Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дрозд ’дрозд’ (БРС, Касп., Сцяшк.). Рус. дрозд, укр. дрізд, польск. drozd, чэш. drozd, балг. дрозд і г. д. (агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 126–127). Першапачатковая форма *trozdъ; параўн. ст.-прус. treste, літ. strãzdas, лац. turdus і г. д. Лічыцца словам гукапераймальнага характару. Гл. Фасмер, 1, 541; Трубачоў, там жа.

Дро́нак ’тоўстая палка, якой закрываюць у хляве выхад з дзвярэй; металічны вал, што злучае малатарню з прывадам’ (Сцяц.). Запазычанне (як і дронг ’жэрдка’, гл.) з польск. drąg ’жэрдка і г. д.’ Паколькі drąg вымаўляецца [dronk], то ‑к‑ успрымалася як суфіксальная частка; адсюль форма дро́нак.

Дронг ’жэрдка’ (Сцяшк.), дронг, дронк ’ручка, рубель, падгерац і да т. п.’ (Сл. паўн.-зах.), ’трайня’ (Шатал.). Запазычанне з польск. drąg ’тс’ (польск. слова вядома з XV ст. і адносіцца да прасл. сямейства слоў *drǫgъ: ст.-чэш. drouh, серб. дру̑г, ст.-сл. дрѫгъ і г. д.; гл. Слаўскі, 1, 162). Параўн. ст.-бел. дронжокъ ’металічны прут, жэрдка’ < польск. drążek (бел. слова з XVII ст., гл. Булыка, Запазыч., 102).

Дро́сень, дро́сель, дро́сінь ’драсён’. Гл. драсён.

Дрот ’дрот’ (БРС, Байк. і Некр., Сцяшк., Нас., Касп., Шат., Бяльк. і інш.). Ужо ў ст.-бел. дротъ ’тс’ (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 102). Укр. дріт, рус. дыял. дрот. Запазычанне з польск. drót, drut ’тс’ (а гэта з ням. Draht, с.-в.-ням. drât). Фасмер, 1, 542; Брукнер, 95; Кюнэ, Poln., 51; Бернекер, 1, 221; Слаўскі, 1, 170.

Дро́цік ’від зброі’ (БРС). Запазычанне з рус. дро́тик ’тс’ (у рус. мове слова вядома з 1682 г.). Паходжанне рус. слова не вельмі яснае. Лічыцца запазычаннем з грэч. δόρυ ’кап’ё’. Іншыя шукаюць іранскую крыніцу; агляд версій у Фасмера, 1, 542. Трубачоў (Дополн., 1, 542) тлумачыць рус. слова з *гротик < грот ’дроцік’. Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 195.