Трая́к ‘тры рублі’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), ‘манета ў тры грошы, або 1½ сярэбранай капейкі’ (Нас., Федар. 4, Шат., Касп., Эр., Нар. Гом.), ‘75 капеек’ (Растарг.), ‘тры капейкі’ (Байк. і Некр.); ‘бервяно ў тры сажні’ (Касп.), ‘вялікае бервяно’ (Жд. 3), ‘бервяно даўжынёй каля 6 м (на дошкі)’ (чэрв., Нар. лекс., Сл. ПЗБ); ‘мера дроў каля 3 вазоў’ (Мат. Гом.). Утварыліся ў выніку субстантывацыі зборнага лічэбніка троj‑е і суф. ‑ак (< прасл. *‑akъ) (Слаўскі, SP, 1, 89). Назвы манет адлюстроўваюць пералічэнне расійскіх грошай у старую грашовую сістэму пасля падзелу Рэчы Паспалітай паводле эквіваленту 1 капейка = 2 грошы (Станкевіч, Зб. тв. 2, 26).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)