Ганабо́лі ’буякі’, ганабо́льнік ’дурнічнік’ (Шатал.). Параўн. яшчэ бел. назвы для Vaccinium uliginosum L.: п’яніцы, дурніцы, дурава, пʼянішніца, а галоўнае, галаваболь (гл. Кіс.). Ва ўкр. мове: безголов, буян, дурнопьян, дурниця, дурнина і, галоўнае, болиголов (гл. Макавецкі, Sł. botan.). Нягледзячы на тое што ў рус. мове дакладная адпаведнасць бел. слову — гонобо́ль (гл. Фасмер, 1, 437; варыянты: гонобо́бель, гоно́бель, гонобо́б, гонобо́й), якое Фасмер (там жа) лічыць магчымым табуістычным словам (’гонит боль’) з пазнейшымі эўфемістычнымі трансфармацыямі, зыходзіць, мяркуем, трэба з *головоболь: дысіміляцыяй плаўных л — л і двух губных в — б узнікла спачатку штосьці тыпу *гоновоболь, а потым гаплалогіяй *гоноболь. Іначай Махэк, Slavia, 23, 1954, 65. Не пераконвае Шанскі (1, Г, 127–128), які, прымаючы дысіміляцыйныя працэсы, зыходзіць ад прыметніка голубой.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)