Рагаві́ца ’празрыстая вонкавая абалонка вока’ (ТСБМ), рус. рогови́ца, укр. рогі́вка, польск. rogówka, чэш. rohovka, в.-луж. rohowka, серб. ро̏жна навлака, славен. roženica, балг. ро́говица, літ. ragenà. Хутчэй за ўсё, слова мае сувязь з арагаве́ць ’стаць цвёрдым’, паколькі абазначае цвёрдую абалонку вока, параўн. ням. Hornhaut ’рагавіца’, якое складаецца з Horn ’рог’ і Haut ’скура’, франц. cornée ’рагавіца’, corne ’рог’, ’арагавеласць’. Паводле Бязлая (3, 191) адпаведнае славенскае слова з нямецкага слова, што з’яўляецца калькай лац. cornea ’тс’. Менш верагодна сувязь з рог2 ’вугал, куток’, аднак, тады цяжка даць семантычнае абгрунтаванне. Па іншай версіі лічыцца суфіксальным вытворным ад ро́гавы (< рог), матывацыяй у такім выпадку мог паслужыць рознакаляровы адліў знешняй часткі рогаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)