Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ралец ’частка сахі’ (Гарб.). Да рала2 (гл.).

Рале́шнік ’валачобнік’ (Сцяшк. Сл.). Ад выклічніка ралё!, што спяваюць валачобнікі, параўн. літ. ralio!, характэрных для “ралявання” (велічання), гл. Грэймас, Этн., 143. Менш верагодная сувязь з рус. раёшник ад раёк ’батлейка’, іншая назва — ку́кольник. Параўн. лалоўнікі (гл.).

Ралі́ць ’араць’, ’рабіць паўторнае папярэчнае аранне’ (Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Лексика Пол.), ра́ліць (Лексика Пол.). Вытворнае ад рала2 (гл.), параўн. польск. radło > radlić/redlić ’тс’ (Брукнер, 452). Другаснае, больш позняе ўтварэнне ў параўнанні да араць (гл.).

Раллё1 ’узаранае поле, ворыва; аранне’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк., Мат. Маг.), параўн. славен. (o)ralje ’узаранае поле, ніва’, старое чэш. rolí ’поле, ніва’, што да зборн. прасл. *orlьje (< прасл. *ȏrlь, параўн. ст.-рус. раль ’ворыва, поле’, серб.-харв. rȁl, rȃl ’мера зямлі, ворыва’, славен. rȃl ’аранне; узараная зямля’), гл. Бязлай, 3, 148. Параўн. ралля (гл.).

Раллё2 ’бязладдзе, нагрувашчванне’, ’няўмека, неакуратны чалавек’ (Юрч. Фраз. 1), ’нязгрэба, неахайны чалавек’ (мсцісл., Нар. сл.). Імаверна, ад рала1 (гл.), у тым ліку ра́лья ’тоўстыя разгалістыя сукі’, магчыма, пад уплывам галлё. Параўн. таксама з райло (гл.).

Ралля́ ’узаранае поле, узараная глеба, ворыва’, ’аранне, земляробства’ (ТСБМ, Мат. Гом., Яшк., Сл. ПЗБ), ’зямля, узараная другі раз’ (Смул.), ролья́ ’узаранае поле’ (ТС), райля́ ’ворыва’ (астрав., Сл. ПЗБ), ро́ля ’тс’ (Нас.), ст.-бел. ролья ’ніва, поле’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. рілля́ ’узаранае поле’, рус. дыял. ро́ля, ро́лья ’ворная зямля, поле’, польск. rola ’свежаўзараная зямля, поле’, в.-луж. rola, н.-луж. rola ’тс’, ’палаб. rühljaa, rülʼă, чэш. role ’поле’, славац. roľa ’узаранае поле, ніва’, славен. (o)ralje ’аранне, узаранае поле’, харв. дыял. ràla, серб. раља ’тс’. Мяркуецца праславянская семантыка ’зямля прызначаная пад ворыва і засеў’ і адпаведна ўтварэнне ад *o‑ra‑ti пры дапамозе суф. ‑lьja > *orlьja (Слаўскі, SP, 1, 106; Сэндзік, Prasł., 74–75), хаця больш імаверна значэнне выніку дзеяння, г. зн. ’зямля, якую ужо ўзаралі’. Гл. Брукнер, 462; Фасмер, 3, 498; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; Куркіна, Этимология–1998–1999, 82.

Ра́лнік (ра́лнык) ’расліна капытнік’, ’бабоўнік’ (пін., ЛА, 1; Лексика Пол.), ’чыстацел’ (ТС). Назва капытнік наводзіць на параўнанне з рала3 (гл.) ’прамежнасць паміж капытоў парнакапытных’ або на магчымасць шматлікіх разгалінаванняў, параўн. ралаваты (гл.). Іншая назва на Тураўшчыне — раннік ’чыстацел’ (гл.) дапускае магчымасць распадабнення нн > лн.

Ра́лца1 ’галінка, вілападобнае разгалінаванне’ (капыл., Сл. ПЗБ), ра́лцэ, ра́льцэ ’сук, разгалінаванне’ (ТС), ра́льца мн. л. ’рожкі ў калаўроце’ (там жа), ’рожкі дня шпулькі ў кроснах’ (Лексика Пол.). Памяншальнае ад рала1 (гл.) пры дапамозе суф. ‑ц(а), з магчымым варыянтам ‑ц(ы), а таксама варыянтнай мяккасцю асновы, як колаколца/кольца, рыларылца/рыльца і пад.

Ра́лца2 (rałce): do dworu przynoszą w darze jaja farbowane, zwane tu rałce (пін., Кольб.), адз. л. rałec ’велікоднае яйка чырвонага колеру’ (там жа). Відаць, да ралца1, першапачаткова гэта было абрадавае ўпрыгожанае дрэўца (параўн. рагаценька, гл.), т. зв. *рало (дрэва жыцця?), пазней замененае велікодным яйкам, параўн. укр. рале́ць ’віншавальны падарунак’.

Ральба́ ’ворыва’ (Выг.), ’узаранае поле’ (слаўг., Яшк.). Ад ралі́ць (гл.) пры дапамозе суф. -ба, што стварае назоўнік з характарыстыкай пэўнага дзеяння, параўн. пасьба, сяўба.

Ра́льнік ’араты’ (смарг., Шатал.). Утворана ад ралі́ць (гл.) пры дапамозе суф. ‑нік, што стварае назву асобы па занятку, параўн. пі́льнік ’той, хто пілуе’, жа́тнік ’той, хто жне’ (Сцяцко, Афікс. наз., 54), параўн. польск. rolnik ’сельскагаспадарчы рабочы’.

Ральні́цтва ’паляводства, земляробства’ (Байк. і Некр.). Хутчэй за ўсё, запазычанне з польск. rolnictwo, што створана як кандэнсат з семантыкай ’палявая праца’, ’праца земляроба’ ад rolny ’сельскагаспадарчы ’.