Бле́ха ’лямеш у плузе’ (Тарнацкі, Studia). Запазычанне з польск. дыял. blecha (blacha) ’тс’ (< ням. Blech). Тарнацкі, там жа. Адносна спрэчных момантаў гл. бля́ха. Параўн. яшчэ блешка ’бляха’ (Сцяшк. МГ).
Блехаваць ’хлараваць’ (Інстр. I), укр. бліхува́ти ’адбельваць (лён, палатно)’. Як і блех (гл.), запазычанне з польск. blechować, blichować (ням. bleichen). Шалудзька, Нім., 22; Рыхардт, Poln., 35. Наўрад ці ўсх.-слав. утварэнне ад блех (гл.). Няпэўна Рудніцкі, 148, які бачыць тут непасрэднае запазычанне з ням. мовы.
Бле́шня ’блясна’ (БРС). Рус. дыял. бле́сня́, блешня́, блёшка, укр. бле́шня. Фанетычнай трансфармацыяй з *бле́сня: група снʼ нярэдка пераходзіць у шнʼ (параўн. апо́шні, пале́шня). Параўн. Шанскі, 1, Б, 138. Гл. блясна́.
Блёкат расліна блёкат чорны, Hyoscyamus niger L.’ (Кіс., Шат., Касп., Нас., Бяльк., Шн., Бейл., Сцяшк. МГ, БРС, Янк. БП, Гарэц.), блёкот, ’тс’ (Маш., 135), блёкат ’высокі бур’ян’ (Мядзв.); таксама ’дуднік лясны, Angelica silvestris L.’ (Кіс.). Укр. бле́кіт, бле́кот, блекота ’тс’, таксама ’Aethusa; Cicuta’. Рус. блёкот, блекота́, польск. blekot, чэш. дыял. blekot ’Aethusa’, славац. bľakot. Паводле Махэка (Махэк, Jména rostl., 160; Махэк₂, 56), звязана з гукапераймальным дзеясловам тыпу blekotati (расліна вельмі ядавітая і выклікае галюцынацыі з бяссэнсавым балбатаннем). Іншая версія (Праабражэнскі, 1, 28–29; Рудніцкі, 144): да і.-е. *bhleik‑ і да т. п. ’ззяць’.
Блёхаць ’пляскаць, плюхаць’ (Янк. II), блёхаты ’тс’ (Клім.). Параўн. ст.-польск. blochać ’выкідваць, выліваць’. Можна думаць, што гэта гукапераймальныя ўтварэнні. Параўн. і плёхаць. Таксама гукапераймальным з’яўляецца блёўтаць ’плёхаць’ (Шат., Янк. III).
Блізару́кі (БРС, Сцяшк. МГ), рус. близору́кий. З близозоръкъ, близозорокий > близорокий. Гэта апошняе падверглася ўплыву слова рука́. Падрабязней Фасмер, 1, 175; Шанскі, 1, Б, 140.
Блі́зкі. Рус. бли́зкий, укр. бли́зьки́й, польск. bliski, чэш. blízký, ст.-слав. близъкъ, балг. бли́зък, серб.-харв. бли̏зак і г. д. Праслав. blizъkъ ’тс’. Слав. аснова bliz‑ лічыцца роднаснай лат. blaîzît ’давіць, сціскаць, жаць’, лац. flīgere ’біць’ і г. д. Як семантычныя паралелі параўн. грэч. ἄγχι ’блізка’ (ἄγχω ’завязваю’), франц. près, італ. presso ’блізка, ля’ (лац. pressus сціснуты’). Бернекер, 61; Слаўскі, 1, 34; Праабражэнскі, 1, 29–30; Фасмер, 1, 174. Неверагодна Махэк₂, 57 (да грэч. πλησίος, πλᾱτίος ’блізкі’).
Блізна́ ’блюзна’ (Бяльк., Шат., Сцяц., Сцяшк. МГ), блюзна́ (Нас.), блюзня́ (Бяльк.). Рус. близна́ ’шрам, рубец, рана, разрыў ніткі’, блюзна́, укр. бли́зна́ ’рана, рубец’, балг. близна́, серб.-харв. бли̏зна ’брак у тканіне’, в.-луж. błuzna ’рубец’, н.-луж. bluzna. Лічыцца ўтвораным ад таго ж кораня, што ў слав. bliz‑ ’блізкі’ (гл.). Фасмер, 1, 175; Бернекер, 61; Праабражэнскі, 1, 29, параўн. і Слаўскі, 1, 34–35.
Блік (БРС). Рус. блик, укр. блік. Новае запазычанне (у рус. мове з XVIII ст.) з ням. мовы (ням. Blick). Гл. Шанскі, 1, Б, 140.
Блін 1 ’блін’. Рус. блин, укр. блине́ць. Слова ў гэтай форме пераважна ўсх.-слав. Зыходзячы з такіх форм, як ст.-рус. млинъ, укр. млине́ць, балг. млин, серб.-харв. мли̏нац, в.-луж. blinc//mlinc, н.-луж. młync і да т. п., звычайна лічаць, што першапачаткова было mlinъ (да прасл. melti ’малоць’), якое дысімілявалася (m–n > b–n). Так Сольмсен, KZ, 37, 589 і наст.; Міклашыч, 186; Праабражэнскі, 1, 30; Фасмер, 1, 175; Рудніцкі, 146. Ільінскі (РФВ, 61, 239 і наст.) разглядае форму блін асобна (яго рэканструкцыя: *бълинъ, якое быццам роднаснае ням. Beule ’шышка’), але гэта не пераконвае. Не пераконваюць таксама версіі пра запазычанне (аб гэтым Фасмер, 1, 175).
Блін 2 ’млын’ (Сцяц.). Мабыць, дысіміляцыяй (м–н > б–н) з млін (гл. млын).