Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Со́кал ‘драпежная птушка сямейства сакаліных, Falco’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), часцей сако́л ‘тс’ (Гарэц., Федар., Ласт., Стан.). Укр. со́кіл, рус. со́кол, дыял. соко́л, польск. sokół, в.-луж., н.-луж. sokoł, чэш., славац. sokol, серб.-харв. со̀ко̑, славен. sókol, балг. соко́л, макед. сокол ‘тс’. Прасл. *sokolъ ‘птушка Falco’. Лічаць роднасным ст.-інд. çakunas, çakúnis ‘нейкая птушка; вялікая птушка’ (гл. Фасмер, 3, 708–709 з літ-рай). Міклашыч (313), Брукнер (506), Шустар-Шэўц (1332) звязваюць з гукапераймальным сакатаць, а Борысь (566) мяркуе, што *sokolъ — дэрыват ад прасл. *sočiti (гл. сачыць), таму што гэта драпежнік высочвае і даганяе птушку. Паводле Пятлёвай (Этимология–2000–2002, 21–22), першасным значэннем магло быць ‘рассякаючы, раздзіраючы’, што ўзыходзіць да дзеяслова з семантыкай ‘рэзаць, сячы, рваць’, якая захавалася ў соколі́ць ‘мярэжыць’ (ТС); пра корань сок‑ са значэннем ‘рэзаць’ гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 202. Ускосным пацверджаннем такога развіцця можа служыць дэрыват сакольнік у цытаце: “… жыў гэты дзед больш за сто гадоў. Так усе і клікалі — сакольнік. <…> калі пасавалі найлепшыя хірургі, звярталіся да сакольніка” (Я. Колас), — які, відаць, быў амонімам да сако́льнік ‘той, хто даглядае лоўчых птушак, трэніруе і палюе з імі’, першасна звязаным з дзеясловамі тыпу славен. sókati, sókniti ‘ўкалоць (напр., нажом)’ і рус. дыял. соко́лик, соколе́ц, сокола́к ‘чорная жыла вялікага пальца рукі, vena pollicis; у коней жыла на назе, з якой пускаюць кроў’. Тады да *sěkti (гл. сячы), параўн. варыянтнасць галоснага ў сякера/сакера. Іншыя версіі гл. Пятлёва, там жа.

Со́лад ‘брадзільны прадукт’, ‘асалода, слодыч’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘салодкі смак’, ‘прарошчаны ячмень на піва’ (Варл., Сл. ПЗБ, Пятк. 1), ‘брага’ (Сцяшк.), со́лда ‘салодкая прыправа’ (ТС), со́ладзь ‘змолатае прарошчанае збожжа’ (Сл. ПЗБ), ‘нешта салодкае’ (Ласт., Шат., Жд. 1, Сл. ПЗБ). Укр., рус. со́лод, ст.-рус. солодъ, польск. słód, в.-луж. słód, н.-луж. słod, чэш., славац. slad, серб.-харв. сла̑д, славен. sléd, балг., макед. слад. Прасл. *soldъ. Далей гл. салодкі (Фасмер, 3, 712–713; Махэк₂, 551; Шустар-Шэўц, 1303).

Со́лам’е ‘падоўжаная бэлька ў гаспадарчых памяшканнях на сохах’ (ЛА, 4), ‘праход у печ, чалеснікі’ (ЛА, 4, Пятк. 1, Шушк.), со́ламеня, со́ламень, со́лен ‘тс’ (ЛА, 4), со́ламя, со́ламянь ‘полымя (у печы)’ (Сл. ПЗБ). Гл. саламя.

Со́лтыс ‘у Заходняй Беларусі сельскі стараста’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), со́лтус, со́лтас ‘тс’ (Сл. ПЗБ). З польск. sołtys ‘часовы начальнік, які назначаецца панам вёскі’, дыял. sołtys, sałtys, szałtys. Запазычанне з с.-в.-ням. schultheiʒ ‘той, хто загадваў, вызначаў павіннасці або даваў сведчанні’ ад с.-в.-ням. schult, schulde ‘павіннасць, абавязак’ і heiʒen ‘распараджацца, загадваць’; першасная форма з XIII ст. szołtys > sołtys у выніку мазурэння (Борысь, 567). Ст.-бел. шолтысъ, шелтысъ, солтысъ з польскай, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 25; але польскае слова ён памылкова лічыць запазычаннем з нямецкай пры пасрэдніцтве венг. szöltes ‘тс’. Басай–Сяткоўскі (Słownik, 329) адкідаюць чэшскае пасрэдніцтва (параўн. Новавейскі, Zapożyczenia, 16).

Соль ‘соль як прыправа да ежы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), со́ля ‘тс’ (б.-каш., ГЧ). Параўн. укр. сіль, рус. соль, ст.-рус. соль, польскі sól, в.-луж. sól, sel, н.-луж. sol, чэш. sůl, славац. soľ, серб.-харв. со̑, славен. sọ̑l, балг., макед. сол, ст.-слав. соль. Прасл. *solь роднаснае лат. sā́ls ‘соль’, літ. sólymas ‘расол’, лац. sāl, грэч. άλς м. р. ‘соль’, ж. р. ‘мора’, гоц. salt, ст.-в.-ням. salz ‘соль’; апошняе выводзіцца з *salta‑, што ад дзеяслова *saltan ‘саліць’. У сувязі з гэтым звяртае ўвагу дзеяслоў солі́цца ‘сыпацца’: шчоб песок не соліўса ў во́ду (ТС), балг. соля́ ‘саліць’, ‘пасыпаць чым-небудзь дробным’, макед. соли ‘саліць’ і ‘сыпаць (пра дробны снег)’, што, магчыма, сведчыць пра аддзеяслоўнае паходжанне назоўніка, які можа мець і іншыя значэнні, параўн. славен. solika ‘крупы; дробны град’. Маючы гэта на ўвазе, прапануецца (Фурлан у Бязлай, 3, 288) рэканструкцыя амоніма *solь ‘град’, на думку Куркінай (Этимология–1994–1996, 206), беспадстаўна; ва ўсякім разе, можна дапусціць для праславянскай другаснае значэнне дзеяслова *soliti ‘сыпаць’. Гл. Траўтман, 249; Мюленбах-Эндзелін, 3, 803; Фасмер, 3, 751; Махэк₂, 592; Сной₁, 591; Фурлан у Бязлай, 3, 287–288; Борысь, 572; ЕСУМ, 5, 252–253. Параўн. яшчэ салодкі, со́лад.

Сом ‘рыба Silurus glanis L.’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС, З нар. сл.). Параўн. укр., рус. сом, польск. sum, ст.-польск. som, н.-луж. som, чэш., славац. sumec, серб.-харв. со̏м, славен. sòm, балг., макед. сом. Прасл. *somъ роднаснае літ. šãmes, лат. sams ‘тс’. Далей сувязі няясныя. Тапароў — Трубачоў (Лингв. анал., 247) прапаноўваюць у якасці крыніцы фін. sampi ‘асётр’, марыйск. šamba ‘мянтуз’. Параўнанне славянскага слова з лац. salmō ‘ласось, селядзец’ у Праабражэнскага (2, 355), Младэнава (593) абвяргаецца Фасмерам (3, 716). Гл. яшчэ Траўтман, 298; Фрэнкель, 962; Махэк₂, 592; Машынскі, Pierw., 188; Фрыск, 1, 771, а таксама Сной₁, 592, Борысь, 586 (узводзяць да і.-е. *kʼam‑ ‘палка, жэрдзь’); Каламіец, Рыбы, 106–109 (крытычны разгляд версій).

Со́ма ‘хутка, імкліва, нястрымна’ (Сцяшк. Сл.; мядз., Нар. словатв.). Няясна, магчыма, з соўма (гл.) у выніку пераходу оў > о.

Со́мец ‘сак (рыбалоўная сець)’ (Скарбы), со́мець, со́мцік ‘сак’ (гродз., Сл. ПЗБ), со́мцік ‘рыбалоўная прылада (як буч)’ (гродз., З нар. сл.). З літ. sámtis ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 520).

Со́мінец ‘кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС), со́мчык ‘шула’ (ЛА, 4), сума́к ‘прасценак, міжаконне’ (Ян.). Гл. самінец. Параўн. таксама цу́нік ‘кароткія бярвенні ў прамежках паміж вокнамі’, цунь ‘тс’ (ТС), што схіляе прыняць за зыходныя формы з ‑у‑: польск. sunik, sumik, suńec, славац. súmyk, укр. су́мець, для якіх Бонк (SFPS, 5, 236 і наст.) дапускае значэнне ‘бервяно ў сцяне драўлянага будынка, якое ўстаўляецца ў паз слупа; абрамленне аконнага або дзвярнога праёму’ і, як тэхнічныя тэрміны, выводзіць з *sunǫti (гл. сунуць), што не вельмі пераконвае. Магчыма дапусціць кантамінацыю ці збліжэнне з *sъmъkъ, параўн. рус. алан. сомо́к ‘грэбень страхі’, балг. дыял. смок ‘бэлька ў склепе’ і інш.

Сон1 ‘спанне’, ‘тое, што сніцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. сон, польск., чэш., славац. sen, в.-луж. són, н.-луж. són, славен. sën, серб.-харв. са̏н, балг. сън, макед. сон, ст.-слав. сънъ. Прасл. *sъnъ з *sъpnъ, роднаснага спаць (гл.). Роднасныя: літ. sãpnas ‘сон; тое, што сніцца’, лат. sapnis ‘тое, што сніцца’, ст.-інд. svápnas ‘сон; тое, што сніцца’, лац. somnus ‘сон’. Гл. Фасмер, 3, 716–713 з літ-рай; Махэк₂, 541; Шустар-Шэўц (1334); Глухак, 540.

Сон2 ‘травяністая расліна з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), ‘розныя віды расліны Pulsatilla L.’ (Кіс., Меер Крыч.), сон-трава ‘расліна сон’ (Байк. і Некр., Касп., Нар. лекс., Кіс.), сонь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), со́нчык ‘тс’ (гродз., Кіс., Сл. ПЗБ), сасо́ннік ‘тс’ (Шат.), бабі́н сон ‘расліна Crocus Heuffelianus Herb.’ (Бейл.). Укр. сон, сон‑зі́лля, сон-трава́ ‘расліны Anemone pulsatilla L. і Anemone pratensis L.’, рус. сон, сон‑дре́ма ‘расліна Pulsatilla palena, сон’, таксама сон, сон-трава́ ‘расліна Atrapa belladonna’. Назвы раслін у іншых славянскіх мовах: польск. sasanka, ст.-польск. sesenki, sasenki, sesanki, чэш., славац. sasanka ‘анемона’, серб.-харв. са́са ‘тс’, балг. са́са́н, съ́сън ‘анемона’ і ‘пралеска, Hepatica triloba’, дыял. съса́нка, саса́нка ‘анемона’. Этымалогія няпэўная. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) славянскія словы лічыць звязанымі з ст.-егіп. s‑šš‑n ‘лотас’, араб. susan ‘лілія’, тат. susan ‘касач’. Яны былі запазычаны з ст.-грэч. σουσον ‘лілія’ і ў праславянскай набылі формы *sъsъnъ, *sъsьnъ або *sъsenъ. Пасля вакалізацыі ераў паводле народнай этымалогіі былі звязаны з *sъnъ ‘сон’, што не беспадстаўна, таму што некаторыя віды раслін, напрыклад Pulsatilla patens L., у беларускай народнай медыцыне ўжываюцца як заспакаяльны і снатворны сродак (гл. Лекарственные растения и их применение. Минск, 1976, 482), а ў Сафійскім краі ў Балгарыі кветкі расліны кладуць у калыску дзецям. Іншая версія звязана з тым, што расліны роду Anemone у час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, што звешваюцца ўніз (нібы спяць), гл. Краўчук, БЛ, 6, 66–67. Ва ўсходнеславянскіх мовах слова, відаць, было поўнасцю атаясамлена з сон1. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538; ЕСУМ, 5, 352.