Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ра́птуг ’залп’ (Ласт.). Відавочна, штучнае аўтарскае ўтварэнне на базе кораня рапт‑ (гл. рант, раптам), аформленага агрэсіўным суфіксам.

Рапту́х ’вераўчаны мяшок для сена (каню ў дарогу)’ (Арх. Федар., Варл., Жд. 3, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), рыптю́х ’тс’ (драг., Нар. лекс.), рэпцю́х ’аброчная торба’ (івац., Жыв. сл.), рапцю́х ’сетка з вяровак для сена каню’ (докш., Янк. Мат.). Гл. рэ́птух.

Рапу́ха ’вялікая палявая жаба з бугрыстай скурай шэрага або зялёнага колеру’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Гом., Сцяшк., ЛА, 1), ’жаба, Bufo vulgaris’ (Касп.), рапу́га ’земляная жаба’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), рыпу́га, рапо́ха ’тс’ (Сл. ПЗБ), ро́пуха ’жаба з жоўтым падбрушшам’ (ТС), рабу́ха, храпу́ха ’тс’ (ЛА, 1), рапэ́ся ’жаба’ (круп., Макар.); у большасці гаворак выступае ў значэннях ’неахайная жанчына’, ’жанчына, што мае пачварны твар пасля воспы’. Параўн. укр. ро́пуха, ряпу́ха, ро́павка ’жаба’, рус. дыял. ропу́ха, польск. ropuchay chropucha ’тс’, каш. ropucha ’авечая вош’, чэш. ropucha ’жаба’ (з польск.), славац. ropucha, repucha ’тс’, в.-луж. ropucha ’вадзяны хрэн’. Старажытная арэальная назва, метафарычна перанесеная пазней на іншыя асобы, прадметы або з’явы на вобразнай аснове (з-за няроўнай барадаўчатай скуры, непрыемнага выгляду, надутасці і пад.), параўн. ESSJ, Ukaz. čislo, 89–92 (з аглядам версій). Насовіч адзначае, што рапуха гукапераймальнае ад крыку жаб, што нельга выключыць, улічыўшы пастаянны прызнак, што вылучаецца ў народнай мове, параўн. скверэцца як рапуха (Сержп. Прык.), і наяўнасць анаматапеічнай варыянтнай базы *rep‑, *rop‑ (гл. Шустар-Шэўц, 2, 1236). Брукнер (463, гл. таксама Трубачоў у Фасмера, 3, 503; ЭССЯ, 8, 82; 11, 90) узводзіць да *chropucha ад шурпатай, “храпаватай” скуры, да гэтага польск. дыял. rapaty ’шурпаты, шорсткі’ і rupić ’рабіцца няроўным, шурпатым, (пра твар) бугрыстым, васпаватым’, серб. рапав, храпав ’бугрысты, шурпаты’, што суадносяць з літ. rùpti ’рабіцца шурпатым’. Фасмер (3, 503) схіляецца да сувязі з рапа́ ’бруд, падобны на гной’ (гл.), што суадносіцца з іншай назвай земляная жаба, ралейная жаба ’жаба, што сядзіць у зямлі, глеі, рапе’. Адносіны славянскіх назваў да літ. rùpuże ’жаба’ застаюцца няяснымі, аднак пераважае думка пра незалежныя ўтварэнні, параўн. Анікін, Опыт, 263, дзе запазычанне дапускаецца толькі для формы рус., бел. рапу́га (< літ. rapūga ’жаба’). Беларускі ўплыў мяркуецца для літ. rapùkas ’жаба з чырвоным жыватом’. Элемент ‑пуга ў складзе назвы можа звязвацца са значэннем ’дуць, надувацца’, параўн. харв. žaba puhača ’рапуха’ (= žaba krastača), якое Скок (3, 69, 77) атаясамлівае з іншай назвай — pugȁča ’тс’, што яшчэ раз сведчыць пра магчымасць розных уплываў і асацыяцый, выкліканых яркім вобразам аб’екта намінацыі, у тым ліку з *korsta ’кароста’ (кароставая жаба, Сл. ПЗБ), *kora ’кара’ (каравая жаба, ЛА, 1), *korpa ’рубец, бародаўка’, *korpavъjь ’бугрысты, выспаваты’ (каропавая жаба, Сл. ПЗБ), гл. ЭССЯ, 11, 90, 96.

Ра́пушка ’невялікая прэснаводная рыба сямейства ласасёвых’ (ТСБМ), ра́пушка, ря́пушка ’сялява, Coregonus albula L.’ (Жук.). Параўн. рус. ря́пушка ’тс’. Паводле Усачовай (Зб. Бернштейну, 1971, 467 і карта), назва характэрна пераважна для паўночна-заходняй Расіі і суадносіцца з вепс. ŕäpus, фін. rääpus, эст. räabus, rääbis ’тс’, ад якіх узніклі рус. ря́пуша, ря́пуха, адкуль з суфіксам ‑к(а) утворана назва, гл. Фасмер, 3, 538, які адмаўляе сувязь з лат. rempans ’кароткі і тоўсты’ і ням. Raupe ’вусень’, а таксама з рабы, гл. Праабражэнскі, 2, 242; Усачова, Слав. ихт. терм., 88. Не звязана з польск. rapa ’назва рачной рыбы’ (< ням. Rapfen, гл. Брукнер, 454) і н.-луж. rapa ’карп’ (< с.-н.-ням. rape ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1207). Гл. таксама Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 187–189.

Рапэ́та ’страва з сумесі агародніны і круп’ (лід., Сл. ПЗБ). Няясна. Параўн. польск. жарг. repeta ’баланда’, ’суп’, а таксама ’дадатковая порцыя ежы, дабаўка’, якія Каня (Słownik, 189) узводзіць да лац. repeto ’паўтараю’. Магчыма, праз французскае пасрэдніцтва, параўн. Сной, 534, які адзначае, што славен. repete ’яшчэ раз, яшчэ адну порцыю’ выкарыстоўваецца як выклічнік і паходзіць з франц. répété ’паўтораны’, што з’яўляецца пасіўным дзеепрыметнікам прош. ч. ад дзеяслова répéter ’паўтараць, паўтарыць’; больш верагодна ад франц. répétez ’паўтарыце’ ў Кліч. скл. (< лац. repetere ’тс’). У гаворку магло трапіць з турэмнага або салдацкага жаргону.

Рапярці́ць ’вучыць, як рабіць; настаўляць, павучаць’, сюды ж зваротныя з істотным зрухам семантыкі рапярці́цца, нарапярці́цца ’збірацца пайсці, паехаць куды-небудзь’ (віл., Жыв. сл.), рапярці́ць (ріпярці́ць) ’рыхтавацца, збіраць’, рапярці́цца ’рыхтавацца, збірацца’ (Юрч.). Параўн. рус. дыял. (урал.) реперти́ться ’харахорыцца, задзірацца’, у якім Куркіна (Этим. иссл., 6, 29) хоча бачыць словаскладанне прыслоўя *jarě (гл. я́ры) і дзеяслова *pertiti, вытворнага ад *perti (гл. перці1), што можа патлумачыць значэнне ’павучаць, настаўляць’. Што датычыць значэння ’збірацца, рыхтавацца’, то тут магчыма супастаўленне з рус. дыял. (уран.) подрепети́ть ’падрыхтаваць’, подрепети́ться ’навесці парадак, прыбраць’, якія Куркіна (там жа) збліжае з балг. дыял. ерепе́тим се ’харахорыцца, важнічаць, надувацца’, рус. дыял. ерепеси́ть ’дасягаць, дабівацца чаго-небудзь неадчэпнымі просьбамі, прыстасаваннямі’, ере́пестить ’з лаянкай, пануканнямі прымушаць працаваць’, для якіх узнаўляецца прасл. дыял. *jarěpętiti sę, што з прыслоўя *jarě ’р’яна, з запалам’ і дзеяслова *pętiti (гл. пяць2, пну), гл. Трубачоў, Этимология–1970, 371; ЭСCЯ, 8, 172. Для апошніх нельга выключыць сувязь з рэпетава́ць ’злавацца; крычаць’ (гл.).

Рапяхі́ мн. л. ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (жлоб., Шатал.). Відаць, да рэ́пех ’лопух’ (гл.), вобразны перанос учэпістых калючак лопуху або дзядоўніку на рэшткі кастрыцы, што трапляюцца ў недастаткова вычасаным ільне.

Рара́ты (рора́ты) ’служба ў каталікоў пасля паўночы перад Раством’: пошли в косцёл на рораты (Нас.). Паводле аўтара слоўніка, з лац. aurorata ’?’ — відаць, народнаэтымалагічнае аднясенне да aurōra ’ранняя зорка’. Паводле Брукнера (463), польск. roraty ’першая ранняя імша ў перыяд адвенту ў каталікоў’ ад першых слоў псалма rorate соеіі (= спусціце росы, нябёсы).

Рарог ’парода сокала Falco L.’, ст.-бел. рарогъ ’тс’ (Ст.-бел. лексікон). Лічыцца запазычаннем са ст.-польск. rarog ’балабан, Falco cherrug Gray’ (Булыка, Лекс. запаз., 143), якое ўзыходзіць да лексічнага дыялектызма познепраславянскай эпохі *rarogъ, параўн. укр. рарі́гзах.-слав.), польск. raróg, каш. rårog ’тс’ і ’капрызны, распешчаны чалавек’, чэш. raroh, славац. rároh, в.-луж. raroh ’тс’; сюды ж адносяць таксама харв. ràrog, rȁrog ’лангуст, Palinurus vulgaris’, славац. rárohy, rárož ’сухія (якія тырчаць) галіны’, чэш. мар. rároh, rárohy ’стары хлам, барахло, старая мэбля’. Паводле Краўчука (БЛ, 9, 23–26), утворана ад прасл. *rogъ (гл. рог) шляхам рэдуплікацыі і падаўжэння першага складу, значыла ’нешта зубчастае, тырчачае’, адносна сокала і марскога рака ’з зубцамі (на дзюбе, на клешнях)’ пэўную паралель ўяўляе славен. rȃcar і іншыя назвы ястрабаў, што выводзяцца з харв. rȁčve ’рогі, рагулькі’, гл. Бязлай, 3, 142. Адносна праславянскай лексемы выказваліся і іншыя версіі. Міклашыч (271) прапанаваў звязаць з ц.-слав. раръ ’sonitus; шум, крык’, і гэта думка пераважае ў большасці слоўнікаў, гл. Бязлай, 3, 152; Сной₂, 523; Борысь (510) прапануе разглядаць *rarogъ як вытворнае ад дзеяслова *rarati ’утвараць гучныя, рэзкія гукі’ (з апеляцыяй да польск. дыял. rarać ’спяваць, аб жаваранку’), якое далей да *rarъ ’шум’. Радзей разглядаецца версія пра запазычанне з іран. *varaŋga (з асіміляцыяй на славянскай глебе v‑r > r‑r), гл. Махэк₂, 508. Гл. таксама Антропаў, Назв. птиц, 339–340.

Рары́тус ’асалода’ (воран., Сл. рэг. лекс.). З акцэнтаваннем значэння ’надзвычайны, якасны’, праз польск. rarytas ’рэдкая рэч’ ці непасрэдна з лац. rāritās ’рэдкасць, малая колькасць’, rārus ’рэдкі, дасканалы, гатунковы, надзвычайны’, у адрозненні ад рарытэт, што праз ням. Rarität ’рэдкасць’.