◎ Псінь ’гніль, гнілізна’ (Нас.), ’непрыемны (сабачы) пах’ (Нас., Нар. лекс., Сл. ПЗБ). Дэрыват ад псіна або псіны (гл.).
◎ Псіўлю́й ’купкоўка зборная, Dactylis glomerata L.’ (гродз., маг., Кіс.). Рус. песья трава ’тс’. Пачатак слова, магчыма, да польск. psiwy ’сабачы’, psi ’тс’, якія, паводле Банькоўскага (2, 957), ужываюцца ў назвах “дрэнных” раслін.
Псіх ’псіхічна неўраўнаважаны чалавек; псіхічна хворы’ (ТСБМ; клім., ветк., добр., ЛА, 3). Укр. псих ’псіхічна неўранаважаны чалавек’, рус. псих ’псіхічна неўраўнаважаны чалавек; псіхічна хворы’. Апошняе лічыцца крыніцай запазычання. Паводле Шанскага і Бабровай (260), слова з’явілася ў XX ст. у выніку скарачэння назоўніка психопа́т ’псіхічна хворы; які церпіць ад псіхічнага захворвання’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 622.
◎ Псі́ца ж. р. ’сабака’ (Кос., Растарг.), псу́йка ’падла, псіна’ (ТС), псіца, невука ’пра старую жанчыну’ (Нас.), а таксама лисица‑псица (мін., Карскі, 1, 305). Параўн. укр. псиця, рус. дыял. псеца ’сучка’, славен. psica ’тс’. Дэрываты з розным суфіксальным афармленнем ад пёс (гл.).
◎ Псот ’асот’ (драг., ЛА, 1). Калі гэта не графічная памылка, то, хутчэй за ўсё, іранічная кантамінацыя асот і псота, псоціць.
Псо́та ’шкода; свавольства’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’шкода’ (Сіг.), ’пястун; наравісты, пераборлівы’ (Клім.), ст.-бел. псота ’выхадка, свавольства’. Укр. псо́та ’бядота, бяда, галеча, нястача’; ’дрэннае надвор’е’, ’лаянка’. З польск. psota, psocić ад pies, першапачаткова ’гайняваць; аддавацца распусце’ (Банькоўскі, 2, 957).
◎ Пстрака́ты ’пакрыты плямамі’ (Інстр. 2), ’стракаты, пярэсты’ (парыц., Некр.). З польск. pstrokaty ’тс’; паводпе Банькоўскага (2, 958), кантамінацыя pstry ’шматколерны’ і strokaty ’пярэсты’. Гл. стракаты.
◎ Пстра́нга ’страказа’ (ашм., Сл. ПЗБ). Няясна, звяртае на сябе ўвагу адпаведнасць пстр‑, страк‑ (гл. папярэдняе слова), што перадае стракатасць або пырханне (гл. пстрыкаць і стрыкаць), фіналь нагадвае наступнае слова.
◎ Пстронг, ж. р. пстронга ’ручаёвая фарэль, Šalmo trutta morpha fano (L.)’ (Інстр. 2, Жук., Жд.). З польск. pstrąg, pstrąga ’тс’ < pstry ’стракаты’; параўн. Брукнер, 445; Банькоўскі, 2, 958. Гл. таксама стронга ’тс’.
Пстрык, ужываецца гукапераймальна для абазначэння рэзкага кароткага гуку (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ’шчаўчок па носе або па вуху’, ’папрок’ (Нас.), пстры́каць, пстры́кнуць ’даваць пстрычку (пстрычкі)’; ’шчоўкаць, ляскаць (пальцамі)’, ’хутка і лёгка рухацца, пырхаць’, ’раптоўна ўспыхваць, пыхкаць, сыпаць іскрамі (пра агонь)’ (ТСБМ, Нас., ТС), ’скакаць’ (астрав., Сл. ПЗБ), пстры́кнуць ’рэзка штурхнуць нагой’; ’ускочыць’; ’сфатаграфаваць’ (Жд. 2, 3). Гукаперайманне, параўн. аналагічнае польск. pstryk ’пстрык’, pstrykać ’шчоўкаць’, ’фатаграфаваць’. Польскі дзеяслоў фіксуецца з 1776 г., утвораны ад prztyk, prztykać (Банькоўскі, 2, 959).