Ігру́шка ’вазон’, ’від хатніх кветак’ (Бір. Дзярж.), Лексіка-семантычны тып утварэння ад ігруша (гл.) з памянш. суф. ‑к‑а.
Ігрушшо́ ’сухое грушавае галлё’ (ушац., Нар. лексіка, 7). Утварэнне ад ігруша (гл.) з суф. ‑j‑o (са значэннем сукупнасці), які ў выніку асіміляцыі дае падаўжэнне ‑ш‑, як колля, сучча, елле і г. д. Сцяцко, Афікс. наз., 204.
Ігры́шча ’вечарынка моладзі з песнямі, музыкам і скокамі’ (Бяльк., Шат., Інстр. II), ’танцы, скокі’ (Сцяшк. МГ), ’вясковыя вячоркі, забаўныя зборышчы’ (Мал.). Рус. дыял. и́гри́ще ’гулянне моладзі з песнямі і скокамі’, ’вечарынка моладзі’, ’каляднае гулянне, калядная гульня’, ’месца гуляння, гульняў’, укр. гри́ще, ігри́ще ’месца для гульні; святочныя забавы моладзі’ (Грынч.), польск. igrzysko ’барацьба, спаборніцтва’, ’забаўныя мерапрыемствы з музыкам і танцамі’, ’відовішча’, чэш. hřiště ’месца для гульняў і спорту’, славац. ihrisko ’тс’, славен. igrišče ’тс’, серб.-харв. ѝгрӣште ’тс’, балг. игри́ще ’тс’, макед. игриште, игралиште ’тс’. Ст.-слав. игрище ’арэна’, игрища мн. ’забавы’, ст.-рус. игрище ’забава, відовішча’, ’месца гульняў, відовішчаў’. Ст.-бел. игриско ’гульня, турнір’ (1677 г.) з польск. (Булыка, Запазыч.). Прасл. *jьgrišče ўтворана ад *jьgrati (гл. іграць) з суф. ‑išče; параўн. зборышча, гульбішча, явішча. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 211–212; Слаўскі, 1, 446–447. Ад ігрышча з суф. ‑нік ігрышчнік ’удзельнік сялянскага каляднага гульбішча’ (Нас. Доп.).
Ігрэ́ц ’ігрок’ (Гарэц., Касп., Др.-Падб.), ’музыка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. III). Рус. дыял. игре́ц ’нячысты ці злы дух, бес; дамавы’ (шырока ў гаворках), тамб., вяц. ’мянушка грубага, нявыхаванага чалавека’, пенз. ’спявак’, дан., разан. ’параліч’, укр. грець ’апаплексічны ўдар, параліч’, уст. ’музыка, ігрок’, польск. уст. igrzec ’вандроўны артыст, камедыянт’, в.-луж. herc ’музы́ка’, н.-луж. gere ’ігрок’, ’музы́ка’, чэш., славац. herec ’артыст’, славен. igr̀c, igrèc ’ігрок’, ’музыка’, серб.-харв. уст. ìgrac, igarac ’ігрок’, балг. игре́ц ’артыст’. Ц.-слав. игрьць ’акцёр, скамарох’, ст.-рус. игрецъ ’танцор, скамарох’, ’музыка’, ’артыст’, ’спакуснік, д’ябал’, ’ігрок’. Ад *jьgrati (гл. іграць) з дапамогай суф. Nomina agentis ‑ьcь у прасл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 212–213; Слаўскі, 1, 446. Параўн. іграч.
Ігу́мен, ігу́мення ’настаяцель (настаяцельніца) праваслаўнага манастыра’. Ст.-бел. игуменъ (Гіст. лекс., 121) < ст.-рус. игуменъ (XI ст., Сразн.) < ст.-слав. игоуменъ, грэч. ἡγούμενος ’кіраўнік, вядучы’. Фасмер, 2, 117; Шанскі, 2, I, 8.
Ігу́менша ’жанчына (тоўстая, непаваротлівая)’ (Мат. Гом.). Фемінатыў на ‑ш‑а ад ігумен (гл.). Семантычны зрух у напрамку ’жонка ігумена’ → ’увогуле тоўстая непаваротлівая жанчына’; параўн. падобную трансфармацыю калуж. и́гумен ’жартаўлівая назва старога чалавека’.
Ігы́ ’так’ (брэсц., Нар. лексіка, 77), ’ага, але’ (стаўб., Нар. лексіка, 158; Мат. Маг.), рус. дан. иги́ ’але’, варонеж. игы́ ’але, добра, так’, укр. ігі́ ’цьфу’. З і‑гы, дзе і (гл. І 2) выступае ў функцыі выклічніка, гы < га (гл.) пад уплывам пачатковага і‑. Гл. ага.