Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ракішэ́тнік ’грыб рашэтнік’ (пруж., Сярж.–Яшк.; Нар. словатв.): “Ракішэтнік адзначана ў мове старэйшага пакалення, маладыя замест яго кажуць рашэтнік” (Нар. словатв.), што, аднак, не дае падстаў лічыць ракішэтнік першаснай формай.

Ракло́ ’заняпалы чалавек’ (зах.-бранск., Растарг.). Сярод адпаведнікаў параўнальна тэрытарыяльна блізкія рус. дан. ракло́ ’прайдзісвет, нягоднік’, ра́клый ’жулікаваты, прайдошысты’ і ўкр. харк. (Грынч., 3, 4, у прыкладзе падае менавіта Харкаў) ракло́ ’басяк’, ракля́цький ’басяцкі’, што, як быццам, асабліва з улікам фактычна аднолькавай семантыкі, паказвае на адзіную крыніцу — імаверна, запазычання з цыганскай мовы, параўн. Горбач, Арго, 30.

Рако́мсе ’быццам, як быццам’ (Сержп. Грам.), ракама́сь ’так-сяк, абы-як’ (Касп.), параўн. ст.-бел. ркомо ’як быццам, нібы’ (Ст.-бел. лексікон), польск. rzekomo ’маўляў; як быццам’. Дзеепрыслоўе ад ракці́ ’сказаць’ (гл. рэ́кнуць); элемент се (сь) паходзіць са зваротнай формы займенніка *sę (сѧ), параўн. мов‑ся ён и прав ’як быццам бы’ (Нас.), або з указальнага займенніка *sь, параўн. вось (< о‑сь), гл. Карскі 2-3, 71. Гл. таксама ракама́ту.

Раку́шка ’маленькая ракавіна’ (ТСБМ), ’чарупка, шчарупка’ (Ласт., Мат. Гом.), рэту́шка ’тс’ (Ян.). Магчыма, з рус. ракушка. Гл. ра́кавіна2.

Ракяце́нь ’калатоўка’, ’прылада ў выглядзе палачкі з сучкамі на ніжнім канцы для збівання масла’ (паст., Сл. ПЗБ), раке́т ’мяшалка, зробленая з вяршыні маладой елкі’ (Зданцэвіч, LP, 1960, 347). У апошняй форме, відавочна, літуанізм, ад літ. rekẽtis ’рагуля, развілістая галіна’, параўн. літ. reketùkas ’вешалка, зробленая з вяршыні маладой елкі, сасны’, але звязана з агульнаслав. rak (гл. рак1, ра́кавіна1, рала1). Далейшае ўтварэнне па рэгіянальнай прадуктыўнай мадэлі са значэннем прадмета дзеяння, напрыклад, кляпень ’малаток’, падавень ’вілы’ і пад. (Сцяцко, Афікс. наз., 38).

Рал ’сплеценая з саломы скрынка вялікага памеру для ссыпання збожжа’ (Сл. Брэс.). Вынік метатэзы лар ’скрынка, сусек’ (гл.).

Ра́ла1 ’адгалінаванне ствала дрэва’, ’тоўсты сук’, ’вілападобны ствол дрэва’, ’дрэва з адным коранем і двума стваламі’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ра́ло ’адгалінаванне, пасынак (у дрэве і інш.)’ (ТС), ’раздвоены ствол дрэва’ (ПСл, ТС, ЛА, 1; пін., лунін., Шатал.), ра́ла мн. л. ’калкі для падвешвання калыскі ў полі’, ’раздвоены ўверсе слуп у студні з жоравам’ (ганц., лях., Сл. ПЗБ), ’рагаціна, рагуліна’ (Нар. Гом.), ралі́на ’галіна, сук’ (Сцяшк. Сл.), ра́лья ’тоўстыя разгалістыя сукі’ (капыл., Сл. ПЗБ), ра́лы мн. л. ’вілкі ў рагатцы’ (ПСл), рала́чыкі ’тс’ (пін., Сл. ПЗБ). Насуперак прынятай этымалогіі, як і для рала2 (гл.), *ra + dlo < *or + dlo, хутчэй за ўсё да *ork‑ > *rak‑ > *raklo, параўн. славен. rakla/rahla ’апорны кіёк для фасолі на агародзе’, серб. ра̏кље ’вілы’, ’зубцы’, серб., харв. ра̏кља ’развілка’, ’вілы’, ра̏кљаст ’раздвоены, з развілінай, вілападобны’, балг. ра́кля ’сукаватая дзеравіна, уторкнутая ў зямлю, на якую вешаюць сякеры’ (большасць без надзейнай этымалогіі, гл. Бязлай, 3, 148; БЕР, 6, 171; Скок, 3, 103; апошні адносіць сюды rȁšlje ’вілкі, якімі ставяць гаршчок у печ’, якое разам з rȁklja узводзіць да rak ’рак’ або да крак ’нага’ (гл. там жа, 94), параўн. таксама літ. arklas ’рала, саха, плуг’, лат. arkls ’тс’, якія разглядаюцца як аддзеяслоўныя ўтварэнні з суфіксам *‑tlo (гл. БЕР, 6, 173, з літ-рай). Узыходзіць да і.-е. асновы *er‑/*or‑/*ar‑, прадстаўленай у прасл. *oriti (гл. разарыць), з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’, і захоўвае першасную семантыку ’нешта раздвоенае’. Гл. таксама рак1; хутчэй за ўсё пераформленае пад уплывам рала2 (гл.) або ў выніку атаясамлівання фіналі ‑klo з ‑tlo.

Ра́ла2 ’частка прыстасавання для арання, што вырабляецца з хвойных дрэў, на яе накладаецца сашнік’ (Выг., Шатал.), ра́ло ’старажытная саха’: рало ораць землю было ўсе дзерэўянэ (ТС), сюды ж ’калок, якім утрымліваюць плыт з берага’ (там жа), ст.-бел. радлица ’сашнік, лямеш’ (Сл. Скар.). Параўн. укр., рус. ра́ло ’саха і лямеш’, ст.-рус. орало ’тс’, польск. radło ’плуг’, палабск. rådlü ’тс’, в.-, н.-луж. radło, чэш. rádlo ’плуг’, славац. radlo, славен. rálo, харв. rȁlo, серб. ра̏ло ’тс’, балг. ра́ло ’сошка’, макед. рало ’тс’, ст.-слав. рало ’плуг’. Традыцыйна ўзводзіцца да прасл. *ordlo (з суфіксам ‑dlo ад *orati ’араць’ (гл. араць) і значыла ’прылада для арання’, што да і.-е. *ar‑ ’апрацоўваць зямлю’, роднаснае літ. árklas ’саха’ (< і.-е. *arə‑tlo‑m, параўн. *arə‑dlo‑m > прасл. *ordlo > рала) (Фасмер, 3, 439; Бязлай, 3, 149; БЕР, 6, 173; Глухак, 456; Шустар-Шэўц, 2, 1201). Адзначаецца, што рала ў выглядзе раздвоенай галіны было балта-славяна-германскім прыстасаваннем для апрацоўкі зямлі (Бенвяніст, Словарь, 13). Па назіраннях Смулковай, беларускія гаворкі рэдка захоўваюць рала ў значэнні ’плуг’, яно часцей выступае ў значэнні ’тоўсты расахаты кій’ ці як сінонім слова ’саха’ ў яго першасным значэнні (Смул.). Можна казаць пра захаванне ў беларускіх гаворках старэйшай семантыкі рала ’раздвоеная галіна’, што магла выконваць функцыю не толькі прыстасавання для арання, але і іншай гаспадарчай прылады, параўн. ра́ла4 ’ткацкі станок’ (гл.), польск. жарг. rodło/radło ’вілы’. Адсюль у першасным значэнні рала — ’раздвоеная галіна’, што пазней развіваецца ў ’прылада, зробленная з раздвоенай галіны’, і толькі варыятыўна як ’прылада для апрацоўкі зямлі, арання’. У якасці версіі, што тлумачыць такое развіццё, можна дапусціць рэканструкцыю прасл. *ork‑, параўн. літ. arklas ’плуг, саха’, лат. arkls ’тс’, імаверна, з варыянтам *ort‑, што магло азванчыцца да *ord‑, параўн. літ. ardýti ’раздзяляць’. Тады роднаснае з рак1 (гл.). Прышлая і.-е. база: *ar‑ ’араць’ суадносіцца з і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць, прарэзваць’.

Ра́ла3 ’прамежнасць між капытоў каровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1). Форма пацвярджае: рала нясе перш за ўсё семантыку ’пэўнай рэчы раздвоенага кшталту’ і магло ўтварыцца ад *raklo/*ratlo — з зыходным коранем *rak‑, (гл.) рак1, параўн. рала1 (гл.), што не пярэчыць роднасці з араць ’праразаць зямлю пад засеў’. Тут рала даслоўна азначае ’прарэз ’.

*Ра́ла4, ра́ло ’ткацкі станок’, ’прымітыўныя кросны’: колісь поўкотваюць у хаты ра́ла, а ето ўжэ цепер <…> поробілі ста́ва (ПСл). Не зусім ясна. Відавочна, дадзенае выкарыстанне слова пацвярджае, што з вілападобнай галіны рабіліся розныя гаспадарчыя прыстасаванні. Гл. рала1.

*Ра́ла5, ра́ло ’прамежнасць, ніжняя частка тулава’: угразнеш [у балоце] по рала (пін., Сл. ПЗБ). Выкарыстанне слова пацвярджае, што слова рала ў асноўнай семантыцы мела семантыку ’раздвоенасці’. Раздвоенае рала, ў дадзеным выпадку, уяўляюць сабой дзве нагі чалавека і прамежнасць. Гл. рала1.

Ралава́ты ’разгалісты, развілісты, галінасты, з раламі’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ралова́ты ’сукаваты, са шматлікімі разгалінаваннямі’ (ТС; лунін., Шатал.; пін., Сл. ПЗБ), ра́лісты ’разгалісты, развілісты, маючы форму вілаў’: раліста ліпа (ТСБМ, Сл. ПЗБ), раля́сты ’кусцісты, шматпарасткавы’ (ТС). Параўн. серб. ра̏кљаст ’развілісты’. Ад рала1 (гл.).

Рале́йнік ’земляроб’ (Варл.), ’араты’, лаянк. ’нявыхаваны’ (Нас.). Вытворнае ад ралейны (гл.) ’што мае адносіны да раллі’ пры дапамозе суф. ‑ік як назва паводле прафесіі (Сцяцко, Афікс. наз., 103, 104). Зневажальнае значэнне развіваецца з уяўлення пра малую адукаванасць сельскага насельніцтва.

Рале́йны ’прызначаны для ворыва’: ралейны хамут (Нас., Юрч.), рале́мый ’тс’ (гарад., Нар. лекс.), рале́йны ’галоўны ў парнай запрэжцы (пра валоў)’ (слуц., глыб., лід., лях., трак., Сл. ПЗБ), рале́нны (конь) ’карэнны, караннік’ (Ян.), ст.-бел. ролейный ’прызначаны для ворыва’: три места ролейная (XIV ст., Карскі, 1, 55), рус. дыял. роле́йный (хомут) ’тс’, стараж.-рус. ролейный ’тс’: а иже у господина ролейный закупъ будет (Руская Праўда). Параўн. балг. ра́лен хомо́т ’хамут для валоў, які дазваляў ім хадзіць па раллі’. Сюды ж раляны́ ’земляны’: раляныя чэрві (шчуч., Сл. ПЗБ), раллявы́ ’галоўны ў запрэжцы валоў’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ). Ад ралля́ (гл.).