Вячні́на ’вечнае валоданне’ (Касп.); ’вечнасць’ (Жд., 2). Балг. дыял. ве́чнина, мак. вечнина ’вечнасць’. Архаічнае рэгіянальнае ўтварэнне ад večьnъ з суф. ‑ina. Аднак, прымаючы пад увагу прадуктыўнасць суфікса ‑ina (гл. Слаўскі, SP, 120–123), не выключана магчымасць самастойнага ўтварэння.
Вячо́рашні ’які быў учора вечарам’ (Байк. і Некр., Гарэц., Яруш.), вечорошній ’тс’ (Нас.). Рус. вечорошни(ы)й ’тс’ (Даль). Ад *вечорась ’учора, учора вечарам’; параўн. рус. вечорась ’тс’ (вяц., валаг., наўг. і г. д., СРНГ). Параўн. славен. večę̑rkah ’вечарам’ і večę̑rkašnji ’пасляабедзенны’ (Плет.). З іншай семантыкай фармальна тоесныя ўкр. зах. вече́рішній ’вячэрні’, серб.-харв. вечѐрашњи, славен. večę́rašnji, макед. вечерашен ’тс’, якія пацвярджаюць старажытнасць утварэння. Да формы вечорась параўн. рус. дыял. вчерась; гл. Фасмер, 1, 366 (там і заўвагі адносна склону). Параўн. яшчэ ст.-рус. дьньсь, рус. утрось, летось і г. д., якія, паводле Сразнеўскага, 1, 772, уяўляюць сабой формы він. скл. + указальны займеннік; з’ява яшчэ праславянская.
Вячо́рка ’вячоркі’ (Бяльк., Касп., КТС). Рус. вечорка, балг. дыял. вечерка ’тс’. Утворана з дапамогай суфікса ‑ъ‑к‑а ад асновы вечер‑. Для бел. мовы трэба ўлічваць магчымасць аднаўлення формы адзіночнага ліку ў сувязі з генералізацыяй слова вячоркі. З іншым значэннем падобныя ўтварэнні і ў іншых славянскіх мовах; параўн. польск. wieczorka ’вячэрняе паляванне’.
Вячо́ркавы ’вячэрні’ (КТС). Прыметнік ад вячорак (гл.).
Вячо́ркі (Байк. і Некр., БРС, Уладз., Гарэц., Зн., Зянк., КСТ, КТС, Мал., Сцяшк., Шат., Янк.). Укр. вечірки, палес. вечурки (Лыс., Пал.), рус. вечарка, польск. wieczorki (Карл.). Да вячорка (гл.), форма мн. л. звязана са шматразовым характарам з’явы і ўяўляе сабой характэрную асаблівасць такога тыпу слоў; параўн. рус. посиделки.
Вячо́рніца ’Hesperis matronalis L.’ (БРС, Кіс., РБС). Укр. вечерниці (душисті) (Грынч.), рус. вечерница, польск. wieczernik, в.-луж. wječornička, чэш. večernice, слав. večernica, балг. вечерник ’тс’. Да вячэрні; назва, паводле характэрнай асаблівасці расліны; тое ж у лацінскай назве.
Вячы́сты (БРС, КТС, Нас., Яруш.), вячыстасць ’вечнасць, спадчыннае ўладанне’ (КТС, Нас.), вѣчисто ’на вякі, вечна; моцна’ (Нас.). Укр. вічистий (лем., Грынч., СУМ), ст.-рус. вѣчистый (зах.-укр. тэр.; з граматы Юрыя Холмскага, 1376 г.). Польск. wieczysty, wieczyście, wieczystość ’вечны, на вякі, вечнасць і г. д.’, памор. v́ečəstï, чэш. věčitost ’тс’. Думку адносна запазычання з польскай мовы (Булыка, Запазыч., 61; Гіст. лекс., 94) падтрымліваюць ст.-бел. форма вечисте і адсутнасць слова ва ўсх.-бел. гістарычных помніках. Што датычыцца зах.-укр. і ст.-рус. слоў, то, мяркуючы па храналогіі і геаграфіі, неабавязкова разглядаць іх як польскія запазычанні, гэта хутчэй агульная з’ява. Неабходна адзначыць, што як для ўсх.-слав. моў, так і для польскай суфіксацыя ‑іст‑ у дадзеным выпадку не з’яўляецца натуральнай; гл. Gr. hist., 226 і наст. З паралельнай суфіксацыяй ‑it‑ аналагічныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: чэш. večitý, славац. večitý, балг. вечи́т, макед. вечит, вечито, серб.-харв. вѐчит, вѐчито ’тс’.
*Вячэліна, вече́ліна ’дубец з вярбы’ (КСТ). Верагодна, ад *вецеліна (ветʼеліна), якое далей да *вецельны (< ветла). Цяжкасці выклікае тлумачэнне ч. Параўн., аднак, рус. дыял. вечина ’гнуткі дубец’ (СРНГ), дзе ч, магчыма, < тʼ (ветʼина). Параўн. яшчэ процілеглую з’яву: тураў. чэрэпок/цэрэпок (КСТ).
Вячэ́р ’вячэра’ (Касп.). Відавочна, «аднаўленне» формы м. р., магчыма, па аналогіі да вядомага на той жа тэрыторыі слова ужын. Параўн. да апошняга рус. дыял. ужина ’вячэра’.
Вячэ́ра (Байк. і Некр., БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., КСТ, КТС, КЭС, лаг., Лекс. Пал., Нас., Сцяц., Шат., Шпіл.). Укр. вечеря, рус. дыял. вечеря, польск. wieczerza, памор. v́éčéřa, палаб. vicera, в.-луж. wjačer, н.-луж. wjacerja, чэш. večeře, славац. večeră, серб.-харв. вѐчера, славен. večęrja, макед. вечера, балг. вече́ря ’тс’. Прасл. утварэнне з суф. ‑j‑a ад večerъ (гл. вечар). У частцы слав. моў запазычаны як царкоўны тэрмін ст.-слав. вечерꙗ, якое адрозніваецца націскам. Гл. яшчэ размеркаванне večerja‑južinъ у Вештарт (Лекс. Пал., 93).