Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тро́йні ‘вілы з трыма зубамі’ (ТСБМ, Касп.). Утворана ад тройня (гл.), як двойня, з суф. ‑ня, які пад уплывам лексемы ві́лы стаў суфіксам назоўніка pluralia tantum.

Тро́йнік1 ‘рыбацкая прылада крыга’ (капыл., Янк. 1). Да трайні́к (гл.).

Тро́йні́к2 ‘чальчак вербалісты, Lythrum salicaria L.’ (Кіс.), ‘бабок трохлісты, Menyanthes trifoliate L.’ (Бейл.), трыйні́к ‘лекавая балотная расліна з трыма лістамі’ (Клундук), укр. тройча́к ‘тс’. Да тры (гл.), аднак матывацыя першай назвы застаецца няяснай. Паводле ЕСУМ (5, 647), з-за таго, што кветкі гэтай расліны бываюць трох відаў; хутчэй перанос на расліну іншых назваў з-за размяшчэння лісткоў на сцябле (Волкава, БЛ, 65, 113; Пастусяк, Pograniczne, 138, 205). Сюды ж, відаць, і тро́йнік ‘капытнік, Caltha palustris L.’ (івац., ЛА, 1).

Тро́йнік3 ‘бёрда на 13 пасмаў’ (ТС); у тры́йнык, у тры́нʼнік — ‘у трынаццаць пасмаў’ (пін., Уладз.). Параўн. рус. тройни́к ‘самае тонкае сялянскае палатно, у аснове якога 13 пасмаў’, тройнико́вый холст ‘тс’, польск. дыял. trojanotka, побач з trzynastka, trzynastnica ‘бёрда на 13 пасмаў’. Фактычна тройнік — гэта ніт, які складаецца з трох частак, слова ўтворана на базе тро́йны ‘патройны’ (Байк. і Некр.), гл. трайнік.

Тро́йня ‘дэталь у возе’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тройня ‘тс’ (ГСБМ). Гл. трайня2.

Тро́йца1 ‘Сёмуха’, у хрысціянскай рэлігіі ‘трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: Бог-Бацька, Бог-Сын і Бог-Дух Святы’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ): Сёмуха ці Тройца у нас тры дні (Сержп. Прымхі), Siomucha albo Świataja Trójca ‘тс’ (Пятк. 3), Trýeǐca ‘тс’ (Арх. Вяр.). Тро́іца ‘свята на другі дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас., Ян.); сюды ж тройцова́ць ‘святкаваць Сёмуху’ (ТС), тро́йцын дзень ‘Сёмуха’ (круп., Сл. ПЗБ), Trójeckije dziedý ‘тс’ (Пятк. 3). Ст.-бел. тройца, троица ‘Бог у трох іпастасях; Сёмуха’ (ГСБМ). У аснове ст.-слав. троица — калька з грэч. Τριάς, якое з τρεῖς; ‘тры’ (Фасмер, 4, 104). Да тры, трое, гл.

Тро́йца2 ‘кампанія з трох чалавек’ (ТСБМ), ‘лік тры’ (Нас.): Boh trójcu lùbić (Пятк. 2), ‘трое суб’ектаў’: робляць па трэйко дзеля того, каб тут была тройца: мужык, жонка і дзеці (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. дыял. сʼвата́ три́йцʼа ‘траіх неразлучных сяброў’ (Арк.), чэш. trojice ‘тры асобы’, славен. trojíca ‘тс’, серб. тро̏йца ‘тс’, балг. трои́ца ‘тс’, макед. тројца ‘тс’, у ваколіцах Салуні truica ‘трое людзей’ (Малэцкі, Słownik). Паколькі ў большасці славянскіх моў фармальна адрозніваюцца назвы, якія суадносяцца з тройца1 і тройца2, мяркуецца, што формы з нерэлігійным значэннем з’яўляюцца больш старажытнымі ў некаторых мовах, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 397; Скок, 3, 300; Арол, 4, 105.

Тро́йца3, ‘канюшына лугавая, Trifolium pratense L.’ (Шмярко, Кіс.). Параўн. укр. трі́йка ‘тс’, рус. тро́йца ‘тс’, чэш. trojka, trojačka ‘тс’. У аснове назваў лічэбнік тры (гл.), што характарызуе будову лістка з трыма пласткамі (ЕСУМ, 5, 643; Махэк, Jména, 121), гл. папярэдняе слова.

Тро́йчы ‘трайчасты’ (Байк. і Некр.), ‘тры разы, утрая’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Растарг., Сержп. Прык.), трэ́йчы ‘тс’ (Федар. 2, Пятк. 2, Кліх), тро́йча ‘тс’ (Нар. Гом.), тры́йчы (трійчи) ‘тс’ (Нас.), трычы, трычі ‘тс’ (арш., Мат.; Бес.), ст.-бел. тройчи, треичы ‘тс’ (ГСБМ). Утвораны ад зборнага лічэбніка trojь і іменнай формы *jьtjь ‘ход’ ад дзеяслова *jьti ‘ісці’ (ЭССЯ, 5, 193; ЕСУМ, 5, 642) падобна, як ст.-слав. форма на ‑жды, якая з *šьdy < дзеепрыметнік *šьdъ (< xoditi ‘хадзіць’). Інакш — Карскі (Белорусы, т. II, вып. 2, Варшава, 1911, с. 91) і Шуба (Прыслоўе, 56–57): суфіксальны элемент ‑ч‑ збліжаецца з ‑ц‑ (параўн., стараж.-рус. двоица, троица, балг. двоица, троица, макед. двајца, четворица) і ўзводзіцца да ‑к‑, параўн. трэ́йко ‘трыкроць’ (ТС; гом., Рам. 3).

Трок ‘уюк’ (Ласт.), тро́кі ‘металічныя кольцы для прывязвання ўпаляванай дзічыны’ (Цярохін, Охота), трочыць ‘уючыць’ (Ласт.), ст.-бел. трокъ, торкъ ‘раменьчык каля задняй лукі сядла для прывязвання чаго-небудзь’ (ГСБМ). Запазычана з польск. trok ‘тс’, гл. тарак, тарокі.

Тро́кнуць ‘сказаць не падумаўшы’ (Рэг. сл. Віц.). Відаць, роднаснае рус. дыял. трёкать ‘гаварыць (пра пустыя, неабгрунтаваныя выказванні)’, тре́кать ‘біць, калаціць’, якія Куркіна (Этимология–1983, 27) пры чаргаванні асноў збліжае з балг. тра́кам ‘стукаць, трашчаць’, тре́ква, тре́кне ‘біць, калаціць’ і больш далёкім літ. trė̃kti ‘нішчыць, разбураць’ няяснага паходжання (Смачынскі, 684). Гукапераймальнае (?), параўн. балг. трак‑трак ‘грук-грук’.

Троль ‘у скандынаўкай міфалогіі — істота (часцей волат), звычайна варожая людзям’ (ТСБМ). З паўн.-герм. troll ‘скальны дух’, ст.-нарв. ‘лясны дэман, волат’, дац. trold, ісл. tröll ‘злы дух у вобразе чалавека’, этымалогія якога надалей застаецца не зусім яснай (Клюге₂₂, 741). Магчыма, адсюль выводзіцца слэнгавае тро́ліць (< англ. to troll ‘лавіць рыбу на кручок’) ‘заводзіць, заблытваць, правакаваць (у інтэрнэтным дыскурсе)’, гл. Барковіч, Лінгваінфарм., 220, 277.

Тро́льскі ‘пародзісты’ (Мат. Гом.): трольскі буга́й ‘вялікі племянны бык немясцовай пароды’, ‘здаровы мужчына, які пазбягае фізічнай працы’ (лельч., Жыв. сл.). З ⁺тырольскі ‘ціролькі, з Ціроля’ < польск. tyrolski ‘тс’.

Тромб ‘згустак крыві ў крывяносных сасудах’ (ТСБМ). Запазычана праз рускую мову, у якой з заходнееўрапейскіх моў. Узыходзіць да ст.-грэч. θρόμβος ‘ком, згустак (пра сселае малако, загуслую кроў, асфальт)’ (Чарных, 2, 264; Арол, 4, 106).