Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гігіе́на ’гігіена’ (БРС). Рус. гигие́на, укр. гігієна. Запазычанне з зах.-еўрап. моў (ням. Hygiene, франц. hygiène; першакрыніцай з’яўляецца грэч. мова). Параўн. Шанскі, 1, Г, 68.

Гігі́каць ’гігікаць’ (БРС, Нас., Касп., Шат.), гі́гікі ’смешкі’ (Бяльк.). Укр. гиги́ ’імітаванне гуку смеху, плачу, іржання каня’, гигота́ти, гиготі́ти ’ржаць’. Гукапераймальнае.

Гід ’гід’ (БРС). Рус. гид, укр. гід. Запазычанне з франц. guide ’тс’ (ад іт. дзеяслова guidare ’весці’). Гл. Шанскі, 1, Г, 69.

Гі́дзіць ’гідзіць’ (БРС, Нас., Бяльк.), сюды ж гі́дкі (БРС, Нас., Касп., Бяльк.), гідлі́вы (БРС, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах.), гідо́та (БРС). Адносіцца да групы прасл. слоў *gyditi, *gydъ, *gydъkъ (аб якіх падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 220–221). Параўн. укр. ги́дити, гидкий, гид, рус. ги́дить, ги́дкий, гид, в.-луж. hidźić, чэш. hyd і г. д. Лічыцца роднасным з *gadъ (< *g​ōd(h)). Гл. Бернекер, 1, 374; Фасмер, 1, 405; Трубачоў, Эт. сл., 6, 220, але магчымы і іншыя тлумачэнні.

Гі́дра ’гідра’, ’жывёла з класа паліпаў’ (БРС). Рус. ги́дра, укр. гі́дра. Запазычанне (у бел., магчыма, праз рус. мову) з новай латыні ў першай палавіне XIX ст. Слова ўзнікла на базе лац. hydra ’гідра, вадзяная змяя, міфалагічная жывёла’ (< грэч.). У гэтым значэнні крыніцай рус. слова (> бел.) было ням. Hydra (< лац. < грэч.). Гл. Шанскі, 1, Г, 69–70.

Гіе́на ’гіена’ (БРС). Рус. гие́на, укр. гіє́на. Запазычана ў рус. мове ў XVIII ст. з лац. hyaena або ням. Hyäne (раней у XI ст. было і непасрэднае запазычанне з грэч. мовы — уена). Бел. і ўкр. у новыя часы, відаць, з рус. Параўн. Шанскі, 1, Г, 71–72. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 405.

Гі́ж ’насякомае Oestrus; муха, якая дакучае каровам у гарачыню; іначай зыкоўка’ (Нас.), гіж ’заедзь (авадні, мухі)’ (Бяльк.). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Бел. слова паходзіць з *gyžь, < *gyzjь. Аснова *gyz‑ сустракаецца яшчэ ў назве такога ж насякомага ў бел. (гіз) і н.-луж. мове (gizk). Бел.-луж. *gyz‑ — гэта апафанічная форма (ŭ : ū) да польск. giez ’тс’ (*gъzъ). Лексема гэта толькі зах.- і ўсх.-слав. Роднаснае: літ. gužė́ti ’спяшацца, бегчы натоўпам’, guža ’куча чарвей’. Гл. Слаўскі, 1, 278; Міклашыч, 423; Бернекер, 373; Трубачоў, Эт. сл., 7, 224. Параўн. яшчэ гіжа́ць, гізава́ць, газану́ць. Гл. яшчэ гіз.

Гіжа́ць ’быць надта ўзбуджаным’ (Сцяшк.). Гэты дзеяслоў звязаны з назвай насякомага гіж (гл.). Такая сувязь зразумелая і звычайная. Параўн. у польск. мове giez ’авадзень’, gzić się ’скакаць, бегаць, сваволіць і да т. п.’ (гл. гэта слова ў Слаўскага, I, 387). Сюды ж і гіжува́ць ’бегаць ад укусаў сляпнёў, аваднёў і мух’ (Бяльк.).

Ґіжа́ць ’кішэць’ (Сцяц.), ґіжэ́ць ’кішэць, звінець, гудзець, гаманіць, крычаць’ (Сл. паўн.-зах.). Здаецца, гэтыя словы ўзніклі азванчэннем зычных з кішэць (гл.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 224), бел. дыял. гіжа́ць з’яўляцца ітэратывам-дуратывам на ‑jati ад дзеяслова *gъziti (з падаўжэннем ъ > у).

Гіжува́ць ’бегаць ад укусаў сляпнёў, аваднёў, мух’. Гл. гіжа́ць.

Гіз1 ’муха-сляпень’ (БРС, КЭС). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 224), можна рэканструяваць прасл. *gyzъ ’сляпень’ на аснове бел. гіз, польск. дыял. giz і н.-луж. gizk ’тс’. Слова *gyzъ роднаснае быццам з *gъzъ (> польск. giez). Але параўн. гіз2, гіж.

Гіз2 ’гізаванне’ (Сцяшк.). Як ад гіж ’авадзень’ утвораны дзеясловы гіжа́ць, гіжува́ць (гл.), так і ад гіз ’авадзень’ утвараюцца гіз ’гізаванне’ (параўн. і польск. giez ’авадзень’, giez ’гізаванне скаціны’), гізава́ць (БРС, Касп., Шат., Сцяшк.), гізыва́ць (Бяльк.). Праўда, можна ставіць пытанне: ці гіз не запазычана з польск. giez? Аб гэтым можа сведчыць і дзеяслоў ґізануць ’пабегчы, гізануць’, засведчаны ў Сцяшк. з выбухным ґ. Дзеяслоў гізава́ць Сл. паўн.-зах. лічыць запазычаннем з літ. gizúoti ’тс’; няпэўна. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 224.