Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Ра́мцік ’кант’ (Ласт.). У выніку мены н > м ад рант (гл.).

Рамшту́к, рамчу́к ’палачка на раму’ (Сл. ПЗБ). Вельмі падобна на германізм, параўн. ням. Rahmen, ням.-аўстр. Rahm ’рама’, ст.-в.-ням. ram ’падпора’ і ням. Stock ’палка’. Рамчук магло б разглядацца як адаптацыя замежнай словаформы з выкарыстаннем малапрадуктыўнага, але блізкага па гучанні суф. ‑чук, што тут не нясе памяншальнай семантыкі, уласцівай гэтаму элементу. Цяжка пагадзіцца з Лаўчутэ (Балтизмы, 129), што гэта літуанізм і дэмінутыўнае ўтварэнне ад рама (гл.) з элементам ‑амшт‑ балтыйскага паходжання, параўн. літ. ramstùkas ’тс’ < ramstis ’папярочная планка, падпорка, апора’, remti ’падпіраць’.

Ра́мы мн. л. ’прыстасаванне (дуга з пераплеценымі вяроўкамі), у якім носяць сена’ (полац., ДАБМ, камент.). Да рама 1 (гл.).

*Рамяна, ст.-бел. рамяно ’вельмі, моцна’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. старое рус. рамя́но ’вельмі’, ц.-слав. рамѣно ’тс’, славен. rámeno ’моцна, вельмі, далёка’, славац. ramenito ’моцна’. Звязваюць з ст.-ісл. rammr ’моцны, востры’, ст.-в.-ням. irmin ’моцны’, алб. jerm ’шаленства’, літ. er̃mas ’пачвара, жах’, ę̃rms, ęr̃ms ’малпа; незвычайная з’ява’, арм. arman ’цуд’ (Міклашыч, 273; Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 149).

Рамяне́ц ’стужачны чарвяк’ (ТСБМ); ’змеі?’: “у гэтых камянях і шчуры, і рамянцы” (Дзядзька Квас, Роздум на калёсах, Беласток, 1995, 17). Відавочна, форма чарвяка або змяі нагадвае рамень (гл.), адсюль дэмінутыўнае ўтварэнне, параўн. рамяне́ц ’раменьчык’ (слуц., Шн. 2), рамянцы́ мн. л. ’прывязкі ў лыжах’ (Мат. Гом.).

Рамя́нка ’раменная вяроўка, пераплецены доўгі і вузкі рамень’ (Мат. Гом.). Гл. раме́нь.

Рамяно́ ’плячо’, ’частка адзежы, што на плячо надзяецца’ (воран., іўеў., астрав., Сл. ПЗБ). Праўн. рус. плечики ’тс’. Перанос ад ра́ме (гл.) і выраўноўванне асноў з Н. скл. мн. л. рамёны.

Рамяство́ ’вытворчасць вырабаў ручным саматужным спосабам; саматужніцтва’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп.), рамясло́ ’тс’, рэмясло́ ’ручное майстэрства, умельства’ (Ласт., Сл. ПЗБ), рэмесло́ ’рамяство, занятак’ (ТС), раме́сніцтва ’занятак рамяством’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. ремесло́, реме́ство ’тс’, рус. ремесло́, дыял. ремество́, польск. rzemiosło, в.-луж. rjemjesło, н.-луж. ŕemesło ’тс’, чэш. řemeslo, славац. remeslo, ст.-серб. ремезьство, ст.-слав. ремьство. Параўн. таксама ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, remẽstas ’рамяство’, лат. remêsis ’цясляр’, ramtýti ’секчы сякерай’, лат. ram̃stît ’секчы тупой сякерай, пілаваць тупой пілой’, ст.-прус. romestue ’сякера’, англ.-сакс. remian ’напраўляць, аднаўляць’. Фасмер (3, 469) мяркуе пра сувязь са ст.-рус. ремезъ (адзіная фіксацыя XIV ст.), рус. цвяр. ремеза́ ’спраўны, дзелавы чалавек’, што няпэўна. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 237), форма ремесло з’яўляецца з XVI ст. паланізмам ва ўсходнеславянскіх мовах, які ў пачатку XIX ст. канчаткова выцясніў з ужывання ў рускай мове формы на ‑ство (ремьство, ремество).

Ра́на 1 ’пашкоджанне тканак жывога арганізму’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Варл., ТС), ст.-бел. рана ’тс’ (Сл. Скар.), ’кара, катаванне’ (Карскі, Труды, 339). Параўн. укр., рус. ра́на ’адкрытае пашкоджанае цела’, польск., н.-луж., в.-луж. rana ’тс’, палаб. råno ’тс’, чэш. rána ’тс’, ’удар, няшчасце’, славац., rana ’адкрытае пашкоджанне цела’, славен. rána ’тс’, серб.-харв. ра̏на ’тс’, балг. ра́на ’тс’, макед. рана, ст.-слав. рана ’тс’. Прасл. *rana, параўн. літ. ronà ’тс’, rõnyti ’раніць’, ronótas ’з ранамі, ранены’ (запазычанні са славянскіх моў). Роднаснае да ст.-інд. vraṇá‑ ’рана, шчыліна, драпіна’, алб. varrë ’рана’, vras ’забіваю’ (Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 150). Узыходзіць да і.-е. *u̯er‑ ’раскрыць, разарваць, разадраць’, адлюстраванага ў рус. воро́нка ’лейка’, польск. wrona ’адтуліна, дзіра’ і інш., гл. ESJSt, 12, 748; БЕР, 6, 181 (звяртаецца ўвага на фармальныя цяжкасці пры рэканструкцыі); Глухак, 518; Шустар-Шэўц, 2, 1205.

Ра́на 2 ’раніцай, ранкам, уранні, раннім часам, раней пэўнага часу, загадзя’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.; ашм., Станк.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’ранні час’ (Варл.), ра́но ’тс’ (ТС), ст.-бел. рано ’тс’ (Сл. Скар., Альтбаўэр). Параўн. укр. ра́но, рус. ра́но, ст.-польск. rano ’раннім часам’, польск. rano ’ранкам’ і ’ранак’, палаб. ronü/rånă ’тс’, в.-луж., н.-луж. rano, чэш., славац. ráno ’раніцай, дачасна’, серб.-харв. ра̏но, славен. ráno, балг. ра́но, макед. рано, ст.-слав. рано ’раней пэўнага часу’ і ’ранак’. Слова не мае канкрэтнай этымалогіі. Прыстае тлумачэнне *rano < *radno < з *ordno/*vordno < і.-е. *urōdhno‑ ’час нараджэння сонца’, што мае тую ж аснову, што і *rodъ, адсюль рана ’час нараджэння дня’, параўн. грэч. ὄρορος ’раніцай’, да гэтага ж літ. ritas ’раніца’ (ESJSt, 12, 748 з аглядам версій). Длугаш-Курчабова (429) адзначае, што форма *rano з’яўляецца рэліктавай нячленнай формай прыметніка н. р. адз. л., які субстантывізаваўся, а не адвербіялізаваўся, параўн. прысутнасць склонавых форм яшчэ ў ст.-польск. z rana, po ranu (XVI ст.), а прыкладам далейшай субстантывізацыі польск. rano можна лічыць адсубстантыўнае суфіксальнае ўтварэнне ranek, параўн. бел. ра́нак, раніца (гл.). Паводле заўваг Брукнера (453), польск. z rana узнікла па аналогіі са скланеннем назоўніка zaranie (н. р.) альбо zarań (ж. р.), адсюль польск. z rana памылковае, замест z rania. Параўн. да гэтага рань ’раніца’ (Растарг.), ра́нне ’пачатак дня, раніца, ранак’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ра́не (Сл. ПЗБ, ТС)., з ра́ння́ ’з раніцы’ (Шат., Гарэц.), да ра́ння ’да ўсходу сонца’ (Шат.), параўн. ст.-бел. лежи до ранья (Альтбаўэр), зара́нне, зра́нне ’зранку, вельмі рана’ (Растарг.). Рэйзак (527) лічыць, што *rana з’яўляецца прыслоўем і ўтворана ад прыметніка *ranъ.

Ра́нак ’пачатак дня, раніца’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ра́нкі мн. л. ’тс’ (Нас., Бяльк., ТС), ’самым ранкам’ (Растарг.). Параўн. укр. ра́нок, рус. дыял. ра́нок, польск. ranek ’тс’. Суфіксальнае ўтварэнне ад рана, магчыма, дэмінутыўнае. Гл. ра́на 2.