ж сястро́нка, сястру́ха, сястру́хна ’стрыечная сястра’ (Сл. ПЗБ), сястру́нка ’тс’ (Янк. 1). Укр., рус. сестра́, стараж.-рус. сестра, польск. siostra, в.-луж. sotra, н.-луж. sotša, палаб. sestră, чэш., славац. sestra, серб.-харв. сѐстра, славен. séstra, балг. сестра́, макед. сестра, ст.-слав. сестра. Прасл. *sestra, першапачаткова аснова на ‑r‑, потым перайшло да асноў на ‑a, роднаснае літ. sesuõ, Р. скл. seser̃s, ст.-прус. swestro, ст.-інд. svásar‑, гоц. swistar, лац. soror, ст.-ірл. siur, тахар. A ṣar ’тс’ < і.-е. *su̯esor, якое з’яўляецца, як мяркуюць, складаным словам ад і.-е. *su̯e‑ ’свой’ і *sor‑ ’жанчына’; гл. Фасмер, 3, 612 з ранейшай літ-рай; Махэк₂, 541–542; Шустар-Шэўц, 1335–1336; Скок, 3, 226; Сной, 564; ЕСУМ, 5, 223; Борысь, 549; Трубачоў (История терм., 63 і наст.) адзначае неаднастайнасць тлумачэння другой часткі кампазіта; напрыклад, аспрэчваецца рэальнасць і.-е. *sor ’жанчына’ і прапаноўваецца кампазіт *su‑esor ’сваёй крыві’, г. зн. ’адзінакроўная’, дзе *esor: *esr ’кроў’, параўн. санскр. ásrk, грэч. έαρ ’тс’. Адносна слав.-герм. str < і.-е. *sr параўн. струга, струя і пад. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 800–801.