Траге́дыя ’драматычны твор, падзеі якога заканчваюцца смерцю героя’, ’жудасная, страшная падзея; няшчасце’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), траге́дзія ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. трагедия, траедия ’трагедыя, няшчасце’ (1598 г.). Запазычана са ст.-польск. tragedyja, trajedyja (XVI ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 163), якое праз лац. tragoedia са ст.-грэч. τραγῴδία < τράγος ’казёл’ і ῴδή ’песня, спеў’ — літаральна песня казлоў: выконвалася пад час урачыстасцей, прысвечаных богу ўрадлівасці Дыянісу сатырамі (паўлюдзьмі-паўказламі; світа Дыяніса). Параўн. няўдалую кальку ў ц.-слав. мове XI ст. — козьлогласование (Фасмер, 4, 92; Голуб-Ліер, 485; Чарных, 2, 255–256; ЕСУМ, 5, 615).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)