Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вясе́льнік ’запрошаны на вяселле госць’ (КТС, Я. Брыль, С. Александровіч, шчуч. Сцяшк., лельч., Мат. Гом.), драг. выси́лнык ’удзельнік вяселля’ (Клім.). Утворана ад прым. вясе́льны (гл.) і суф. ‑ік. Параўн. таксама польск. weselnik, чэш. veselník ’тс’.

Вясе́льніца ’нявеста’ (КТС, Я. Купала). Да вясельны (гл.).

Вясе́льны ’які мае дачыненне да вяселля’ (Нас., КТС, БРС, Мал., віл., З нар. сл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑н‑ы (< ьnъ) ад вясе́лле (гл.).

Вя́сельны ’які мае дачыненне да вя́сла, зроблены з вясла’. Утворана ад вя́сла (гл.) і суф. ‑н‑ы (< ьnъ).

Вясе́льца ’вясло лодкі’ (Бяльк., КТС) — памяншальная форма лексемы вясло́ (гл.).

Вя́сельца (КТС) — памяншальная форма лексемы вя́сла (гл.).

Вясе́льшы ’весялейшы’ (Нас., Сцяшк. МГ) — параўнальная ступень прыметніка вясёлы, утвораная пад уплывам польск. weselszy.

Вясе́лячы (газ) ’закіс азоту, які ап’яняе чалавека’ (БРС). Запазычанне (калька) з рус. веселящий (газ).

Вясе́нка, вясенька (КТС) — памяншальна-ласкальная форма, утвораная пры дапамозе суф. ‑к‑a ад вясна́ (гл.).

Вясе́нні ’веснавы’ (БРС, КТС), вясеньній ’тс’ (Бяльк.), укр. весінний, рус. весенний, ст.-рус. весненыи, весньный, польск. wiosenny, чэш. мар. vesní. Утворана пры дапамозе суф. ‑н‑і (< ‑ьnъ). Да вясна́ (гл.).

Вясёланка, вясёлонка ’святліца’ (брасл., Карскі, Труды) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) са значэннем ’светлы’, параўн. рус. калуж. весёлая ночь ’светлая, месячная ноч’, вясёлка ’адкрытае месца, якое асвятляецца і саграваецца сонцам’, і памяншальна-ласкальнага суф. ‑он‑к‑а.

Вясёласць ’весялосць’ (КТС), вясёлысьць ’тс’ (Бяльк.), укр. веселість, рус. весёлость ’тс’, польск. wesołość ’вясёлы настрой, пацеха, радасць, добры гумар’; ’вясёлы спосаб правядзення часу’, н.-луж. wjasolosć, в.-луж. wjesołosć ’весялосць, радасць’, чэш. veselost ’весялосць, забава, пацеха’, паўдн.-усх. ’вяселле’, славац. veselosť ’весялосць, забава’, славен. vesẹ̑lost, серб.-харв. ве̏селост, макед., балг. веселост. Прасл. veselostь, утворанае з суф. ‑ostь ад прым. veselъ > вясёлы (гл.). Бел. літаратурная форма мае націск на канчатку.