Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Іро́нія. Крыніца запазычання: грэч. εἰρωνεία ’пытанне’, потым ’пытанне, якое ставіць у тупік’, ’тонкая насмешка’, адкуль лац. ironia. У бел. мову слова трапіла праз рус. (Крукоўскі, Уплыў, 77). У рус. з 10‑х гадоў XVIII ст. (Біржакова, Очерки, 365) з польск., улічваючы націск (Фасмер (2, 139) не выключае магчымасці французскага ці нямецкага пасрэдніцтва, Шанскі (2, I, 114–115) называе французскую крыніцу).

І́рты ’лыжы’ (Гарэц., Касп., Бяльк.; Маш., 26). Рус. арл., смал. и́рты ’лыжы’; параўн. таксама славен. rtíče ’сані’. Ст.-рус. рты ’лыжы’ зафіксавана ў Ніканаўскім летапісе пад 1444 г. (спіс XVI ст.). Бел. лексема з прыстаўным і‑ ўзыходзіць да ст.-рус. рты і генетычна звязана з *rъtъ (гл. рот.). Назва паводле формы загнутых і завостраных спераду палазоў; параўн. ст.-рус. рътъ ’верх’, ’пярэдняя частка, нос у карабля’, славен. ŕt ’вастрыё’, ’мыс’, серб.-харв. р̑т ’верхавіна, вострая частка якога-н. прадмета’, ’мыс’, балг. рът ’узгорак, узвышша’, макед. ʼрт ’мыс’. Гл. нарты.

Ірунда́ ’глупства’ (Бяльк.). З рус. ерунда́ (першая фіксацыя — 1845 г.), якое ўзнікла ў мове семінарыстаў з лац. gerundium ’герундый’ (Фасмер, 2, 26; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 263).

І́рха ’вузенькая палоска скуры або аўчыны, якая закладваецца ў шво кажуха, рукавіцы і інш.’, ’тасёмка або вузкая палоска аўчыны, якой абшываюць край адзення або абутку для ўпрыгожання; аблямоўка’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Янк. I; брэсц., Янк. Мат., 124; Сл. паўн.-зах., Мядзв., Грыг.), ірха́ (Мат. Гродз.), ірша́ (Касп.), іршы́ць ’закладваць у шво ірху; аблямоўваць, абшываць край чаго-н. ірхой’ (ТСБМ, Нас.). Ст.-бел. ирха, ерха ’двухбаковая замша’ (1582 г.) запазычана са ст.-польск. ircha, jercha (Булыка, Лекс. запазыч., 106). З польск. таксама рус. дыял. и́рха, и́рга ’вырабленая скура’, ’аблямоўка футрам’, укр. дыял. ирха ’вырабленая скура’. Польск. ircha ’гатунак замшы, мякка вырабленая скура’, в.-луж. jěrcha, чэш. jircha, славац. ircha ’тс’, славен. írh, irha ’гатунак скуры’, irhovȋna ’замша, аленевая скура’, серб.-харв. ѝра ’вырабленая авечая скура’ ўзыходзяць да с.-в.-ням. irch, erch, ст.-в.-ням. irach ’белая дубленая скура’ ад лац. hircus ’казёл’. Гл. Праабражэнскі, 1, 273–274; Фасмер, 2, 139; Брукнер, 193; Слаўскі, 1, 465; Махэк₂, 227; Скок, 1, 728; Безлай, 1, 212.

Іршаве́йка ’рыбалоўная сетка з малымі вочкамі ў сеткавым палатне’ (віц., Нар. лексіка, 34). Мабыць. кандэнсат словазлучэння варшаўская сетка з суф. ‑ейк‑а, часткова перааформлены фанетычна ў пачатку слова.

І́ск ’пчаліная разведка’ (Шат., Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах., Інстр. I; слаўг., Нар. сл., 244), ’новы рой’ (Жд 3); параўн. рус. смал. иск, пск. иска́ ’пчолы, якія шукаюць месца для новага аддзяліўшага рою’. Бязафікснае ўтварэнне ад іскаць (гл.); параўн. скаль. Сюды ж іскава́ць ’шукаць, разведваць’, іскавы́ ’пошукавы’ (Сл. паўн.-зах.).

Іска́ць ’шукаць’ (Бяльк., Юрч. Сін., Сл. паўн.-зах.), іска́ць, іска́цца ’шукаць у галаве’ (Шат., Касп.). У літ. мове выціснута агульнабел. шукаць. Рус. иска́ть ’шукаць’, дыял. иска́ться ’шукаць у галаве’, укр. дыял. ська́ти ’шукаць у галаве’, польск. iskać ’шукаць вошы’, ст.-чэш. jíiskati ’шукаць’, славац. ískať ’шукаць у галаве’, славен. iskáti ’шукаць’, серб.-харв. ѝскати ’жадаць’, ’шукаць’, балг. и́скам ’жадаць’, ’прасіць’, ’патрабаваць’, макед. дыял. иска ’хацець’. Ст.-слав. искати ’шукаць’, ’імкнуцца, хацець’, ’прасіць’, ст.-рус. искати ’шукаць’, ’імкнуцца, хацець’, ’дамагацца’, ’прасіць’, ст.-бел. искати ’шукаць’. Прасл. *jьskati працягвае і.-е. *ais‑ ’жадаць, хацець, шукаць, патрабаваць’ (Покарны, 1, 16); параўн. літ. ieškóti ’шукаць’, лат. iẽskât ’шукаць вошы’, ст.-інд. iccháti, авест. isaiti ’шукаць, жадаць’, ст.-в.-ням. eiskōn, ням. heischen ’патрабаваць’, англа-сакс. āscian, англ. to ask ’пытацца’. Гл. Фасмер, 2, 139–140; Слаўскі, 1, 729–730; Безлай, 1, 212; Трубачоў, Эт. сл., 8, 238–239, дзе агляд літ-ры.

І́скра1 ’маленькая часцінка распаленага або палаючага рэчыва, яркі зіхатлівы водбліск, бліскучая кропка’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Яруш., Сл. паўн.-зах., Бяс.), скра (Нас.), зборн. і́скырья (Бяльк.). Рус. и́скра, дыял. и́скорье, искорьё, укр. і́скра, скра, польск. iskra, уст. і дыял. skra, в.-луж. škra, н.-луж. škŕa, палаб. jȧskra, чэш. jiskra, славац. iskra, славен. ískra, серб.-харв. и̏скра, балг. и́скра, макед. искра. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. искра. Прасл. *jьskra роднаснае *ěsk‑ з суфіксальнай варыяцыяй ‑r‑/‑n‑ (гл. яскравы, ясны). Трубачоў, Эт. сл., 8, 239–240; Фасмер, 2, 140; Безлай, 1, 213; Слаўскі, 1, 467 (першапачаткова прыметнік з суф. ‑ro‑). Іншыя спробы этымалагічнага тлумачэння выклікаюць сумненні: 1) сувязь з грэч. ἐσχάρα ’ачаг’ (Казлоўскі, AfslPh, 11, 1888, 389); 2) збліжэнне са ст.-в.-ням. asca, гоц. azgō ’попел’ < і.-е. *ăs‑ ’гарэць, палаць’ (Ільінскі, РФВ, 65, 1911, 218–221); 3) метатэза *ĭsk‑rā: лац. sci‑nt‑illa (Атрэмбскі, Studia indoeuropeistyczne, 26); 4) супастаўленне з літ. iš‑skríeti ’вылецець’ (параўн. крыло), адкуль зыходнае значэнне ’вылятаючая з агню часцінка’ (Махэк₂, 227).

І́скра2 ’гваздзік, Dianthus deltoides L.’ (Кіс.), і́скарка ’гваздзік, Dianthus L.’ (Інстр. II). Метафарычны перанос з іскра1 (гл.); назва кветкі паводле яркай афарбоўкі. Гэта ўстойлівая метафарычная назва шырока вядома ў слав. арэале; параўн. укр. дыял. искорник ’расліна Ranunculus acris’, польск. дыял. skierka ’расліна Aster amellus’, чэш. дыял. jiskerka ’маргарытка’, славац. дыял. iskra ’тс’, славен. ískra ’bellis perennis’, ískrica ’bellis perennis’, ’primula pubescens’, ’primula auricula’, серб.-харв. и̏скрица ’астра дзікая’.

Існава́нне ’наяўнасць чаго-н., каго-н. у рэальнасці, быццё; жыццё, спосаб жыцця’ (ТСБМ), істнава́ньне (Гарэц.). Частковая калька па ўзору польск. istnienie ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 256; Гіст. мовы, 2, 141); параўн. укр. існува́ння. Гл. існы.

І́снасць ’сутнасць’ (ТСБМ, Бяльк.), ’праўда’ (Інстр. III), істасьць ’сутнасць’ (Касп.), и́стосць ’шчырасць’ (Нас.), параўн. рус. дыял. и́стость ’ісціна; уласцівасць, якасць, стан існага’, и́стоть ’сапраўднасць, сутнасць’. Ст.-бел. истность у першых друкаваных кнігах (Гіст. мовы, 1, 295) з польск. istność ’сутнасць’ ад istny (гл. існы).