Трая́н1 ‘адзінка вымярэння даўжыні = 3 сажні’ (ПСл), ‘бутля ў тры літры’ (Сцяшк.), троя́н ‘тры рады бульбы, паміж якімі нельга прайсці плугам’ (Выг.), ‘бутэлька ёмістасцю 0,75 л’ (Арх. Вяр.). Як і ўкр. троя́н ‘трое коней’, ‘бацька трох блізнят’, ‘від танца’, утвораны ад асновы троj‑ і суф. *‑ěnъ (< *trojь‑ěnъ), параўн. трайны́, рус. тройной, серб. тро̂јан, тро̂јни, славен. trôjen. Прасл. *trojь (пад уплывам *dvojь) развілося з і.-е. *trei̯ó (ст.-інд. trayā‑, літ. trejì ‘тры, трое’), якое з’яўляецца зборным лічэбнікам з *tréi̯es ‘тры’ (Сной₂, 786). Сюды ж трайня́к ‘моцны пітны мёд’ (Нас.).

Трая́н2 старое ‘здагадлівы, здатны, выдатны чалавек’ (Ю. Віцьбіч, Плыве з-пад Святое Гары Нёман. Мінск, 1995, 22; тое ж Спадчына, 1991, 5, 42), сюды ж, магчыма, трыяньскі: на кыяньской горе, на трыяньской траве стоиць яблыня; на той яблыни зылотое гняздо, у том гняздзе зьмея‑царица Елена (Рам., 5, 180) — фрагмент замовы, які, хутчэй за ўсё, з’яўляецца рэмінісцэнцыяй рукапіснай «Аповесці аб Троі» (пач. XVI ст.), параўн. і ст.-бел. троянский з рукапісу XVII ст. «Траянская гісторыя», побач з трояновый, траяновый, апошняе суадносяць з імем рымскага імператара Траяна (Слова аб паходзе Ігаравым). Існуе некалькі версій паходжання адпаведных славянскіх слоў, гл. найбольш поўны агляд у Паўлік, Scando-Slavica, 38, 170–184. Калі прыняць у якасці зыходнага непацверджаны ўказаннем на канкрэтную крыніцу апелятыў, то найбольш верагоднай падаецца этымалогія Скока (3, 488), які на падставе формаў тыпу харв. trãjan ‘працяглы; моцны’, в.-луж. trać ‘працягвацца, трываць’ і інш. рэканструюе аснову прасл. *tra‑, суадносную з санскр. taratí ‘спраўляцца’, trāyate, trate ‘абараняць’, гл. трываць. Што да УІ Трая́н (Бірыла, Бел. антр. 2, 414), параўн. рус. Троя́н, чэш. Troian (з 1184 г.), серб. Тро̀јан, харв. Trajan, макед. Тројан, якія, верагодна, абазначаюць боства ці міфалагічную істоту, то ў іх аснове можа ляжаць як адпаведны апелятыў (Скок, 3, 489), гістарычнае імя (Фасмер, 4, 107), так і лічэбнік *tri ў сімвалічна-міфічнай ці дыстрыбуцыйнай функцыі, параўн. серб. дыял. троја̀ним ‘прыводжу на свет, нараджаю тройню’ (СДЗб, 52, 395). Гл. Мартынаў, СБФ, 1989, 75; Карпенка, Зб. Супруну, 102; Цыхун, там жа, 274. Пра магчымыя іранскія ўплывы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 625; Вопросы этнических культур в зеркале языка. М, 2002, 256.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)