Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́кід ’тое, што выкінута’ (КТС), спарт. ’выкідванне, выцягванне рэзкім рухам’ (БРС), вы́кіды ’выбрыкі’ (Бяльк.). Бязафіксныя вытворныя ад выкідваць; параўн. рус. вы́кід ’дрэва, хлам, што вада выкінула на бераг’, вы́кіды ’штукі, выбрыкі’ з’яўляецца вынікам семантычнай кандэнсацыі словазлучэння выкідываць штукі (выбрыкі, крэндзязюліны і г. д.).

Выкіда́нка ’стаўная аднасценная або трохсценная сетка’ (Крыв.). Утварэнне ад выкіданы пры дапамозе суф. ‑ка. Апошняе да выкідаць.

Вы́кідаць (БРС, Шат., Касп., Яруш., Бяльк.), вы́кідацца ’стараннай працай, руплівасцю выйсці з цяжкага становішча’; ’вырасці ў беднасці’; ’акрыяць’ (Янк. III); ’вырасці, выхавацца’; ’перанесці, перажыць пэўны час’ (Шат.), законч. трыванне выкінуцца ’нечакана з’явіцца’ (КЭС, лаг.). Гл. кідаць. Значэнне ’акрыяць’ або калька з літ., параўн. pasitaisýti ’акрыяць, паправіцца’ і taisýti ’выкідваць (штукі)’, або вынік незалежнага развіцця семантыкі дзеясловаў з прыстаўкай вы‑ і са значэннем руху знутры, якія вельмі часта набываюць пераносныя значэнні ’выйсці з цяжкага становішча, пазбавіцца ад бяды’; ’вырасці (у беднасці)’ і г. д.; параўн. выкачацца, выкруціцца.

Вы́кідыш (БРС, Касп.). Рус. вы́кидыш. Утворана з дапамогай суф. ‑ыш ад выкід (гл.) (Шанскі, 1, В, 224). Магчыма ўтварэнне і ад асновы дзеяслова выкідаць з тым жа суфіксам.

Выкіса́ць ’вымакаць (аб гародніне)’ (Выг. дыс.). Да кіснуць (гл.).

Вы́кіцяць ’вымазаць, выпацкаць’ (Клім.). Укр. киця́ти ’ўдараць’; ’у гульні ў жмуркі дакранацца да каго-небудзь, пасля чаго ён пачынае вадзіць’, польск. kicać дрыгаць, скакаць (звычайна аб дробных жывёлах)’, kic! ’выклічнік для адгону жывёлы’. Гукапераймальнае (Брукнер, 226).

Вы́клад ’выказванне, выкладанне’ (БРС); ’форма посуду’ (Вярэн.), выкла́ды ’закладная тэхніка ўзорнага ткання, у якой дадатковыя каляровыя ўткі ткуць толькі частку ўзору, але не ідуць ва ўсю шырыню палатна’ (Влад.). Рус. дыял. вы́клад ’вышыўка’, вы́кладь ’каляровае тканнё звычайна чырвонымі ніткамі па беламу полю’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выкладаць. У першым значэнні можа быць семантычным запазычаннем з польск. wykład ’тс’.

Выклада́нне ’выманне’; ’выказванне думкі’; ’абучэнне, навучанне’ (БРС); ’спосаб ткання посцілак, калі кожны ўзор выкладаецца’ (З нар. сл.), выклода́нје ’закладная тэхніка ўзорнага ткання’ (Влад.). Да выкладаць (гл.). Параўн. выклад.

Выклада́ць ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ (БРС, Гарэц., Яруш., Касп.), ’вымаць’ (БРС, Нас., Гарэц.), ’выказваць (думку), тлумачыць’ (БРС, Нас., Гарэц., Яруш.); ’кастрыраваць’ (Юрч., Шатал.), выклада́ти ’ткаць тэхнікай узорнага ткання’ (Влад.). Гл. кладу, класці. У значэнні ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ слова з’яўляецца калькай рус. излагать (Крукоўскі, Уплыў, 149); мяркуюць (Гіст. мовы, 2, 142), што значэнне ’выказваць (думку)’ — таксама калька рус. дзеяслова, але хутчэй гэта семантычнае запазычанне з польск. wykładać ’выказваць, тлумачыць’, на што можа ўказваць фіксацыя гэтага значэння ўжо ў Насовіча.

Вы́кладка (БРС, Бяльк.). Рус. вы́кладка, укр. ви́кладка, чэш. výkladka. Да выкладаць пры дапамозе суф. ‑ка.