Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вя́звэнка ’цёплая хустка’ (Шатал.). Да вяза́ць, дакладней да дзеяслоўнай асновы вязв‑ (параўн. звя́зваць і да т. п.).

Вя́зень. Ст.-бел. вязень ’вязень, палонны’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. (старое) вя́зень, укр. вʼя́зень, польск. więzień, чэш. vězeň. Параўн. ст.-рус. вѧзити ’быць палонным, звязаным’, ст.-укр. вязити, рус. дыял. вязи́ть ’засадзіць каго-небудзь (у турму)’, польск. więzić, ст.-чэш. věziti. Але можна таксама меркаваць, што вя́зень запазычана з польск. więzień (так Булыка, Запазыч., 75).

Вязы́ ’ашыек’ (Шатал.). Рус. дыял. вя́зы, укр. вʼя́зи, чэш. vaz, славац. väzy. Відаць, утварэнне ад *vęzati ’вязаць’ (*’тое, што звязвае галаву з тулавам’). Параўн. Фасмер, 1, 374.

Вя́зьмін ’жасмін’ (Др.-Падб., Гарэц., Яруш.). Дыялектная форма (з пратэтычным в‑) слова язмі́н (гл.), запазычанага з польскай мовы. Да фанетыкі параўн. вядва́бны < ядва́бны, вярмо́ < ярмо́.

Вязьмо́ ’скрутак з саломы’ (Касп., Нас., Бяльк.). З *vęzьmo (да *vęzati ’вязаць’, суф. *‑ьmo).

Вя́каць (БРС, Касп., Нас., Бяльк.). Рус. вя́кать ’тс’. Параўн. серб.-харв. вѐкнути ’бляяць’, славен. vékati ’крычаць, скардзіцца’. Мабыць, гукапераймальнае (так Фасмер, 1, 375; там і агляд іншых версій).

Вялаве́ц ’куст ядлоўцу’ (Сцяшк. МГ). Сюды адносіцца і вялаўцы́ ’кустоўнік, кусты’, вілашнік, вілава́чаннік, вілава́чанне (Яшк.). З ялаве́ц, а гэта, відаць, з польск. jałowiec ’ядловец’. Гл. ядло́вец.

Вяле́бны ’хвалебны; прападобны’ (Нас.), вяле́бнасць (Нас.). Ст.-бел. велебный, велебность (з XV ст.; Булыка, Запазыч.). З польск. wielebny, wielebność ’тс’ (Кюнэ, Poln., 113; Булыка, Запазыч., 59). Параўн. ве́льбіць.

Вяле́ць ’загадаць’ (Бяльк.). Рус. веле́ть, укр. велі́ти, ст.-рус., ст.-слав. велѣти, чэш. veleti, балг. ве́ля, серб.-харв. вѐљу, славен. veléti. Прасл. *velěti, *velʼǫ. Гэта аблаутная форма да *volʼa. Роднаснае літ. vélti ’хацець’, ст.-інд. vr̥ṇā́ti ’выбірае’, лац. volō ’хачу’ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 288; Траўтман, 348.

Вялі́кі (БРС, Касп., Бяльк.). Шмат вытворных з рознымі суфіксамі: вялі́зны, вялі́зазны (Шат.), вялі́зарны ’тс’ (Шат.). Ст.-рус., ст.-слав. великъ, рус. вели́кий, укр. вели́кий, чэш. veliký, velký, польск. wielki, балг. вели́к, серб.-харв. ве̏лак і г. д. Прасл. *velikъ, а гэта ад прасл. *velьjь ’тс’. Этымалогія ўсёй групы слоў не вельмі ясная, ёсць многа версій. Агляд гл. Фасмер, 1, 289.