Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Валакня́ ’павольнае дзеянне, цяганне па судах і пад.’ (Нас.). Да валакці ’марудзіць’ (Нас.).

Валаку́ша ’старадаўняя прылада для рыхлення глебы; невялікі невад’; ’барана з жалеза’ (БРС, Выг. дыс.). Рус. волокуша, укр. волокуша. Да валачы. Пра суфіксацыю гл. SP, 1, 79.

Валакці́ ’валачы’ (Бяльк.). Гл. валачы.

Ва́лам ’пра вялікую колькасць (людзей, снегу)’ (КТС). Прыслоўе < тв. скл. назоўніка вал1 (гл.).

Валаме́кі ’васількі’ (Мат. Гом.). Магчыма, да валошка, якое збліжана з нейкім іншым словам.

Вала́н ’шырокая ці вузкая прысабраная частка спадніцы’ (КЭС, Інстр. I). Праз польск. wolant ’тс’ < франц. volant, якое да voler ’лётаць’ (Брукнер, 630).

Вала́нда ’маруда, левы чалавек’, вала́ндацца ’вазіцца, марудзіць’ (КЭС). Рус. валандаться ’марудзіць’, вала́нда, вала́ндала ’няўклюда, маруда’, валанде́р ’лежань’, укр. валандатися ’бадзяцца’. Карскі ўказвае, што дзеяслоў больш уласцівы вялікарускай мове. Валандацца < валанда < літ. valandá ’(кароткі) час’ (Карскі, Труды, 394; Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 33, 35; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13; Непакупны, Бел.-укр. ізал., 54; Шанскі, 1, В, 9; Рудніцкі, 1, 298). Змену націску можна тлумачыць уплывам блізкіх семантычна і падобных структурна слоў (мару́да, няўклю́да, валакі́да). Форма валы́ндацца ўзнікла, магчыма, пад уплывам валынка, валыніцца. Форма валэндацца, як можна меркаваць, — вынік збліжэння з паланізмамі, што маюць суфіксы з насавымі (валацэнга, недалэнга) або з дзеясловамі wałęsać się, wałęgać się ’бадзяцца’ ва ўмовах беларуска-польскага білінгвізму.

Вала́ндацца. Да валанда (гл.).

Валанты́р ’бадзяга, лодыр’ (Нас.). Магчыма, н устаўны гук, як у валанцуга < валацуга (КСП). Тады валантыр < валатыр, якое ў сваю чаргу да волат і суфікса ‑ыр. Адносна такой суфіксацыі гл. SP, 2, 28. Шанскі (1, В, 151) адзначае, што гэта слова ў формах валентир, волунтер, волунтир (< англ. volunteer ’добраахвотнік’) здаўна ўжывалася ў рускай мове. Не выключана, што адна з іх захавалася ў беларускай мове, набыўшы негатыўнае значэнне пад уплывам збліжэння з валачыцца, валэндацца.

Валанты́рыць ’бадзяжнічаць’ (Нас.). Да валантыр (гл.).