Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Раве́снік ’чалавек аднолькавага ўзросту з кім-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк.), ’аднагодак’ (вільн., дзятл., карэл., віл., кам., Сл. ПЗБ); раве́сніца ’аднагодка’ (ТСБМ; навагр., шчуч., лід., Сл. ПЗБ). Рус. ровесник, укр. рове́сник, чэш. rovesník, польск. rowieśny ’аднаго ўзросту’. Суфіксальнае ўтварэнне ад той жа асновы, што і ро́ўны (гл.). Падобна на тое, што тут мела месца складанне асноў ро́ўны і вясна́ ў значэнні ’год’. Сной (Безлай, 3, 156) мяркуе, што на падставе гэтых форм можна рэканструяваць *orvesnikъ > ад прыметніка *orvesьnъ, другаснага ў адносінах да *orvьnъ ’роўны’.

Раве́ць ’раўці, крычаць’ (віл., в.-дзв., лаг., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. реве́ть ’тс’. Арэальнае ўтварэнне паўночнабеларускіх і паўднёварускіх гаворак у выніку уніфікацыі асновы (Жакава, Бел.-рус. ізал., 45).

Равідава́ць ’аглядаць, знаёміцца са становішчам’ (Сцяшк. Сл.). Запазычанне з польскай мовы, параўн. польск. rewidować ’абшукваць каго-небудзь’, ’рабіць рэвізію’, ’пераглядаць’.

Раво́шка ’мачалка’ (Сцяшк. Сл.). З раго́жка (раго́шка) з няяснай заменай ж (ш) на в, гл. рагожа.

Ра́га ’струменьчык чаго-небудзь вадкага’ (ТСБМ), ’пісаг’, ’пацёк поту’ (Сцяшк.), ра́гі ’сляды на брудным ад пылу твары’ (слонім., Арх. Бяльк.), ’пацёкі поту ці слёз’ (ЛА, 4; Сцяшк. Сл.), суфіксальныя ўтварэнні ад таго ж кораня рага́йды, рага́лы ’нацёкі поту ці слёз’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 4), ’нацёкі на запацелых вокнах’, ’пацёкі на дзвярах пасля фарбавання’, ’брудныя плямы’ (Сл. ПЗБ). Версіі пра балцкае паходжанне слова — з літ. rãgas ’рог’ і вытворных ад яго ragava, raguva ’роў’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 128), літ. rȧ́gtis, riáugtis ’хмурыцца, збірацца на дождж’ (Грынавяцкене, LKK, 30, 116); з літ. rãgės, rõgutės ’сані’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 147) або з regė́ti ’бачыць’ (Саўка, Запісы, 23, 56) — падаюцца малаверагоднымі. Параўнанне з славен. rag, raga ’лядзяш’, а таксама srag, srága ’капля поту, крыві, слёз’, харв. дыял. srȁga ’капля’, ’дахавы жолаб’, дзе пачатковае s‑ можна патлумачыць як s‑mobile, таксама выклікае пэўныя цяжкасці пры этымалагізаванні. Цяжка схіліцца да якой-небудзь канкрэтнай версіі: або звязваць са ст.-інд. sárga ’струменьчык, які цячэ, ліецца’, sṛjáti ’цячы’, або рэканструяваць *sporga і параўноўваць з лац. spargo ’раскідваць’, ’рассыпаць’, або ўзводзіць да *sréz < *kʼerg. Іншыя мяркуюць, што зыходным значэннем srága было ’кропля’ і адмаўляюць сувязь з літ. sir̃gti ’быць хворым’, а выводзяць з *sorəga да і.-е. *serH‑ ’цячы’, ст.-інд. sárati ’цячы’, sárga ’ліе’, якія з *selgʼ (агляд версій гл. Бязлай, 3, 301; Скок, 3, 314; Куркіна, Диал. структура, 117). Бязлай прапануе таксама іншае тлумачэнне славенскай лексеме. Улічваючы, што існуе словазлучэнне potne srage ’кропелькі поту’, ён збліжае слова з літ. sir̃gti ’быць хворым’, pasargà ’хваравітая слабасць’, лат. sìrgt ’быць хворым’, sērga ’хвароба’. Паколькі ў славенскай і сербска-харвацкай мовах ёсць словы kapja, kap са значэннем ’хвароба’, то ён мяркуе, што значэнне ’апаплексія’, ’сардэчны ўдар’ з’явілася ў славенскай лексеме раней за ’капля’, якое пазней выцесніла яго (Бязлай, Eseji, 116–117). Іншай думкі прытрымліваецца Борысь (ЗФЛ, 25, 2, 17; Czak. stud., 45–46); далучаючыся да рэканструкцыі Міклашыча (316) прасл. *sorga, ён канстатуе яе няпэўнасць у сувязі з адсутнасцю іншаславянскіх адпаведнікаў. Улік беларускіх адпаведнікаў схіляе да прасл. *(s)ōrga, што ўяўляе ступень чаргавання да *rogъ (параўн. Бязлай, 3, 144), гл. рог 1.

Рагаве́нь 1 ’табакерка, зробленая з рога’ (ТСБМ). Ад рог (гл.). Матывацыяй стала назва матэрыялу, з якога зроблена рэч.

Рагаве́нь 2 ’вельмі крыклівы’ (рагач., Сл. ПЗБ). Экспрэсіўнае ўтварэнне на базе рэгаць, рэгацца (Ян.) ’моцна брахаць’ (гл.).

Рагаві́к 1, рыгаві́к ’кроквіна на стыку двух бакоў страхі’ (Юрч.), ’вільчык; сноп саломы, прызначаны для крыцця вільчыка, спосаб пакрыцця страхі “ў вугал’” (віл., воран., гарад., шальч., Сл. ПЗБ), рогові́к ’вугал у страсе’ (ТС), ’палічка трохвугольнай формы’ (ТСБМ), ’асноўная частка сахі’, ’аснова плуга’ (шальч., ганц., Сл. ПЗБ), ’печыва спецыяльнай формы’ (лід., Сл. ПЗБ). Ад рог 1 (гл.). Метафарычны перанос назвы па знешнім падабенстве.

Рагаві́к 2 ’чорнае зярно ў жыце’ (палес., КЭС). Ад рог 1, гл. ражкі.

Рагавік 3 ’зуб мудрасці’ (Сцяшк.), ’металічны навугольнік для аконнай рамы’ (там жа). Ад рог 2 ’вугал, кут’ (гл.), г. зн. ’які знаходзіцца на рагу, у куце’, параўн. кутні зуб ’зуб мудрасці’.

Рагаві́к 4 ’клінок для адціскання сыру’ (Мат. Гом.), ’вышытая касынка’ (Сцяшк. Сл.). Да рог 1 ’прадмет канічнай формы, клінападобны прадмет’, сюды ж рагавічо́к ’закуток у полі ці сенажаці сярод кустоў’ (Сцяшк. Сл.).

Рагаві́к 5 ’жук-алень’ (віц., ЖНС). Да рог 1, параўн. рагаль (гл.).

Рагаві́ла (рагави́ло) ’рагаты’ (чэрв., Мат.). Назоўнік з суф. ‑ла (‑ло), што называе імёны асоб “с некоторым презрительным оттенком” (Карскі 2–3, 25).

Рагаві́нка ’расліна ясколка, Cerastium L.’ (Кіс.), рус. яско́лка, параўн. балг. роговка ’тс’, серб. птичја трава, рожац. Ад рог 1 (гл.) з-за ланцэтападобных лісцяў і формы плода. Не выключана аднак, што ўтварылася ад іншай назвы той жа расліны — вагавінка — у выніку мены пачатковага в‑ на р‑.

Рагаві́ца ’празрыстая вонкавая абалонка вока’ (ТСБМ), рус. рогови́ца, укр. рогі́вка, польск. rogówka, чэш. rohovka, в.-луж. rohowka, серб. ро̏жна навлака, славен. roženica, балг. ро́говица, літ. ragenà. Хутчэй за ўсё, слова мае сувязь з арагаве́ць ’стаць цвёрдым’, паколькі абазначае цвёрдую абалонку вока, параўн. ням. Hornhaut ’рагавіца’, якое складаецца з Horn ’рог’ і Haut ’скура’, франц. cornée ’рагавіца’, corne ’рог’, ’арагавеласць’. Паводле Бязлая (3, 191) адпаведнае славенскае слова з нямецкага слова, што з’яўляецца калькай лац. cornea ’тс’. Менш верагодна сувязь з рог 2 ’вугал, куток’, аднак, тады цяжка даць семантычнае абгрунтаванне. Па іншай версіі лічыцца суфіксальным вытворным ад ро́гавы (< рог), матывацыяй у такім выпадку мог паслужыць рознакаляровы адліў знешняй часткі рогаў.