Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вясьці ’весці, цягнуць’ (КТС, Бяльк., Касп., міёр., З нар. сл.), вясьці́сь ’весціся, быць, паводзіцца, устанавіцца звычаю’ (Бяльк.). Да ве́сці (гл.).

Вя́тка ’натоўп, гурт людзей, арцель, чарада’ (Гарэц., КСП, КТС, Нар. сл., Садоўскі, вусн. паведамл.). Рус. вятка ’тс’ (смал., Даль, пск., СРНГ); ’вячоркі’ (смал., Садкова, вусн. паведамл.). Слова з даволі вузкім арэалам распаўсюджання. Параўн., напрыклад, заўвагу Козырева: «Вятка… — специфически смоленская лексика» (Бел.-рус. ізал., 59). Недахоп даных прымушае выказаць толькі здагадку. Можна дапусціць, што гэта рэпрэзентацыя старой асновы jat‑ (‑iti) (параўн. серб.-харв. jȁtiti (se) ’збірацца’). Па форме (далучэнне пратэзы) гэта, у такім разе, утварэнне тыпу вячай, вятроўка (гл.). Да семантыкі параўн. паўднёваславянскую лексіку: серб.-харв. jȁto ’чарада, абшчына, брацтва’, славен. jȃta ’чарада, статак’, балг. ято ’чарада’ і да т. п., аб якіх гл. Скок, 1, 761. Вятка, такім чынам, дэмінутыў ад jat‑a або іначай суфіксальнае ўтварэнне ад дзеяслоўнай асновы jat‑. Усю праблематыку апошняга гл. пад ятка2.

Вятлі́на (Байк. і Некр.). Укр. vetłýna ’Salix vitellina L.’ (Макавецкі, Sł. botan.); ’Salix viminalis L.’ (там жа), рус. дыял. ветли́на ’Salix L.’ Ад ветла з суф. ‑іна. Гл. ветла (там і літ-pa). Адносна суфікса ‑іна гл. ГБМ, 1, 115; Крывіцкі, З нар. сл.; Слаўскі, SP, 120–123. Усходнеславянскае ўтварэнне; рус. ветлина ’бульбоўнік і інш.’ або другаснае, або адлюстроўвае першасную дыфузнасць значэння.

Вятлю́к ’маладзік’ (Бяльк.). Па фармальнаму падабенству гэта ўтварэнне, якое з’явілася ў выніку дээтымалагізацыі першаснага вятох (аб магчымасці такога працэсу гл. вятух). Пэўныя цяжкасці выклікае, аднак, наяўнасць л. Дапускаючы суфіксацыю ‑юк, тыповую для гэтага раёна, можна думаць, што маглі ўзнікаць і трансформы *‑люк як вынік перараскладання слоў тыпу шчаўлюк, шаплюк, гаплюк, камлюк і да т. п.; параўн. асабліва ціцярлюк ’цецярук’ (Бяльк.), дзе л, праўда, магло ўтварыцца фанетычным шляхам. Параўн. яшчэ фармальна падобнае жаўтляк ’жоўты агурок’. Іншая версія — існаванне формы тыпу *ветлы (< *ветхлы?), якую, магчыма, пацвярджае н.-луж. wjatły ’зношаны, стары, струхлелы’. Ва ўсякім выпадку суфіксацыя памяншальная, і гэта тлумачыць значэнне ’маладзік’ разглядаемага слова.

Вято́к, веточок ’маладзік’ (Нас.; Чач.). Польск. wietek, wiotek, чэш. валаш. vetek ’першая або апошняя квадра месяца’, якія з прасл. vetъxъ ’стары’; больш падрабязна гл. пад ветах. Што датычыцца бел. вяток, то яно, зыходзячы з даных геаграфіі (гродз., вілен., Нас.), семантыкі і фанетыкі, запазычана з польскай мовы. Праблематычным застаецца час, калі адбылося запазычанне. Магчыма, гэта даволі новае слова перыяду моцнага польскага ўплыву, а магчыма, і вельмі старое кантактнае запазычанне, калі польск. wietek, wiotek займала больш шырокую тэрыторыю (зараз толькі на поўдні, гл. Купішэўскі, Słownictwo, карта 3 і ст. 47–48). У такім разе семантычныя змены тыпу ’стары месяц’ — ’маладзік’ і да т. п. адбываліся таксама рана. Параўн. яшчэ бел. паўн.-зах. вётак ’назва старога месяца’ (Маш., Atlas, 2, карта 1). Верагодна таксама дапускаць незалежнае ўзнікненне бел. слова як утворанага з памяншальнай суфіксацыяй ‑ок і пад. (параўн. вятлюк) або фанетычным шляхам; параўн. жанік < жаніх.

Вято́х ’апошняя квадра месяца’ (Байк. і Некр., Гар., Інстр. I, Карскі 2-3, Касп., КСП, КТС); ’месяц’ (Шатал.). Слова вядома на большай частцы беларускай тэрыторыі (за выключэннем поўдня). За межамі — рус. дыял. ветох ’тс’ (волх., смал., наўг., гарад., СРНГ); ’месяц’ (смал., СРНГ). Ад vetъxъ са зменай націску пасля субстантывацыі прыметніка (або ў выніку семантычнай кандэнсацыі канструкцыі vetъxъ měsenьcь). Гл. першаснае ветах.

Вятра́к ’ветраны млын’ (Байк. і Некр., БРС, Бяльк., Выг., Касп., КСТ, КТС, Маш., Шат., Яруш.). Укр. вітряк, рус. ветряк, польск. wiatrak, чэш. vetrák, větřák, славац. vetrák ’тс’. Паўночнаславянскае ўтварэнне ад асновы ветр‑ з суф. ак/ʼак. Улічваючы характар рэаліі, цяжка дапускаць старажытнасць утварэння. Параўн. яшчэ в.-луж. větrak ’вентылятар’, wětrak ’ветрагон’.

Вя́транка ’ветраная воспа’ (БРС, КТС, Інстр. II, Мат. Гом.). Рус. ветрянка ’тс’. Утварэнне на базе выразу ’ветраная воспа’ шляхам семантычнай кандэнсацыі з суф. ‑к‑; гл. Фасмер₁, 307, КЭСРЯ, 2, 78. Бел. вятранка, верагодна, з рус. мовы.

Вятро́ўка ’ятроўка’ (Жд., 2), ветроўка (КТС). Утвораны ад ятроўка (гл.) у выніку далучэння пратэзы в‑ (аб тэрыторыі распаўсюджання пратэзы гл. ДАБМ, к. 47). Параўн. вячай/ячай, вікона/ікона і інш. Больш падрабязна аб такой з’яве гл. пад вячай. Гл. яшчэ ватроўка ’ятроўка, жонкі родных братоў адна для другой’.

Вятро́ўкі ’басаножкі’ (Сцяц., Нар., Сцяц., З нар. сл., Жд.); ’жаночыя туфлі з адкрытай пяткай’ (Інстр. I, Сцяшк. МГ). Запазычана з польскай мовы; гл. Сцяц., Нар., 152; Крамко, З нар. сл., 85 (у апошняга «ў перыяд да 1939 г.»). Геаграфія слова (толькі заходняе) на карысць гэтай думкі. Параўн. польск. wiatrówka ’летняе адзенне’ (Верш. сл.).