Рарог ’парода сокала Falco L.’, ст.-бел. рарогъ ’тс’ (Ст.-бел. лексікон). Лічыцца запазычаннем са ст.-польск. rarog ’балабан, Falco cherrug Gray’ (Булыка, Лекс. запаз., 143), якое ўзыходзіць да лексічнага дыялектызма познепраславянскай эпохі *rarogъ, параўн. укр. рарі́гзах.-слав.), польск. raróg, каш. rårog ’тс’ і ’капрызны, распешчаны чалавек’, чэш. raroh, славац. rároh, в.-луж. raroh ’тс’; сюды ж адносяць таксама харв. ràrog, rȁrog ’лангуст, Palinurus vulgaris’, славац. rárohy, rárož ’сухія (якія тырчаць) галіны’, чэш. мар. rároh, rárohy ’стары хлам, барахло, старая мэбля’. Паводле Краўчука (БЛ, 9, 23–26), утворана ад прасл. *rogъ (гл. рог) шляхам рэдуплікацыі і падаўжэння першага складу, значыла ’нешта зубчастае, тырчачае’, адносна сокала і марскога рака ’з зубцамі (на дзюбе, на клешнях)’ пэўную паралель ўяўляе славен. rȃcar і іншыя назвы ястрабаў, што выводзяцца з харв. rȁčve ’рогі, рагулькі’, гл. Бязлай, 3, 142. Адносна праславянскай лексемы выказваліся і іншыя версіі. Міклашыч (271) прапанаваў звязаць з ц.-слав. раръ ’sonitus; шум, крык’, і гэта думка пераважае ў большасці слоўнікаў, гл. Бязлай, 3, 152; Сной₂, 523; Борысь (510) прапануе разглядаць *rarogъ як вытворнае ад дзеяслова *rarati ’утвараць гучныя, рэзкія гукі’ (з апеляцыяй да польск. дыял. rarać ’спяваць, аб жаваранку’), якое далей да *rarъ ’шум’. Радзей разглядаецца версія пра запазычанне з іран. *varaŋga (з асіміляцыяй на славянскай глебе v‑r > r‑r), гл. Махэк₂, 508. Гл. таксама Антропаў, Назв. птиц, 339–340.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)