Мару́да, мару́дзька, мару́днік, мару́дны ’вельмі павольны, непаваротлівы чалавек’, ’марудны ў рабоце’, ’мямля’ (ТСБМ, Грыг., Бес., Яруш., Др.-Падб., Мал., Янк. БП, Нас., Бяльк., Растарг., Сцяшк. Сл.; КЭС, лаг.; ашм., шальч., гродз., беласт., Сл. ПЗБ); мару́да ’доўгае, нясцерпнае чаканне чаго-небудзь’ (Нас.), ’маруднасць, павольнасць у справе’ (ТС); мару́дна, мару́дне, мару́дня, мсцісл. морудна, драг. марудно ’вельмі павольна’ (Шат., ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’тс’, ’слаба, няярка’ (З нар. сл.), ’павольна, цяжка’ (Бяльк.); мару́дзіць, мару́діті ’рабіць павольна’, ’доўга не пачынаць справу’, ’забаўляць, спыняць каго-небудзь’, ’быць нерашучым’ (ТСБМ, Яруш., Сцяшк., Нас., Шат., Касп., Бяльк., ТС, Бес.; КЭС, лаг.). Укр. мару́да, мару́дний, мару́дно, мару́дитися ’тс’; рус. уладз. маро́дно ’павольна’, смал. моруда ’павольнасць’, пск., смал. маруда ’павольны, непаваротлівы чалавек’, мару́дник ’гарэза’, марудно ’павольны’, польск. maruda ’капун’, ’нудны чалавек’. Балтызм, утвораны пры дапамозе суфікса ‑да (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34–35) ад літ. mar‑ (параўн. marùs ’смяротны, нежыццяздольны’, marùmas ’адсутнасць жыццяздольнасці, жывучасці’. Аднак значна пазней бел. мару́дзіць (з вытворнымі) ці польск. marudzić былі запазычаны ў літ. мову (marū̃dyti, marū̃dėti, marū́dnas, marūdnùs). Зарэмба (Wyr, obce w Panu Tadeuszu, 44) выводзіць польск. marudny з ням. Marode ’замучаны, стомлены’ < франц. maraud ’падлюга, нягоднік’. Гэтаксама SWO, 456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)