Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Выпрамні́к (БРС). Да вы́праміць. Структурная калька рус. выпрями́тель ’тс’, таксама, як і выпрамля́льны, — калька рус. выпрямите́льный (Крукоўскі, Уплыў, 117 і наст.).

Вы́прастаць (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв.). Рус. вы́простать, укр. ви́простати. Ад просты (Праабражэнскі, 2, 134; Фасмер, 3, 146). Шанскі (1, В, 229) утварае ад рус. проста́ть ’апаражняць, апрастаць’, але семантыка дзеяслова (выпрамляць, распрамляць, вызваляць рукі, крылы) хутчэй сведчыць аб сувязі з адным з першасных значэнняў прыметніка просты ’прамы, адкрыты, вольны’.

Вы́пратаць ’прыбраць, памыць, падмесці’ (Касп., Дзмітр., Шн., 1); ’збіць’ (Нас.); ’ачысціць студню ад гразі, хлеў ад гною і г. д.’ (Бір. Дзярж.). Гл. пратаць.

Вы́праўка ’постаць, выгляд’ (БРС); ’выправа; даведка’ (Нас.). Да выправіць (гл.). У апошнім значэнні, відаць, запазычанне з рус. вы́правка ’даведка’, у бел. вы́правіць ’дастаць дакументы ў афіцыйнай установе’ не зафіксавана. Падрабязней аб гэтым дзеяслове гл. Шанскі, 1, В, 229.

Выпрацава́ць (БРС). Да працаваць. Калька рус. вы́работать ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 119). Калькай, відавочна, з’яўляецца і выпрацо́ўка; параўн. рус. вы́работка.

Выпро́ханы ’такі, што выпрасілі’ (Гарб.). Рус. кур. проха́ть, укр. проха́ти, ви́прохати. Новаўтварэнне ад прасіць (Фасмер, 3, 385). У бел. мове, калі ўлічыць адзінкавасць фіксацыі, магчыма запазычанне з укр.

Вы́прудзіць ’ачысціць бялізну ад насякомых (Нас.)’, вылудзіцца ’памерці, здохнуць’ (Шат., Бір. Дзярж., Жд., 1). Гл. прудзіць. Адметная семантыка зваротнага дзеяслова, магчыма, развілася пад уплывам вы́пруціцца (гл.); параўн. семантычнае адценне ў Шатэрніка ’памерці, распластаўшыся’.

Вы́пруціць, вы́пруціць ногі ’выцягнуць ногі, памерці’ (Янк. БФ), вы́пруціцца ’выцягнуцца, як прут’ (Янк. Мат.); ’памерці’ (Касп., Шат., Янк. III, Інстр. III). Укр. випру́чувати ’звальняць, вырываць (руку), выцягваць (палку, дубец)’, польск. wyprętować ’выцягнуцца, як прут’. Гл. апруцянець.

Вы́пса ’пагардлівая назва састарэлага’ (Нас., Гарэц.); ’сабачая морда’ (Бяльк.). Рус. смал. вы́пса ’лаянка’. Традыцыйна лічыцца літуанізмам; яшчэ Карскі (Белорусы, 128) параўноўваў з літ. vypsau, vypsóti ’стаяць або сядзець з насмешлівым выразам твару’. Урбуціс (Baltistica, 5 (1), 53) указвае і на зафіксаванае ў картатэцы (адзін раз) LKŽ vypsá ’мянушка чалавека’. У семантычных адносінах вельмі прывабліва звязаць гэта слова з выпсець (гл.); параўн., напр., думку аб сувязі рус. хрыч са ст.-рус. гричь ’сабака’ (Трубачоў, Происх., 27), але словаўтварэнне тлумачыць у гэтым выпадку цяжка.

Вы́псець ’даходзіць да дзяцінства ў старасці’. Запазычанне з польск. wypsieć ’змарнець, сапсаваць і г. д.’, якое ад pies (Брукнер, 445).