Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́дзірак1 ’ачышчанае ад карчэўя і кустоў поле’ (Сцяшк.); ’цалінны ўчастак, які ўпершыню прыараны да поля’ (Яшк., стол.), вы́дзеркі ’поле сярод лесу на месцы аблогі’ (Яшк., нясвіж.), вы́дзеркі, ву́дзеркі ’ўпершыню апрацаваны ўчастак зямлі’ (Шатал.). Да выдзіраць, драць. Параўн. выдзёр, выдранка.

Вы́дзірак2 ’выступ з печы, на якім можна сесці’ (Янк. I). Да выдзіраць(цца) (гл.).

Выдзіра́ць ’выдзіраць, вырываць, выцягваць’ (БРС, Касп., Яруш., Бяльк.); ’упершыню апрацоўваць участак зямлі’ (Выг. дыс., палес.), выдзіра́цца ’насміхацца, дражніцца’ (Шатал.). Гл. драць, дзерці.

Выдзі́рства ’грабежніцтва, прыгнёт’ (Нас.). Запазычанне з польск. wydzierstwo ’тс’. Параўн. ст.-бел. выдерца ’мучыцель’, таксама запазычанне з польск. (Булыка, Запазыч., 73).

Вы́длыж ’уздоўж; звыш меры’ (Касп.). Запазычанне з польск. wzdłuż ’уздоўж’.

Вы́дма ’дзюна, пясчаны ўзгорак’ (БРС), вы́дзьма ’тс’ (Яшк., капыл.); ’частка засеянага поля, занесеная пяском, пясчанае поле’ (Выг. дыс., малар.). Укр. вы́дма ’пясчанае месца, з якога ў ветраную пагоду заносіць пяском суседнія палі’, польск. wydma ’дзюна, асабліва на марскім беразе; месца, занесенае пяском’, каш. vidma ’гарыстае і неўрадлівае поле’. Да дзьмуць, выдзьмуць (гл. Брукнер, 86). Форма выдма (параўн. рэгулярнае выдзьма ад выдзьмуць) можа быць і запазычаннем з польск. wydma. Параўн. яшчэ польск. dmy ’дзюны’ ад таго ж кораня.

Вы́дра1 ’жывёла, Lutra vulgaris’ (БРС, Нас., Бес.). Рус. вы́дра, укр. ви́дра, ст.-рус. выдра, польск. wydra, в.-луж. wudra, н.-луж. hudra, чэш., славац. vydra, серб.-харв. ви̏дра, славен. vídra, балг., макед. ви́дра. Роднасным з’яўляецца літ. ū́dra ’выдра’, ст.-прус. wudro, лат. ûdris, ст.-інд. udráḥ ’вадзяная жывёла’, авест. udrā‑ ’выдра’, грэч. ὕδρος, ὕδρα ’гідра, вадзяная змяя’, ст.-ісл. otr ’выдра’, ст.-в.-ням. ottar ’тс’. Назва ўтворана ад назвы вады; параўн. грэч. ὕδωρ ’вада’, рус. вада (Траўтман, 334; Вальдэ, 449; Фасмер, 1, 367; Шанскі, 1, В, 222).

Вы́дра2 ’хітры, пранырлівы чалавек’ (Нас., Мат. Гом.). Пераноснае значэнне выдра1, але не выключана магчымасць і ўтварэння ад выдраць, выдзіраць; параўн. вырва.

Вы́дранка ’поле сярод лесу на месцы аблогі’ (Яшк., слаўг.); ’упершыню апрацаваны ўчастак зямлі’ (Шатал.). Ад залежнага дзеепрым. выдраны (< выдраць) з суф. ‑ка. Параўн. выдзер, выдзеркі.

Вы́дранчыць ’высцебаць’ (Шат.). Запазычанне з польск. wydręczyć ’вымучыць, высцебаць, выціснуць’.

Выдру́к ’выдранё’ (Сцяшк.). Ад выдра1 пры дапамозе суф. ‑ук, які ў гэтай словаўтваральнай катэгорыі можа быць літоўскім па паходжанню (Гл. Балто-слав. сб., 381–382).

Выдрэ́ць ’рабіцца смялей, станавіцца дзёрзкім’ (Нас.). Ад выдра2 ’пранырлівы, хітры чалавек’.