Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Расані́ца ’расада, капусныя насенныя ўсходы’ (Мал.). Дээтымалагізацыя незафіксаванага, але цалкам магчымага *раса́дніца (гл. расада) у выніку асіміляцыі групы ‑дн‑ на стыку марфем, ускладненая пераносам націску. Параўн. серб. са́дница ’сажанец’.

Раса́нкі толькі мн. л. ’расліна святаяннік звычайны, Hypericum perforatum L.’ (Ласт., Кіс.). Фанематычны варыянт рася́нкі (гл. рася́нка), верагодна, пад уплывам раса 1 ў сувязі са звычайным распаўсюджаннем расліны ў “расістых” месцах, у тым ліку на лугах, па берагах рэк і азёр.

*Раса́ўка, роса́ўка ’жытні дэман, якім палохалі дзяцей, русалка’ (ТС), роса́лка ’тс’ (Выг.): роса́лка лякала дытэй, шоб жыта ны мя́лы; страшная, з роспу́шчанымы коса́мы (брэсц., Леванц.). Палескі варыянт традыцыйнай назвы руса́лка ’тс’ (гл.) у выніку збліжэння з раса 1 (гл.). Аднак параўн. расаватначка ’тс’ (гл. расаваць), што хутчэй сведчыць пра сувязь з раса 2 (< *ręsa) або раса 3 (гл.).

Расахаві́лы ’драўляныя вілы, акаваныя жалезам’ (валож., ЛА, 2), рассахаві́лы ’драўляныя вілы на два зубы’ (Жд. 3). Відаць, кантамінацыя расо́ха (гл.) і ві́лы, параўн. сахаві́лы ’тс’ (гл.). Цікавы выпадак спалучэння ў адным слове праславянскіх сінонімаў рознага паходжання, параўн. Мартынаў, Балто-слав.-итал. изогл., 35.

Расаха́ты ’з раздвоеным ствалом, вілаваты (пра дрэва, сук)’, ’рагаты, з галіністымі рагамі (напрыклад, пра лася)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), расаха́ты, россоха́ты, росо́ховаты ’галінасты, раскідзісты’ (ашм., Стан.; ЛА, 5), расаха́ты ’раскудлачаны’ (астрав., Сл. ПЗБ), росохова́ты ’з разгалінаваннем’ (ТС). Утварэнне ад *rozsoxa (гл. расо́ха).

Расахе́т, расахе́та ’азярод’ (ашм., Сл. ПЗБ). Суфіксальнае ўтварэнне ад расо́ха (гл.) з рэдкай суфіксацыяй ‑ет(а); магчыма, ад расаха́ты (гл.), параўн. рассаха́ткі мн. л. ’азярод’ (Сл. ПЗБ), збліжанае да хата (з-за наяўнасці стрэшкі?).

Расе́я ’Расія, Вялікаросія’ (Байк. і Некр.); сюды ж Расейшчына ’тс’, расе́йскі ’расійскі, рускі’ (Байк. і Некр.), росе́йка ’прыежджая з Расіі’ (ТС). Параўн. рус. дыял. Росе́я, сіб. росе́ец, росе́йцы ’людзі, прышлыя з цэнтральнай Расіі’. Магчыма, запазычана з рускіх дыялектаў, а не праз пісьмовыя крыніцы, бо ў апошніх амаль не сустракаецца, не выключае і самастойнае ўтварэнне. Не нясе абражальнай семантыкі. Лічылася на Русі першасным, “народным” словам у адрозненні ад штучнай назвы Расія (Россия), што распаўсюджваецца ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю непасрэдна пад уплывам грэч. Ρως, Ρωσσία ў асяроддзі, дзе валодалі грэчаскай мовай, з патрыяршай канцылярыі ў Канстанцінопалі (Фасмер, 3, 505). Чаргаванне е/і, імаверна, залежыла ад націску і адпавядала фанетычнаму чаргаванню, пазней знікламу, параўн. Еўла́мпія — Лампе́я, рус. ли́лия — бел. ліле́я, падобна, як Індыя — індзеец, маглі ўтварыцца асабовыя формы Расія — расе́ец, расе́йка; параўн. таксама варажы́ць — варожэ́я, варажэ́йка, падары́ць — падарэ́йка ’жабрак’ і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 36, 37). Пэўнай мадэллю маглі паслужыць жаночыя імёны тыпу Саламея, Пелагея, Надзея, суадносныя з мужчынскімі імёнамі на ‑ей, накшталт Цімафей, Аляксей. Гл. падрабязней Кур’ян, Роднае слова, 2005, 4, 24.

Ра́сінскі ’вышэйшага гатунку’ (Юрч.). Ад ра́са 2 ’парода’, гл.

Расі́сты 1 ’пакрыты расой’ (ТСБМ). Звычайна ро́сны ’тс’, гл. раса́ 1.

Расі́сты 2 ’мяцёлчаты (авёс)’ (мсцісл., З нар. сл.). Параўн. польск. rzęsisty ’багаты’, балг. реси́ст ’што мае махры ці падобны да махроў’, славен. resast ’злакавы’, ’маючы вусікі’. Гл. раса́ 2.

Расі́цца 1 ’памалу есці’, звычайна ў прош. ч. з адмоўем не: не расі́лася ’і расінкі ў рот не брата’ (Сцяц.), росі́цца ’браць у рот, перакусваць’ (ТС), rasíś ’пажаданне з’есці, дакрануцца вуснамі’ (Варл.). Да раса́ 1 (гл.) са зразумелым метафарычным пераносам.

*Расі́цца 2 (rʼesʼitysʼa) ’цвісці, квітнець (пра жыта)’ (палес., Выг., Смул.). Параўн. укр. ряси́ти ’быць пакрытым лістамі, пладамі’, серб.-харв. ре́сити се ’прыгажэць’, ресати ’цвісці, распускацца’, балг. ря́сам ’цвісці, пакрывацца пупышкамі’, реся́ 3 ас. адз. л. ’выпускаць вусікі, распушвацца, цвісці (пра расліны)’. Гл. з іншым вакалізмам расаваць, укр. роси́ты ’цвісці (пра жыта)’ і пад., усё да *ręsa (Смулкова, Białoruś, 229), гл. раса́ 2.