Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Траві́чы — пра карову: карова пасля першага цяляці (Федар. 7) і, магчыма, тра́ўніца ’цялушка мінулагодняга прыплоду’ (Касп.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад драві́чы — пра карову, што целіцца ў першы раз, драві́чае ма́сло ’масла з малака ад такой каровы’ (Тур.), драву́шка ’цялушка другога года’ (рас., Шатал.), ’першацёлка’ (мядз., смаляв., Сл. ЦРБ), драві́ца, дро́віца, дро́вачка, дро́віцка ’тс’ (в.-дзв., петрык., жытк., лельч., ЛА, 1; мазыр., З нар. сл.), дро́ўка ’тс’ (добр., стол., бых., лельч., ЛА, 1; мазыр., лельч., З нар. сл.), драві́цка, дрові́ца ’тс’ (ельск., хойн., Мат. Гом.), ст.-бел. древица ’карова’ (Бел. лекс.). Параўн. рус. смал., варонеж. дро́бка ’першацёлка’, варонеж. дро́мка ’тс’, смал. дроу́шка ’тс’. Няясна; сумніўная сувязь з трава, гл.

Травя́нка ’качка-шыраканоска, Anas clypeata L.’ (Маш.; брагін., Федз.–Доўб.; Мат. Гом.), ’чырок-свістунок, Anas crecca L.’ (лельч., Нікан.). Да травяны́ < трава́ (гл.). Названа паводле месца знаходжання (у чаротах, берагах, пакрытых травой). Параўн. укр. дыял. травʼя́нка ’чакан лугавы, Saxicola rubetra L.’ польск. trzciniak, каш. strzimk, славін. střïnka ’чарацянка’, lozówka, rokitniczka і інш.

Траге́дыя ’драматычны твор, падзеі якога заканчваюцца смерцю героя’, ’жудасная, страшная падзея; няшчасце’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), траге́дзія ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. трагедия, траедия ’трагедыя, няшчасце’ (1598 г.). Запазычана са ст.-польск. tragedyja, trajedyja (XVI ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 163), якое праз лац. tragoedia са ст.-грэч. τραγῴδία < τράγος ’казёл’ і ῴδή ’песня, спеў’ — літаральна песня казлоў: выконвалася пад час урачыстасцей, прысвечаных богу ўрадлівасці Дыянісу сатырамі (паўлюдзьмі-паўказламі; світа Дыяніса). Параўн. няўдалую кальку ў ц.-слав. мове XI ст. — козьлогласование (Фасмер, 4, 92; Голуб-Ліер, 485; Чарных, 2, 255–256; ЕСУМ, 5, 615).

Трады́нкі, трады́лкі ’рэхвы на калодцы кола’ (малар., кобр., брэсц., Нар. словатв.). Усе праз польскую мову, параўн. польск. дыял. tradynka, tradunki, tradyny, traduny ’жалезнае колца, якое злучае трайню з білам (ляжэйкай) падушкі пярэдняга ходу’; tradynek ’клямар, які злучае біла з падушкай’, што запазычаны з ням. die Tradiene < tradieren ’перадаваць’ (Сымоні-Сулкоўска, Transport, 80). Параўн. тарадынка, гл.

Трады́цыя ’перадача ад пакалення да пакалення нормаў, звычаяў, поглядаў і інш.’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трады́ція ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. традиция, традыция ’тс’ (XVII ст.), якое праз ст.-польск. tradycyja (XVI ст.) з лац. trāditio (Булыка, Лекс. запазыч., 192) < trādĕre ’аддаваць’, ’перадаваць вусным шляхам’ < trans ’пера-’ і dare ’даць, даваць’ (Длугаш-Курчабова, 501–503; Голуб-Ліер, 485; ЕСУМ, 5, 615).

Традэска́нцыя ’дэкаратыўная хатняя расліна з роўнымі ці паўзучымі сцёбламі, Tradescantia Rupp.’ (ТСБМ) — названа паводле прозвішча лонданскага садоўніка Джона Традэсканта (J. Tradescant), які памёр у 1638 г. (ЕСУМ, 5, 615).

Траекро́тна, траякро́тна ’тройчы, трыкроць, трыкротна’ (Адм.) — калька з польск. trzykrotnie ’тс’. Траякра́тна ’тс’ (там жа) — з рус. трёхкратно ’тс’.

Траекто́рыя ’лінія палёту ў прасторы кулі, снарада ці іншага цела’ (ТСБМ) — праз польскую ці рускую мовы з с.-вяк.-лац. traiectorius ’які перакідваецца, перамяшчаецца’ (SWO, 1980, 768; Голуб-Ліер, 486; ЕСУМ, 5, 615).

Трае́ніна ’некалькі разоў пераворанае поле’ (стаўб., Ск. нар. мовы), трае́нь падыма́ць ’апрацоўка зямлі трэці раз пасля баранавання’ (мядз., ЛА, 2). Да траіць, гл.

Трае́цкі — прым. ад Тройца ’Святая Тройца, свята Сёмуха’: трое́цькый ты́ждэнь ’тыдзень пасля Сёмухі’, трае́цкія дзяды́ (трае́цкые деды́) ’памінальныя дні перад Тройцай’ (гом., Талстая, Полес.), трое́цькый ты́ждэнь ’тыдзень пасля Сёмухі’ (маляр., там жа), трое́цкый грыб ’агульная назва вясновых грыбоў’ (пін., Жыв. сл.), трое́цкі грыб ’ранні, веснавы баравік’ (ТС), сюды ж урбанонімы Трае́цкая гара, Трае́цкае прадмесце ў Мінску, Трае́цкая царква́ ў Віцебску, ст.-бел. троецького (1532 г.), троецкиѣ (1624 г.), гл. Карскі, 1, 226. Гл. Тройца; паводле Карскага (там жа), форма з е на месцы з’яўляецца заканамерным утварэннем. Параўн. таксама трое́чны ты́дзень ’тыдзень, на які прыпадае Сёмуха’ (ТС), трое́шны ты́ждень ’тс’ (лельч., Талстая, Полес.), відаць, ад Тро́ечка, Трое́шнік ’Сёмуха’ (там жа) з народнаэтымалагічным набліжэннем да тройка, тройчы (гл.), параўн. трае́чны ’трайны’ (Некр. і Байк.).