Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рап’ём ’неадчэпна, назойліва’ (ТСБМ), ’дакучліва, неадчэпна’: рапʼём лезеш у вочы (Сцяшк.). Да рапей (гл.).

Ра́піна ’адліўка (?)’: “выплаўляюць тол… заліваюць яго, расплаўлены, у форму, і атрымліваюць рапіну, — тую ж самую міну, толькі без дэтанатара” (Дамашэвіч). Відаць, ’нешта застылае, зацвярдзелае’, гл. рапа.

Ра́піца ’прамежнасць між капытоў каровы’, ра́поціна ’прамежнасць у капытах жывёлы’ (івац., Нар. лекс.), ра́паткі, ра́паціцы мн. л. ’тс’ (ЛА, 1), ра́потыця ’казырок’ (Лексика Пол.). Звязана з коранем *rap‑, прадстаўленым у прасл. *rapati ’браць, хапаць, сцягваць’ < і.-е. *rep‑ ’хапаць, сцягваць’, лац. rapere ’хапаць’, літ. répti ’ахопліваць’, параўн. таксама польск. дыял. rapa, rapka ’лапа з кіпцем (у птушак і дробных жывёлін)’, rapeć ’лапа, рука, капыт’. Магчыма змяшэнне з утварэннямі з *rak‑, параўн. ракавіца ’прамежнасць між капытоў у парнакапытных’ (Мат. Маг., 2).

Ра́плы мн. л. ’клюшні рака’ (ігн., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка выводзяць з літ. rẽplės ’тс’.

Раплю́к ’птушка пеначка, Phylloscopus’ (Ласт.). Экспрэснае ўтварэнне на базе кораня pan‑ (< panm‑, гл. рапт, раптам), аформленага частотным у назвах птушак суфіксам (гл. Антропаў, Назв. птиц, 85–86 і інш.), г. зн. птушка атрымала назву па ўласцівасцях руху, прычым адзінкавая фіксацыя сведчыць, хутчэй, на карысць уласнай словатворчасці аўтара. Не выключана, аднак, утварэнне на базе гукапераймання, параўн. н.-луж. wrona rapa, чэш. дыял. straka rapoce і найменні тыпу ўкр. рапа́к, рапа́ч, рапча́к ’птушка драч. Crex crex L.’, в.-луж. rapak ’птушка крумкач, груган, Corvus corax L.’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1207.

Ра́пма прысл. ’неабдумана’ (лельч., Нар. лекс.). Вынік дээтымалагізацыі зыходнага раптам (гл.), аформленага прыслоўным суфіксам ‑ма па тыпу па́рма ’парай (коней)’ (гл. Карскі 2-3, 67): а́птма са спрашчэннем збегу зычных і далейшым семантычным развіццём, параўн. рапта́мі ’нечакана’ (ТС).

Рапо́тка1 ’капыт’ (ТС). Гл. рапіца.

Рапо́тка2 ’расліна скочка дахавая, Sempervivum tectorum L.’ (лельч., Бейл.). Няясна; магчыма, да папярэдняга слова з-за падабенства частак расліны з капытом.

Рапс ’сорт бручкі, свірэпка, Brassica (Rapa) oleifera, Brassicca napus Brassica asperifolia’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). З польск. raps ’тс’, позняга запазычання з ням. Raps ’тс’ (< лац. raicium), гл. Нававейскі, Zapożyczenia, 313.

Рапт ’парыванне, імпэт’ (Нас., Байк. і Некр.), ра́птам ’знянацку, нечакана, імкліва’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Варл., Растарг., Сл. ПЗБ), ра́птом ’нечакана, адразу; усяго толькі’ (ТС), параўн. укр. ра́птом ’ураз, неспадзеўна’, рус. смал. рапт ’парыў, імгненне’, раптом ’нечакана, адразу’. Запазычана з польск. rapt ’крадзеж, захоп’ з лац. raptus ’рабунак’ шляхам адсячэння назоўнікавага канчатка ‑us, raptem ’знянацку’ з лац. raptim ’спешна’, што выводзяцца з лац. raptō ’хапаць, красці’, гл. Брукнер, 454; Фасмер, 3, 443. Сюды ж рапто́ўна, рапто́ва ’знянацку, нечакана, неспадзявана’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), рапто́ўно, рапто́во ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс.), раптэ́я ’тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ранта́мі ’тс’ (ТС), раптаві́цай ’знянацку’, раптэ́чня ’нечакана’, рапто́ўе ’нечаканасць’ (Сцяшк. Сл.).

Рапта́ць, рапта́ці ’наракаць, выказваць незадаволенасць, крыўду’: рэпча ён на міне (Сл. ПЗБ), рапча́ць ’злаваць’ (Сцяшк. Сл.), параўн. укр. ропта́ти ’бурчэць пад нос; гаварыць усім разам; цурчаць’, рус. ропта́ть ’выказваць незадаволенасць’, ст.-польск. reptać ’шабуршаць; выказваць незадавальненне’, славен. дыял. roptati ’тс’, харв. ròptati ’бурчэць, гудзець, наракаць’, балг. ропта́я ’крычаць, выказваць незадаволенасць’, макед. роптае ’бурчэць, наракаць’, ст.-слав. ръпътати ’тс’. Прасл. *ropъtati, варыянт *rъpъtati, параўн. дац. rappe ’гагатаць’ (Фасмер, 3, 502; Шустар-Шэўц, 2, 1236: мяркуе пра анаматапеічныя варыянты *rep‑, *rap‑, *rъp‑; Бязлай, 3, 197).