Сям у выразах: то там, то сям; там і сям ’у розных месцах, усюды’ (ТСБМ), сям‑там ’дзе-нідзе’ (ТС), ст.-бел. семо ’сюды’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сям, рус. там и сям, стараж.-рус. сѣмо, сямо, само, сѣмь ’сюды’, польск. дыял. siam, sam ’тут’, в.-луж., н.-луж., чэш., славац., палаб. sem, старое серб.-харв. sjemo, semo, славен. sẹ̀m, балг. само, ст.-слав. сѣмо. Прасл. *sěmo ўтворана пры дапамозе суфікса ‑mo ад займенніка *sъ ’гэты’; a на месцы e пад уплывам *tamo ’там’; Фасмер, 3, 826; Бернекер, РФВ, 48, 224–225. Бязлай (3, 226) прасл. *sěmo (і *sěmъ) выводзіць не непасрэдна ад займенніка, а ад прыслоўя *sě ’сюды’, параўн. славен. sě ’тс’, тоеснага з літ. šè ’тут’, лат. še ’тс’, якія Фрэнкель (990) звязвае з і.-е. указальным займеннікам *ḱi‑, прасл. *sь. На роднасць разглядаемых прыслоўяў з гэтым займеннікам указвае яшчэ Міклашыч (297), з чым пагадзіліся пазней і іншыя: Махэк₂, 541; Скок, 3, 188; ESSJ SG, 2, 606–607. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1281; ЕСУМ, 5, 497; ESJSt, 13, 805.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)