Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Со́нейка, со́няйко, со́ўнейко ‘божая кароўка, Coccinella’ (пін., карэліц., ЛА, 1; ТС). Да сонца (гл.). Шырока распаўсюджаная мадэль другаснай намінацыі ў розных мовах, што звязана з яркасцю афарбоўкі або міфалагічнымі ўяўленнямі («пасланец сонца»), параўн. укр. со́нечко, чэш. дыял. slunéčko, в.-луж. bože słónčko ‘тс’, для якіх выводзіцца праформа *sъlnьčьko з тыпалагічнымі паралелямі ням. Sonnenkälbchen, Sonnenkäfer і інш., параўн. Шывіц–Дулар, Traditiones, 26А, 67. Для беларускіх назваў праформа была б *sъlnьnьko (змены ъl > оў/о і nьk > йк). Параўн. со́нейко ‘сонца’ (Нас.).

Со́нечнік ‘расліна Helianthus annuus L.’ (Байк. і Некр., Ласт., ТС, Ян.), со́ўнечнік, со́ўнешнік ‘сланечнік’ (Шатал., Жыв. св.), со́ўнях (лельч., Жыв. сл.), сон, со́нечнік, со́нца, со́ўнешнік ‘тс’ (Мат. Гом.), сон ‘круг ад сланечніку’ (браг., З нар. сл.). Да сонца, калька запазычанага сланечнік (гл.). Не выключаны і ўкраінскі ўплыў, параўн. укр. со́няшник, со́нях. Форма сон утворана ў выніку рэдукцыі. Сюды ж cо́нкі ‘семачкі’ (Мат. Гом.).

Со́нца ‘нябеснае свяціла’, ‘святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), со́нцэ ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), со́нцо ‘тс’ (Сержп.), со́нейка памянш.-ласк. ‘тс’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), со́нейко ‘тс’ (Сержп., ТС, Федар. 4), со́ўнейко ‘тс’ (ТС). Укр. со́нце, рус. со́лнце, стараж.-рус. сълньце, польск. słońce, в.-луж. słónce, в.-луж. słónco, н.-луж. słyńco, чэш. slunce, славац. slnce, серб.-харв. су̑нце, славен. sọ̑nce, балг. слъ́нце, макед. сонце, ст.-слав. слъньце ‘тс’. Прасл. *sъlnьce ‘з’яўляецца дэмінутывам да *sъlnь (параўн. рус. по́солонь ‘па сонцу’, славен. soln ‘бляск у вачах’) < *sŭl(n)‑; утварэнне аналагічнае сэрца (гл.). Роднаснае літ. sáule ‘сонца’, лат. saũle, ст.-прус. Saule, ст.-інд. svar‑, гоц. sauil ‘тс’, грэч. ήλιος; далей гоц. sunnō, ст.-в.-ням. sunna ‘сонца’; і.-е. аснова *sau̯el‑/*sūl‑/*sun‑ на ‑l/‑n; гл. Фрэнкель, KZ, 63, 168; Траўтман, 251; Мюленбах-Эндзелін, 3, 773; Фасмер, 3, 710–711 з іншай літ-рай; Махэк₂, 558; Шустар-Шэўц, 1305; Бязлай, 3, 290; Борысь, 558; ЕСУМ, 5, 354.

Сон-трава́ ‘расліна сон, Pulsatilla patens L.’ (гродз., Аненкаў, Кіс.), сні‑трава́ ‘тс’ (Бяльк.). Гл. сон 2.

Соп, со́па ‘сажа’. Гл. со́пуха.

Со́пат ‘дым, сажа’, ‘чалеснікі’. Гл. сопуха.

Со́пка 1 ‘гара конусападобнай формы, вулкан’ (ТСБМ), ‘купіна’ (Касп., ЛА, 5), ‘магільны насып’ (Шатал., ЛА, 2), ‘вялікі курган, старажытная магіла круглай формы’ (віц., Яшк.), ‘курган, грудок’ (ТС), ‘намагільны насып’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘кратавінне’ (рас., Сл. ПЗБ). Рус. (арх.) со́пка ‘невялікая гара, якая стаіць асобна’, ‘вулкан; невялікі востраў’, дыял. ‘узгорак’, соп ‘насып’, стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’. Выводзяць ад соп, якое да сыпаць (Міклашыч, 334; Праабражэнскі, 2, 357; Траўтман, 293), параўн. таксама каш. sëpa ‘кратавінне’ ад sëpac ‘сыпаць’ (SEK, 4, 264). Даль (4, 273) узводзіць да сопеть, гл. сапці; Фасмер (3, 719) дапускае сувязь з гэтым дзеясловам толькі для значэння ‘вулкан’. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), бел. сопка з рускай, але гэта, магчыма, толькі ў значэнні ‘вулкан’. У іншых славянскіх мовах (чэшскай, польскай) таксама з рускай, гл. Голуб-Копечны, 334; Варш. сл., 6, 268; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 329.

Со́пка 2 ‘канапа’ (ТС), со́ўка ‘тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Памяншальнае ад сафа́ ‘мяккая шырокая канапа’, якое праз рус. софа́ ‘тс’ або польск. sofa з франц. sofa, італ. sofá ‘канапа, сафа’; заходнееўрапейскія словы ўзыходзяць да араб. suffia ‘падушка на вярблюжым сядле’ (Фасмер, 3, 729).

Со́пкі ‘разварысты, рассыпісты’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Барад., Жыв. сл.), ‘даўкі (пра сыпкую, сухую ежу)’ (Ласт.), ‘несакавіты (пра ягады)’, ‘мяккі (пра снег)’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. со́пкий ‘тс’; усе да *съпъкъ; іншая ступень чаргавання кораня ў сыпаць (гл.). Параўн. стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’, сопка, а таксама рассыпісты ‘сыпкі, разварысты’; гл. ЕСУМ, 5, 355.

Со́плі, со́пля ‘слізь, выдзяленні з носа; смаркачы’ (ТСБМ), со́пель ‘тс’ (Шат.), со́плі ‘соплі’, ‘ледзяшы’ (ТС, Сл. ПЗБ), ‘ледзяшы’ (Сцяшк.), сопе́ль ‘лядзяш’, ‘ёрш’ (ТС), со́пэль, су́пель ‘лядзяш’ (івац., Нар. сл.; ЛА, 2), сапе́ль ‘сопля, лядзяш’ (Нас.). Укр. со́піль, Р. скл. — сопля ‘сопля; лядзяш’, рус. со́пля, стараж.-рус. сопль ‘тс’, польск. sopel ‘сопля; лядзяш’, чэш. sopel, славац. sopeľ, серб.-харв. sopalj ‘нарасць пад дзюбай індыка’, дыял. сопу̀ль ‘сліна’, балг. сопо́л ‘сопля’. Паводле Борыся (567), прасл. *sopъlь, *sopolь дэрыват ад прасл. sopti (гл. сапці) з суф. ‑ъlь, аднак Слаўскі (SP, 1, 111) дэрывацыйную аснову лічыць тут няяснай. Сюды ж адносяць ст.-ісл. safi ‘сок дрэва’, лац. sapa ‘сіроп з вінаграднага сусла’, арм. ham (sapmo‑) ‘сок’, авест. vī‑šāpa‑ ‘той (або тое), што мае атрутныя сокі’. Гл. яшчэ Махэк₂, 567; Фасмер, 3, 719; Скок, 3, 306; ЕСУМ, 5, 355. Меркаванне Астроўскага (ABSl, 29, 151) пра развіццё другаснага значэння ‘лядзяш’ пад польскім уплывам цяжка абгрунтаваць, параўн. балг. со́пови ‘ледзяшы на стрэсе’ (Гераў).

Со́пурха, со́пурка, сно́пурха, сне́пурха ‘галец, Nemachillus barbatulus L.’ і ‘шчыпоўка’ (Крыв.), снопа́р ‘галец, сліжык’, со́пурха, со́пуха, сно́пурха ‘пячкур’ (палес., Жыв. св.). Няясна. Усачова (Слав. ихт. терм., 74) для со́пурка ‘шчыпоўка’ мяркуе пра зыходнае сапець ‘сапці’, аднак матывацыя няясная, як і фармальныя трансфармацыі назвы.