Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ракаўшчы́ны мн. л. ’збожжа, якое збіраецца з кожнага сялянскага двара для царкоўнікаў’ (зах.-бранск., Кос.). Параўн. укр. роківщи́на ’гадавы збор, які збіраецца з парафіян святаром’. Да рок (гл.).

Ра́кацень, мн. л. ра́кці ’капыты ў свінні’ (мазыр., Цыхун, вусн. павед.), ра́кот ’капыт у свінні, авечкі, каровы’ (ТС), ра́котка ’тс’ (там жа). Да рак1, ракавіна1, ракапыціна (гл.).

Ра́каць, ра́катэ ’кракаць’ (драг., ЖНС: “Качкэ́ ра́кають табэ жабэ́). Верагодна, усечаная форма зыходнага дзеяслова кра́каць (гл.). Нельга, аднак, выключыць і магчымасць незалежнага гукапераймальнага ўтварэння, як, напрыклад, у назвах сіваваронкі Coracias garrulus L.: рус. ра́кша, н.-луж. rakajca; параўн. адпаведнае, на наш погляд, серб. žaba rakara, якое Скок (3, 101) звязвае, аднак, з rak (гл. рак1), што ўяўляецца, па меншай меры, не відавочным.

Рака́ч ’фарбаванае палатно’ (навагр., Сл. рэг. лекс.). Няясна.

Ракашэ́ды мн. л. ’байкі, балбатня’ (?): “Старыя ракашэды, — думаў ён пра Пракопаву гаворку” (Калюга). Няясна. Улічваючы кантэкст (параўн. рус. ро́ссказни), магчыма прапанаваць дээтымылагізацыю верагоднага *раскашэ́ды (< расказы), параўн. аднак фармальна блізкае ракашэ́ты ’козлы для пілавання дроў’ (Сцяшк. Сл.), тады да рак1 (гл.).

Ра́квіца ’расліна крынічнік лекавы, Veronica officinalis L.’. Расліна, падобная на бабоўнік, відаць, названа як ракаўнік1 (гл.).

Раке́та ’напоўнены піратэхнічнай сумессю снарад’, ’лятальны апарат з рэактыўным рухавіком’ (ТСБМ). Запазычанне праз ням. Rakete (хаця пасрэдніцтва рускай ці польскай моў уяўляецца ў такой жа ступені магчымым, параўн. польск. rakety “do grania”, XVIII ст.) з італ. roccetta/rochetto (< rocca ’верацяно’); гл. таксама Фасмер, 3, 438; Чарных, 2, 97; Скок, 3, 102; Махэк₂, 507.

Раке́ша (рэке́ша) ’тоўстая, неахайна апранутая жанчына’ (смарг., Непакупны, Связи). Гл. рагеша.

Ра́кі мн. л. ’лапці’ (Бяльк.). Магчыма, з-за “растапыранасці” па знешняму выгляду, да рак1 (гл.).

Ракі́ мн. л. прыстасаванне для ўмацавання вясла’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Відавочна, дадзенае прыстасаванне мае форму развілкі, у якую ўкладаецца вясло. Параўн. да гэтага рак1 (гл.). Акцэнтуацыя характэрна для літоўска-беларускага моўнага сумежжа, дзе назіраецца зрух націску на адзін склад (параўн. выдра́, куры́ца і інш.).

Ракі́та ’дрэва або вялікі куст сямейства вярбовых’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ласт., Кіс.), ’вербалоз’ (Бяльк.), ’нарост на дрэве, гуз’ (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́ціна ’лазіна’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Шатал.), ’від бярозы з вельмі цвёрдай драўнінай’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), рокі́та ’дробналістная лаза з тонкімі галінкамі’ (ТС; беласт., Сл. ПЗБ), ракі́тавае дзерава ’карэльскя бяроза’ (?) (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́тнік ’зараслі ракіты’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. роки́та ’гатунак вербы’, рус. раки́та ’вербалоз’, ’тып, гатунак вербы, што расце па берагах ракі, ў нізінах’, польск. rokita, rokicina, в.-луж. rokot, н.-луж. rokit, rokita, палаб. rükåita, прым. rühtjeitna (= rokitna), чэш., славац. rokyta, rakyta, славен. rakȋta, серб. ра̀кита, харв. ràkita, балг. раки́та, макед. ракита, ст.-слав. ракыта. Прасл. *orkyta. У слав. мовах метатэза з рэфлексамі ro‑/ra‑. Значэнне ’гібкасць’ і ’цвёрдасць’, магчыма тлумачаць фармальную блізкасць з лат. ērcis, ērcetis ’ядловец’, грэч. αρκευθος ’тс’ (Фасмер, 3, 438; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; БЕР, 6, 168). Абсалютызацыя значэння ’гібкі’ схіляе да параўнання са ст.-інд. arkáh̥ ’лук’, лац. arcus ’лук, дуга, скляпенне’, arka ’куфэрак, сундучок’, гоц. arhwazna ’страла’, што звычайна не прымаецца этымолагамі (гл. Фасмер, там жа, з літ-рай; параўн. аднак Глухак, 517; Сной₂, 601). Адмаўляецца таксама сувязь з чэш. rakos, rokos ’трыснёг’ (гл. рагоз).