Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гамо́нка ’размова’ (Шат., Касп., Бяльк.). Гл. гамані́ць.

Га́мтаць ’камячыць’ (БРС), гамта́ць ’тс’ (Сцяшк.). Калі гэта не запазычанне з польск. gmatać ’тс’ (з метатэзай гукаў: *гма́таць > га́мтаць), то роднаснае гэтаму польск. слову і іншым слав.: польск. gmatać, gmatwać, gmatusić, чэш. hmatati, славац. hmatati, укр. гма́та́ти. Гэту групу лексем Слаўскі (1, 298–299) выводзіць з прасл. *gъm‑at‑ati (*gъm‑atvati). Гл. агляд літ-ры і версій Слаўскі, там жа. Параўн. яшчэ бел. га́матны ’тоўсты, грубы, завялікі’ (гл.).

Га́музам ’агулам’ (БРС). Рус. дыял. га́музом, укр. га́музом. Паводле Фасмера (1, 391), адносіцца да дзеяслова гомза́ть ’кішэць’ < *gъmъz‑. Трубачоў (Эт. сл., 7, 195) пад *gъmъz‑ разглядае многа славянскіх лексем, у тым ліку рус. гомоз ’мноства’, го́мозом ’усе разам’, га́маз ’маса, мноства’, га́мазам ’разам, агулам’, укр. га́муз ’мякаць; бацвінне (ад буракоў, лісты капусты)’, га́музом ’агулам’, бел. га́музам ’тс’, гаму́з ’шум’. Што гэта слова адносіцца іменна да групы *gъmъz‑, можна не сумнявацца.

Гаму́ла ’клёцкі з бульбы з салам’ (Бяльк.). Відавочна, запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. gomółka ’камяк; круглы сыр’ (памянш. форма да *gomola). Адсюль бел. гаму́ла. Невядома, ці сюды адносіцца ўкр. гаму́ла ’від кашы; няўдалая ежа (боршч, галушкі)’ (Грынч.)?

Гамэ́лак ’неразбіты кавалак цвёрдай ці сухой зямлі на раллі’, ’вялікі кавалак снегу, лёду са снегам’ (слаўг., Яшкін). Магчыма, азванчэннем пачатковага зычнага (асіміляцыяй) з камэлак ’тс’ (а гэта да слав. *komьlь ’камель і да т. п.’).

Гамэ́рня ’сварка’ (Жд. 2). Запазычанне з польск. hamernia ’гамарня; плавільны завод і да т. п.’ Значэнне тут другаснае (параўн. гама́рня2, гл.). Форма гамэ́рня пацвярджае, што і гама́рня1 была запазычана непасрэдна з польск. мовы (насуперак Рудніцкаму, 553–554, які выводзіў гамарня прама з ням. крыніцы).

Ган ’недахоп’ (Нас., Касп.). Каспяровіч параўновае гэта слова з зага́на ’тс’. Аднак лепш параўноўваць (бо фармальна стаіць бліжэй) з укр. га́на ’бессаромнасць, сорам, ганьба’, польск. gana, чэш. hana і г. д., якія адносяцца да слав. *ganiti ’ганьбіць і да т. п.’ (бел. га́ніць, укр. га́нити, рус. дыял. га́нить, польск. ganić, чэш. haniti). Аб слав. *ganiti падрабязней гл. Слаўскі, 1, 254–255 (там і агляд літ-ры). Форма ган, мусіць, нейкае беларускае новаўтварэнне.

Ганабо́лі ’буякі’, ганабо́льнік ’дурнічнік’ (Шатал.). Параўн. яшчэ бел. назвы для Vaccinium uliginosum L.: п’яніцы, дурніцы, дурава, пʼянішніца, а галоўнае, галаваболь (гл. Кіс.). Ва ўкр. мове: безголов, буян, дурнопьян, дурниця, дурнина і, галоўнае, болиголов (гл. Макавецкі, Sł. botan.). Нягледзячы на тое што ў рус. мове дакладная адпаведнасць бел. слову — гонобо́ль (гл. Фасмер, 1, 437; варыянты: гонобо́бель, гоно́бель, гонобо́б, гонобо́й), якое Фасмер (там жа) лічыць магчымым табуістычным словам (’гонит боль’) з пазнейшымі эўфемістычнымі трансфармацыямі, зыходзіць, мяркуем, трэба з *головоболь: дысіміляцыяй плаўных л — л і двух губных в — б узнікла спачатку штосьці тыпу *гоновоболь, а потым гаплалогіяй *гоноболь. Іначай Махэк, Slavia, 23, 1954, 65. Не пераконвае Шанскі (1, Г, 127–128), які, прымаючы дысіміляцыйныя працэсы, зыходзіць ад прыметніка голубой.

Ганаві́цы ’штаны’ (Сцяшк.), ганаві́цы ’рукавіцы’ (Шат.), ’споднікі’ (Шатал.), ’верхнія мужчынскія штаны’ (Сцяц. Словаўтв.). Аб пашырэнні і геаграфіі слова гл. яшчэ Сцяц. Нар., 86. Лексема гэта ўзнікла метатэзай з нагаві́цы ’штаны і г. д.’ (параўн. слав. формы да бел. нагаві́цы ў Сцяц. Нар., 87). Гл. Сцяц. Нар., 86. Параўн. яшчэ Фасмер, 3, 79.

Га́нак ’ганак’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Сцяшк.), ’прызба’ (БРС), ’веранда’ (Жд. 2). Ст.-бел. (з XVI ст.) кганокъ, кганекъ, ганокъ (гл. Булыка, Запазыч., 147). Укр. га́нок, рус. дыял. га́нок. Запазычанне з польск. ganek (а гэта з ням., дакладней, с.-в.-ням. ganc, ням. Gang). Гл. Булыка, там жа; Фасмер, 1, 392; Слаўскі, 1, 254.