Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гез ’сляпні, авадні’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. giez ’тс’ (гл. Сл. паўн.-зах.). Да польск. слова гл. Слаўскі, 1, 278.

Гекта́р ’гектар’ (БРС). Рус. гекта́р, укр. гекта́р. Запазычанне (праз рус.) з франц. hectar. Шанскі, 1, Г, 46.

Ге́незіс ’генезіс’ (БРС). Рус. ге́незис, укр. ге́незис. Першакрыніца — грэч. γένεσις ’тс’. У рус. мове слова запазычана непасрэдна з англ. або ням. мовы. Бел. і ўкр. лексемы, відавочна, з рус. Параўн. Шанскі, 1, Г, 50.

Генера́л ’генерал’ (БРС). Рус. генера́л, укр. генерал. У гэтым значэнні запазычанне (у бел. і ўкр. мовах, магчыма, праз рус.) з ням. General < франц. général. Параўн. Фасмер, 1, 401; Шанскі, 1, Г, 50. Ст.-бел. генералъ, енералъ, еноралъ ’судовы выканаўца’ < ст.-польск. jenerał, generał (< ням.); гл. Булыка, Запазыч., III.

Генера́льны ’генеральны’ (БРС). Рус. генера́льный, укр. генера́льний ’тс’. Запазычанне з польск. generalny < лац. generalis. Падрабязна Фасмер, 1, 401; Шанскі, 1, Г, 51.

Гене́тыка ’генетыка’ (БРС). Рус. гене́тика, укр. гене́тика. Запазычанне (праз рус. гене́тика) з англ. genetics ’тс’ (< грэч.) з пераафармленнем па тыпу бата́ніка, гідра́ўліка і г. д. Гл. Шанскі, 1, Г, 51.

Ге́ній ’геній’ (БРС). Рус. ге́ний, укр. ге́ній. Бел. і укр., магчыма, непасрэдна з рус. Рус. (старое) гениус, гений з лац. genius або з ням. Genius (< лац.); форма гениуш — з польск. geniusz (< лац.). Гл. Фасмер, 1, 402; Шанскі, 1, Г, 52 (з удакладненнем паходжання форм).

Гера́льдыка ’геральдыка’ (БРС). Рус. гера́льдика, укр. гера́льдика. Непасрэднай крыніцай запазычання з’яўляецца польск. heraldyka < ням. Heraldik < франц. Шанскі, 1, Г, 57.

Гера́нь ’герань’ (БРС). Запазычанне з рус. гера́нь ’тс’, якое ўзята з ням. Geranium, Geranie (< лац.) або прама з лац. geranium. Фасмер, 1, 402; падрабязна Шанскі, 1, Г, 58.

Герб ’герб’ (БРС). Рус. герб, укр. герб. Ст.-бел. гербъ, гэрбъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. herb (першакрыніцай з’яўляецца с.-в.-ням. erbe ’спадчына’). Фасмер, 1, 402; Шанскі, 1, Г, 58; Слаўскі, 1, 415.