Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Блат, па бла́ту (БРС), блатны́. Рус. блат, блатно́й, укр. блатни́й. Слова, якое пранікла са зладзейскага арго. Мабыць, з польск. blat ’той, хто захоўвае па знаёмству і да т. п.’ < яўр.-ням. blat. Гл. Фасмер, 1, 172; Хрысціані, AfslPh, 32, 265; Трахтэнберг, Блат. муз., 182 і далей; Шанскі, 1, Б, 136. Некаторыя іншыя версіі гл. Фасмер, там жа. Параўн. яшчэ ўкр. дыял. блят (аб гэтым Рудніцкі, 153). Гл. таксама блатаваць.

Блатаваць ’валацужнічаць’, блатны ’валацужны’ (Яўс.). Бясспрэчна, звязана з блат (гл.). Развіццё значэння: ’блатны, зладзейскі’ — ’зладзейскі, валацужны’ — ’валацужны’; ’валацужнічаць’. Параўн. яшчэ блот.

Блаха́. Гл. блыха́.

Блашчынец, блашчычнік ’расліна звычайны лянок, Linaria vulgaris Mill.’ (Кіс.). Бясспрэчна, да блашчы́ца ’клоп; блыха’ (гл.). Магчыма, як сродак супраць блох або клапоў (расліна досыць ядавітая, гл. Нейштадт, Определитель, 492). Параўн. яе назвы ў іншых мовах, напр., славац. svinský chreň (для абмывання парасят); чэш. дыял. morová zelina (гл. Махэк, Jména rostl., 211).

Блашчы́ца1 ’клоп’ (Жд., Янк. БП, Сцяц., Сцяшк. МГ, Янк. I, Інстр. II, Выг. дыс., Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. яшчэ блашы́ца ’клоп’ (Сцяшк.) і блашчы́ца ’блыха’ (Янк. II). Рус. дыял. блощи́ца ’клоп’, укр. блощи́ця ’клоп; блыха’, ёсць два тлумачэнні: 1) зыходнае *bloščica, слова, утворанае ад асновы *blosk‑, роднаснай з балт. *blaska ’плоскі’ (параўн. літ. blãkė ’клоп’, лат. blakts ’тс’). Так Бернекер, 62; 2) зыходнае *ploščica ад *plosk‑ ’плоскі’ (параўн. ст.-рус. площица ’вош’, рус. дыял. площи́ца ’тс’, польск. płoszczyca ’клоп’), а пачатковае б‑ з’явілася пад уплывам слова *blъcha ’блыха’. Так Брандт, РФВ, 21, 209; Развадоўскі, RS, 2, 108. Гл. яшчэ Брукнер, 419; Фасмер, 1, 177; Рудніцкі, 149 (услед за Аганоўскім), лічыць, што bloščica — утварэнне суфіксам ‑ica ад blъšьka (памяншальнае ад *blъcha: bloščica < *blъch‑ьk‑ica).

Блашчы́ца2 ’блыха’ (Янк. II). Відавочна, семантычная кантамінацыя першаснага блашчы́ца ’клоп’ і блыха́ (блаха́?). Параўн. і блашы́ца ’клоп’. Ва ўкр. мове блощи́ця ’клоп’, але і ’блыха’. Не выключаецца (паколькі этымалогія слова *bloščica ’клоп’ няясная), што мае рацыю Рудніцкі, 149, які думаў пра паходжанне *bloščica ’клоп’ < *blošьčica (< blъš‑ьka + суф. ‑ica; усё ад *blъcha), г. зн., што першасным значэннем было ’блыха’?

Блашы́ца ’клоп’ (Сцяшк.). Магчыма, фанетычнае ўпрашчэнне слова блашчы́ца ’клоп’ (гл.). Але хутчэй за ўсё кантамінацыя з словам блыха́ (дыял. блаха́?).

Блегуза́ць, бляву́зґаць ’плявузгаць’. Гл. пляву́згаць.

Бле́дны (БРС, Касп.). Параўн. бляды́ (там і пра паходжанне). Укр. дыял. блі́дний, рус. бле́дный (дыял. бледо́й), балг. бле́ден (але і блед, бляд, гл. БЕР, 1, 54–55). Прасл. форма хутчэй за ўсё была blědъ. Калі існавала і паралельнае прасл. blědьnъ, то гэта была, відаць, прасл. дыялектная інавацыя. Магчыма, сюды і бле́ды ’бледны’ (Нас.).

Блеката́ць ’бляяць’ (Нас.), рус. блекота́ть, укр. блекота́ти, польск. blekotać, чэш. blekotati, славен. bleketáti. Гукапераймальнае ўтварэнне. Падрабязней гл. Фасмер, 1, 173; Шанскі, 1, Б, 137; Махэк₂, 56.

Блех ’луг ля рэчкі, дзе беляць палотны’ (Нас.); ’адбельваючы парашок’ (Влад.); ’хлорка’ (Інстр. I), блехаваць ’хларыраваць’ (Інстр. I); укр. бліх, бліхува́ти (ст.-укр. бле́хи, XVII ст.). Запазычанне з польск. мовы: польск. blech, blich ’месца, дзе беляць воск або палатно; бяленне’ (< ням. Bleiche, bleichen; параўн. bleich ’бледны, белы, светлы’; Варш. сл., 1, 164; Брукнер, 28); Рыхардт, Poln., 35; Кюнэ, Poln., 45; Шалудзька, Нім., 22. Рудніцкі, 148 (услед за Р. Смаль–Стоцкім), прымае непасрэднае запазычанне з ням. мовы. Сюды таксама блех ’роўнае месца’ (Касп.).