Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Каду́шка1 ’невялікая кадзь, кадка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг.; палес., З нар. сл.; Касп., Маш., П. С., Сержп., Сержп. Грам., Сцяц. Нар., Сцяшк., Яруш.), ’кадаўб’ (палес., З нар. сл.), ’маленькая цыліндрычная каробачка, зробленая з бярозавай ці вішнёвай кары (змацаваная «ў замок») з накрыўкай; у кадушку насыпалі соль ці накладвалі масла, калі ехалі на сенажаць, у дарогу’ (брэсц., З нар. сл.), ’вялікіх памераў ёмістасць для мукі’ (слонім., КЭС), ’выдзеўбаная скрыня на дне калодзежа’ (калінк., Нар. сл.), ’рыбалоўная стаўная пастка з двума процілеглымі глухімі заходамі (ніцяная або з лазы)’ (палес., Крыв.), ’тоўстая жанчына’ (Мат. Маг.), кадуша ’тс’ (Мат. Маг.). Слова вядома ў рус. літар. мове і ў гаворках, што можна разглядаць як сумесную інавацыю (яна ўтворана памянш. суфіксам ад кадь, гл. кадзь) або як пранікненне слова разам з пашырэннем рэаліі. Звяртае на сябе ўвагу рус. дыял. кадушка ’састаўная частка рыбалоўнай снасці — венцера: абруч з нацягнутай на яго сеткай’, аднак меркаваць аб нейкай роднаснасці слоў нельга па розных прычынах. Маг. кадушка ’тоўстая жанчына’ можна разглядаць як утварэнне ад кадушка з трансфармацыяй суфікса ў выніку экспрэсіўнага характару слова або ў выніку замены яго на іншы, больш падыходзячы суфікс, параўн. вядомае на гэтай тэрыторыі гаваруша ’асоба, якая любіць пагаварыць’.

Каду́шка2 ’ўтулка (у коле)’ (браг., Шатал.). Утворана ад кадушка1 (перанос паводле падабенства), на магчыма больш шырокую геаграфію слова ўказвае брэсц. кадыця ’тс’ (гл. там жа прыклады іншых пераносаў).

Кады́к ’выгнутая храстковая частка гартані ў мужчын’ (БРС, ТСБМ). Паводле даных КЭС, слова ведаюць у розных раёнах Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей, але статус яго ў гаворках няясны. Вядомае рус. мове, дзе лічыцца запазычаннем з тат. kadyk ’моцны, цвёрды, які выступае’, гэта этымалогія часоў Бернекера і Праабражэнскага з’яўляецца прымальнай з-за адсутнасці больш абгрунтаванай. Бел., як можна меркаваць па розных значэннях слова кадык у рус. гаворках ’рот, горла, чэрава і інш.’, з’яўляецца запазычаннем.

Кады́р ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (глус., Янк. 2), кадырчык ’невялікая драўляная дзежачка, завужаная кверху’ (Мат. Маг.). Адзначым, што магілёўскі слоўнік зафіксаваў слова таксама ў Глускім раёне, што вымушае лічыць кадыр вузкарэгіянальным утварэннем. Як і ў іншых выпадках, гэта можа азначаць запазычанне, архаізм або інавацыю. Першае і другое на прычыне адсутнасці паралелей адпадаюць. Для версіі новаўтварэння можна прапанаваць некалькі варыянтаў этымалогіі. Магчыма, кадыр — суфіксальнае ўтварэнне ад асновы кад‑ (гл. кадзь, кадушка) і суфікса ‑ыр, пры дапамозе якога, паводле Сцяцко, Афікс. наз., 127, утвараюцца асабовыя і неасабовыя назоўнікі (націск на суфіксе); дэрываты характарызуюць істоты, прадметы па выразнай прыкмеце: жаўтыр ’птушка жаўтушка (амялушка)’, пустыр ’пустка’. Відавочна, што такую суфіксацыю для слова кадыр можна прыняць толькі па фармальнаму крытэрыю. З семантычнага боку (значэнне ’выдзеўбаная з кавалка дрэва’) перашкоды для такой этымалогіі няма, параўн. палес. кадушка ’выдзеўбаная з кавалка дрэва пасудзіна’. Паводле другога варыянта этымалогіі, кадыр < кадоўб, кадуб ад асновы кад, якая вычленена ў выніку зацямнення і перараскладання структуры гэтых слоў. Такім чынам, лёгка тлумачыцца значэнне слова, аднак застаюцца цяжкасці, звязаныя з семантыкай суфікса. Разглядаць кадыр таксама можна як утварэнне, аналагічнае і паралельнае слову кадоўб. У такім выпадку ка‑ < ко‑ дзеяслоўнага ў назоўніку, а ‑дыр суадносіцца з слав. dirałi. Фанетыку ў бел. слове можна вытлумачыць фармальным уздзеяннем ‑ыр‑суфіксацыі, аднак цяжка ўзгадніць семантыку патэнцыяльнага аддзеяслоўнага кадыр і слав. dьrti. Як магчымыя аналагічныя ўтварэнні можна прывесці рус. асташ., цвяр. кадра ’дрэнь, калі гаварыць аб пэўным саслоўі або класе людзей’. Даль прыводзіў як магчымыя сінонімы падера, падра. Цікавай выглядае магчымасць суаднесці бел. кадыр і бал. дыял. кадра ’кадка’, кадурка ’кадушка’, якое аўтары балгарскага этымалагічнага слоўніка выводзяць ад када ’чан, бочка’, кадра < кадурка з сінкопай ‑у‑, гл. БКР, 3, 129 і 132. Калі прыняць этымалогію балгарскага слова, застаецца магчымасць прывесці яго як словаўтваральна падобнае бел. слову, гл. нашу першую версію.