Блудзі́ць. Рус. блуди́ть, укр. блуди́ти, польск. błądzić ’блукаць, блудзіць; грашыць, памыляцца’, чэш. blouditi, ст.-слав. блѫдити, балг. блъдя́, серб.-харв. блу́дити і г. д. Прасл. blǫditi (ітэратыўная форма да blęsti blędǫ ’памыляцца’: ст.-слав. блѧсти блѧдѫ, ст.-рус. блясти бляду і г. д. І.‑е. *bhlendh‑: *bhlondh‑ ’цямнець; вечарэць; змяркацца; бянтэжыць, памыляцца’. Параўн. літ. blandùs ’хмуры’, blañdas ’хмурасць; пацямненне розуму’; blandýtis ’хмурыцца; блукаць’, гоц. blandan ’перашкаджаць, мяшаць’, ст.-в.-ням. blentan ’асляпляць’ і г. д. Слаўскі, 1, 36; Траўтман, 34; Буга, РФВ, 70, 100; Бернекер, 61; Махэк₂, 56–57; Фасмер, 1, 177. Параўн. яшчэ блудзя́га ’хітрун; уцякач’, блу́дны ’бадзяжны (пра скаціну)’ (Нас.).
Блука́ць. Рус. блука́ть, укр. блука́ти, польск. błąkać się, чэш. blúkat (se) і г. д. Славянскае новаўтварэнне да blǫditi (гл. блудзі́ць). Адносіны blǫditi: blǫkati такія ж, як, напр., у польск. brudzić: brukać ’пэцкаць’. Іншая версія: дэкампазіцыя з слав. *ob‑lǫkati (да *lǫk‑ ’дуга, крывізна’). Параўноўваюць таксама з лат. blañkstît ’пайсці ўбок’, blañkstîtiês ’бадзяцца, бяздзельнічаць’. Фасмер, 1, 178; Бернекер, 62; Буга, РФВ, 70, 101; Слаўскі, 1, 36; Рудніцкі, 150; Махэк₂, 58. Параўн. яшчэ блука́цца ’блукаць, бадзяцца’ (Бяльк., Нас., Касп.), блукня́цца (Нас.), блакуня́цца (Касп.).
Блу́тацца ’бадзяцца’ (Жд.), блута́цца ’блытацца, заблытвацца’ (Бяльк., Влад.), блутаніна (Касп.). У рус. гаворках, здаецца, няма (гл. СРНГ), таксама і ва ўкр. мове. Гэтае слова можна лічыць бел. новаўтварэннем з дзеяслова плутацца, плутаць, вядомага ва ўсх.-слав. мовах. Блу́тацца, блу́таць узнікла экспрэсіўным азванчэннем п > б (перад л). Але не выключаецца і ўплыў (кантамінацыя) дзеяслова блудзі́ць, блука́ць. На аснове блу́тацца, блу́таць далей утварыўся дзеяслоў блытаць, блытацца (гл.).
Блы́ндаць ’бадзяцца’ (Касп., Арх. ГУ, Янк. I, Сцяшк. МГ, Янк. Мат.), блы́ндзець ’тс’ (Сцяшк. МГ), блэ́ндаць ’тс’ (Янк. Мат.), блы́нда, блэ́нда ’бадзяга’ (Янк. Мат.). Лічыцца запазычаннем з балт. моў. Параўн. лат. blìndêtiês ’бадзяцца’, blinda ’бадзяга, валацуга’, літ. blañdotis, blandýtis ’бадзяцца’. Падрабязна Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50 (там жа літ-pa і ўказанне на некаторыя этымалагічныя цяжкасці). Не выключаецца, што некаторыя формы маглі быць запазычаны з польск. Гл. блэ́ндаць.
Блы́таць. Сюды адносіцца і блу́таць ’тс’ (Бяльк., Шат.). Можна меркаваць, што зыходным з’яўляецца блу́таць, якое ўзнікла з плу́таць азванчэннем п > б (перад л). Адносна чаргавання галосных у : ы ў экспрэсіўных словах — гэта не рэдкасць. Параўн., напр., у рус. гаворках: блука́ться, блука́ть ∼ блы́ка́ться ’бадзяцца, валачыцца’.
Блыха́, таксама блаха́ (Сцяшк. МГ). Рус. блоха́, укр. блоха́, блиха́, ст.-рус. блъха, чэш. blecha, ст.-чэш. blcha, польск. pchła (*płcha < *blcha), серб.-харв. бу̀ха, балг. бълха́ і г. д. Прасл. blъcha < і.-е. *bhlusā. Параўн. літ. blusà, ст.-іран. *brušā (> афг. vraža ’блыха’), грэч. ψύλλα, ψύλλος (*bhsulla < *bhlusa, метатэза), лац. pūlex, ням. Floh (да герм. форм. гл. Клюге, 207–208). Бернекер, 62; Траўтман, 35; Фасмер, 1, 176–177; Махэк₂, 56; БЕР, 1, 99; Праабражэнскі, 1, 30.
Блышы́ць ’малоць лухту; ілгаць, жартаваць’ (Нас.). Рус. дыял. (зах.) блыши́ть ’ілгаць, хлусіць’. Да блыха́, блаха́. Параўн. рус. блоши́ть ’кусаць, кусацца; рабіць прыкрасці’, блоши́ться ’імкнуцца атрымаць што-небудзь, выслужвацца перад кім-небудзь’.