Ра́нак ’пачатак дня, раніца’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ра́нкі мн. л. ’тс’ (Нас., Бяльк., ТС), ’самым ранкам’ (Растарг.). Параўн. укр. ра́нок, рус. дыял. ра́нок, польск. ranek ’тс’. Суфіксальнае ўтварэнне ад рана, магчыма, дэмінутыўнае. Гл. ра́на 2.
*Ранаць, рона́ць ’перамяшчацца зверху ўніз (пра ніты)’: ніт ронае і получаецца зево (петрык., Шатал.). Фанематычны варыянт раня́ць (гл.).
Ранг ’становішча ў іерархіі’ (ТСБМ), ра́нга ’тс’ (Гарэц.). Відаць, праз рускую ці польскую з ням. Rang ’чын’, якое з франц. rang ’ярус, рад, чын, становішча’, першапачаткова ’месца абвінавачанага ў судзе’, гл. і роднаснае рынг (першапачаткова ’абруч’), што праз ням. Ring ’круг, абруч’ суадносіцца з прасл. *krǫgъ, гл. круг (Фасмер, 3, 442; Сной₂, 622).
Рангаві́ска ’ручка ў вілах’, ранкаві́чка, ранкаяска (навагр., Сл. рэг. лекс.), ранкаві́ско ’ручка ад лапаты’ (Сцяшк. Сл.). З польск. rękowisko ’тс’. Форма ранкаяска ўяўляе сабой кантамінацыю польск. rękowisko і rękojeść ’тс’, ранкавічка, відаць, асацыятыўная форма.
Ра́нда і ранда́ ’арэнда’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц.), рэ́нда ’тс’ (Бяльк.), ’шынок’ (Нас., Касп.), сюды ж рандава́ць ’арандаваць’ (Нас.), ранда́р, ранда́тар ’наймальнік, арандатар; карчмар’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прык., Юрч.). Праз польск. arenda, arendować (у сучаснай польскай мове часцей dzierżawa, dzierżawić, dzierżawca) з с.-лац. ar(r)endare < лац. reddō/reddere ’атрыманае аддаць’ > arrenda ’плата за год’ (Брукнер, 6; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 25). У беларускай мове вядомы таксама варыянт ланда́р (Сержп. Казкі) з распадабненнем зычных. Значэне ’шынок’, параўн. да гэтага укр. ора́нда ’тракцір’, рус. смал. ра́нда/ра́ндо ’кабак’, вынікае са спосабу ўтрымання такіх месц праз арандаванне (Фасмер, 3, 442). Барысава (Бел.-рус. ізал., 10–12) рэгіянальнае (бел.-смал.) ранда ’шынок, карчма’ лічыць семантычнай інавацыяй на базе літ. randá/rendá ’арэнда’, што цяжка давесці. Сюды ж рандо́ўля ’стан арэнды; здача ў арэнду’, рандоўства ’ўтрыманне арэнды’, рандо́ўшчык, рандо́ўшчыца ’арандатар, арандатарка’ (Нас.).
Рандаву́с фальк. ’каханак, палюбоўнік’: “Паехаў мой міленькі да млына / А я рандавуса наняла” (БНТ, Жарт. песні). Запазычанне (праз польскую?) з ням. Randezvous ’спатканне’, якое з франц. rendez‑vous ’спатканне, сустрэча, свіданак’ (< se rendre ’накіравацца, адазвацца на запрашэнне, сабрацца’), што служыла ў якасці загаду вайскоўцам для збору (Антропаў, БЛ, 45, 25; Фасмер, 3, 442; Сной₂, 602). Не выключана семантычнае збліжэнне з фармальна падобным ранда́р ’арандатар; карчмар’, гл. ранда.
Ранда́к ’саматканая суконная ў клетачкі спадніца’ (пух., Мат. дыял. канф.). Значэнне слова адназначна сведчыць пра зыходнае андарак (гл.), трансфармаванае ў выніку дээтымалагізацыі, магчыма, пад уплывам рабак 2 (гл.).
Ранджу́га ’дзяруга’ (Бяльк.). Відавочна ад *раджуга, што варыянта да радзюга (гл.); штучная назалізацыя, характэрная для некаторых гаворак усходу Беларусі, магчыма звязана з жаданнем зрабіць больш “культурнымі” некаторыя вясковыя словы, параўн. рамбіна (гл.).
Ране́т ’сорт яблыні ці яблыкаў’ (ТСБМ), ранэ́та ’гатунак яблыкаў’ (Сл. рэг. лекс., Нар. словатв.). Параўн. рус. дыял. ране́т, ране́та, ране́тка, польск. renetka, чэш. reneta. З франц. rainette/reinette ’тс’ (Мацэнаўэр, Cizí sl., 293), што звязана са значэннем ’каралева, каралеўскі’. Параўн. варыянтнае ням. Reinette, што з французскай, і Königsapfel ’тс’.
Ра́ніца ’першыя гадзіны дня, самы пачатак дня’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Станк.), ра́нніца ’ранні час, ранак’, параўн. ст.-бел. ранина ’ранак’ (XVI ст.; Карскі 2-3, 28). Арэальнае ўтварэнне ад рана (гл.), параўн. у іншых славянскіх мовах: серб. ранѝца ’ранняя чарэшня’, славен. ranica ’ранняя расліна ці плод’, ranina ’ранні вінаград’ і інш.