Сяльча́нін разм. ’сельскі жыхар, селянін; аднавясковец’ (ТСБМ), ст.-бел. сельча́нинъ (?), параўн. Т. скл. сельча́ном (XVI ст., Карскі, 1–3, 147), рус. сельча́нин ’жыхар сяла’, стараж.-рус. сельчанинъ ’тс’. Дэрыват ад сяльцо́ ’невялікае сяло, пасяленне’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.) < сяло, гл. Адзначаецца экспансія ў сучаснай рускай мове фарманта ‑чане, ‑чанин у адтапанімічных утварэннях на *‑janinъ (Трубачоў, Этимология–1980, 4), што магло паўплываць і на пашырэнне такіх утварэнняў у беларускай мове, параўн. мінча́нін, гамяльча́нін. Менш верагодна другаснае ўтварэнне ад сяля́к ’селянін’ (Ласт.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)