Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трая́кі ‘які мае адносіны да трох крыніц, які праяўляецца ў трох відах, гатунках і інш.’ (ТСБМ, Барад., Скарбы₂, Варл.; ігн., паст., Сл. ПЗБ), ‘патройны’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. троꙗки ‘тс’ (КГС). Неабавязкова з польск. trojaki, як мяркуе Мацкевіч (Сл. ПЗБ, 5, 124). Параўн. укр., рус. троя́кий, серб. тро̏јак ‘тс’, славац. trojaký ‘тс’, балг. троя́к ‘тс’, што да прасл. *troj > ст.-бел. трой ‘траякі’ (ГСБМ) (гл. трое), якому адпавядае славен. troji ‘траякі’ (Сной₂, 786; Фасмер 4, 104).

Трая́н1 ‘адзінка вымярэння даўжыні = 3 сажні’ (ПСл), ‘бутля ў тры літры’ (Сцяшк.), троя́н ‘тры рады бульбы, паміж якімі нельга прайсці плугам’ (Выг.), ‘бутэлька ёмістасцю 0,75 л’ (Арх. Вяр.). Як і ўкр. троя́н ‘трое коней’, ‘бацька трох блізнят’, ‘від танца’, утвораны ад асновы троj‑ і суф. *‑ěnъ (< *trojь‑ěnъ), параўн. трайны́, рус. тройной, серб. тро̂јан, тро̂јни, славен. trôjen. Прасл. *trojь (пад уплывам *dvojь) развілося з і.-е. *trei̯ó‑ (ст.-інд. trayā‑, літ. trejì ‘тры, трое’), якое з’яўляецца зборным лічэбнікам з *tréi̯es ‘тры’ (Сной₂, 786). Сюды ж трайня́к ‘моцны пітны мёд’ (Нас.).

Трая́н2 старое ‘здагадлівы, здатны, выдатны чалавек’ (Ю. Віцьбіч, Плыве з-пад Святое Гары Нёман. Мінск, 1995, 22; тое ж Спадчына, 1991, 5, 42), сюды ж, магчыма, трыяньскі: на кыяньской горе, на трыяньской траве стоиць яблыня; на той яблыни зылотое гняздо, у том гняздзе зьмея‑царица Елена (Рам., 5, 180) — фрагмент замовы, які, хутчэй за ўсё, з’яўляецца рэмінісцэнцыяй рукапіснай «Аповесці аб Троі» (пач. XVI ст.), параўн. і ст.-бел. троянский з рукапісу XVII ст. «Траянская гісторыя», побач з трояновый, траяновый, апошняе суадносяць з імем рымскага імператара Траяна (Слова аб паходзе Ігаравым). Існуе некалькі версій паходжання адпаведных славянскіх слоў, гл. найбольш поўны агляд у Паўлік, Scando-Slavica, 38, 170–184. Калі прыняць у якасці зыходнага непацверджаны ўказаннем на канкрэтную крыніцу апелятыў, то найбольш верагоднай падаецца этымалогія Скока (3, 488), які на падставе формаў тыпу харв. trãjan ‘працяглы; моцны’, в.-луж. trać ‘працягвацца, трываць’ і інш. рэканструюе аснову прасл. *tra‑, суадносную з санскр. taratí ‘спраўляцца’, trāyate, trate ‘абараняць’, гл. трываць. Што да УІ Трая́н (Бірыла, Бел. антр. 2, 414), параўн. рус. Троя́н, чэш. Troian (з 1184 г.), серб. Тро̀јан, харв. Trajan, макед. Тројан, якія, верагодна, абазначаюць боства ці міфалагічную істоту, то ў іх аснове можа ляжаць як адпаведны апелятыў (Скок, 3, 489), гістарычнае імя (Фасмер, 4, 107), так і лічэбнік *tri ў сімвалічна-міфічнай ці дыстрыбуцыйнай функцыі, параўн. серб. дыял. троја̀ним ‘прыводжу на свет, нараджаю тройню’ (СДЗб, 52, 395). Гл. Мартынаў, СБФ, 1989, 75; Карпенка, Зб. Супруну, 102; Цыхун, там жа, 274. Пра магчымыя іранскія ўплывы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 625; Вопросы этнических культур в зеркале языка. М, 2002, 256.

Траяні́на (тройенʼи́на) ‘абложная зямля’ (лун., ДАБМ, камент., 858). Няясна; мажліва, да траян1 (бо поле не апрацоўвалася тры гады?).

Трая́нка1 ‘касцяніцы камяністыя, Rubus saxatilis L.’ (Сцяшк. Сл.). Утворана на базе прасл. *troj‑ěn‑ъ і суф. ‑ъk‑a, параўн. трайнік, гл. Матывацыя: лісты расліны трайчастыя, растуць па тры. Аналагічна з укр. троя́н ‘каляндра, Coriandrum sativum L.’ (ЕСУМ, 5, 653).

Трая́нка2 ‘прадмет, які складаецца з трох аднолькавых частак (напр., траянка арэхаў)’, ‘мука з сумесі грэчкі, пшаніцы і ячменю’, ‘страва з пшанічнай мукі, яек і салодкага малака, у якую мачаюць бліны’ (ТСБМ), трая́нка ці прыварковая ‘страва з пшанічнай мукі ў выглядзе соуса’ (навагр., ст.-дар., ЛА, 2), трая́нка ‘нагрэтае віно з дадаткам чырвонай гліны і каровінага масла, якое даюць парадзіхам пасля боляў перад родамі’ (Нас.), ‘лекавая настойка на зёлках’ (Нас.), ‘з трох студняў ці з трох крыніц вада, якая лічылася лекамі ад розных хвароб’ (Варл.), троя́нка ‘мука для свінняў з жыта, ячменю і аўсу’ (пін., ЛА, 4), ‘лекавы збор з запараных чабрацу, мяты і рамонку як сродак ад крываўкі’ (Арх. Вяр.). Да траян1, гл.

Траяны́ ‘сталюга, мальберт’ (Некр. і Байк.), ‘прыстасаванне з трох калоў, на якім падвешвалі калыску ў полі’ (Жд. 1, Мат. Гом.; мазыр., ГЧ; віл., рагач., Сл. ПЗБ), трояны́ ‘трохрогія вілы’ (Маш.; Горбач, Зах.-пол. гов.), трояны́, трояны́е вілкі́ ‘тс’ (ТС), тро́йні ‘тс’ (Касп.), параўн. укр. дыял. трояни́ ‘тс’. Множналікавы назоўнік для называння трохчастных прадметаў, гл. траян1.

Трая́чка ‘грашовы знак вартасцю ў тры рублі’ (ТСБМ, Бяльк.), трыя́чка ‘тс’ (Бяльк.), троя́чка ‘трохрублёўка’ (ТС). З рус. троячка ‘тс’, памянш. ад траяк, гл.

Тра-ля-ля́ — выклічнік, які выражае радасць, весялосць, асабліва ў спевах, прыпеўка (Цых.); сюды ж траляля́каць ’прысоўваць’, мянушка Тралялёначка (Ф. Багушэвіч). Параўн. укр. тра‑ла‑ла́ — выгук для выражэння радасці, рус. тра‑ля‑ля́ ’тс’, польск. tra la la ’тс’, чэш. trala, tralala ’тс’, tralalovati ’спяваць tralala’, славен. trȃlala ’тс’. Гукаперайманне, аналагічнае ўтварэнням у іншых мовах, параўн. літ. talala, talalúoti ’балбатаць, трашчаць, плявузгаць’, ідыш tralaláj ’прысоўванне’, tralalajken ’тралялякаць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), ням. tralla, trallala — выгук, што перадае мелодыю без слоў, trällern ’прысоўваць’, франц. tralala, іт. trallalà — імітуюць спевы без слоў. Уключае т. зв. першасныя інтэр’екцыі тра, ля, якія прысутнічаюць і ў складзе выклічнікаў тра‑ра‑ра, тра-та-та, ля‑ля‑ля і пад. Смаль–Стоцкі (Приміт., 178) бачыць у іх перайманне гукаў, якія выдаюць музычныя інструменты (барабан, труба і інш.). Гл. таксама Махэк₂, 649; Duden, Etymologie, 859; Сной₂, 776 (для славенскай мяркуе пра запазычанне з заходнееўрапейскіх моў); ЕСУМ, 5, 617.

Тра-та-та́ ‘водгалас спеву, музыкі’ (маладз., Дзіц. фальклор), тратата́, тратата́м ‘тс’ (Ф. Багушэвіч), польск. tra‑ta‑ta ‘тс’, славац. tra‑ta‑ta ‘тс’, ‘водгалас стрэлаў з кулямёта’ і інш. Гукапераймальнае.